Знайсці
09.02.2024 / 18:045РусŁacБел

«У мяне гематома ў мозгу засталася з таго часу». Ахвяра сілавікоў расказала, што ў яе цяпер з жыццём і здароўем

У 2020 годзе фота гамяльчанкі Марыі Зайцавай абляцелі ўсе СМІ. Дзяўчына была цяжка параненая на пратэстах, доўгі час была ў рэанімацыі і лячылася, а пасля далечвацца паехала ў Чэхію. Вярнуцца на радзіму яна ўжо не змагла, у Беларусі нарасталі рэпрэсіі. Выданне «Штодзень» распытала ў Марыі, як яе змяніў 2020 год, ці змагла яна аднавіцца пасля траўмаў і што загадала на дзень народзінаў.

Марыя Зайцава. Фота: ПЦ «Вясна»

— Як атрымалася, што вы 9 жніўня 2020 года прыехалі ў Мінск?

— Я ўдзельнічала вясной 2020 года ў лакальных гомельскіх пратэстах салідарнасці, якія праходзілі каля цырка. Потым я прагаласавала на сваім участку ў дзень выбараў, і мы з маім сябрам вырашылі, што нам ёсць сэнс паехаць у Мінск. Таму што калі будзе маштабны пратэст, то ён будзе менавіта там. Мы так думалі, мы так адчувалі, таму паехалі.

І калі мы даехалі, пратэст і праўда здарыўся. Быў адключаны інтэрнэт, сувязь. Мы даведаліся пра вынікі выбараў ужо з натоўпу. Нехта крыкнуў, што Лукашэнка набраў 80%. І ўсё адбылося.

Я, мой сябра і ягоны брат, невялікая кампанія сабралася вакол нас. Мы ўсе былі разам з натоўпам. Падаецца, гэта было перакрыжаванне Машэрава і Пераможцаў. Мы накіроўваліся да Стэлы, мы бачылі яе наперадзе і ведалі, што там будзе збірацца вялікі натоўп. Мы не дайшлі, бо перакрыжаванне было перакрыта, там быў кардон міліцыі.

Пратэст быў мірным, таму ўсё, што мы маглі рабіць, гэта прасіць апусціць шчыты і прапусціць нас. Менавіта гэта мы і рабілі. Такі быў план. Зразумела, што нічога не атрымалася, нічога не спрацавала. Нас закідалі святлошумавымі гранатамі, я адразу згубіла прытомнасць, мяне параніла ў галаву, я была кантужаная.

Мае сябры адцягнулі мяне ад дарогі, яны таксама былі параненыя, пасечаныя аскепкамі. Нейкім чынам у мяне яшчэ ў сцягне апынуліся тры гумовыя кулі. Напэўна, гэта адбылося ўжо тады, калі я згубіла прытомнасць. Хіба што я выглядала вельмі небяспечнай на зямлі.

Прачнулася я ў рэанімацыі.

25 жніўня 2020 года. Стыхійная дошка ганьбы ля гомельскай гімназіі №46, дзе вучылася Марыя. Фота з інтэрнэту

Недзе 1,5 месяца я правяла ў Мінску ў шпіталі, пасля гэтага я паехала ў Чэхію. Я не планавала эміграцыю, хацела толькі атрымаць лячэнне, якое мне прапанавалі.

Дапамогай тады займалася чэшская медыцынска-гуманітарная праграма MEDEVAC, якая эвакуюе параненых людзей з небяспечных зонаў. У той час гэта была Беларусь. Яны вывезлі нейкую колькасць беларусаў, адна з іх была я. Я планавала зрабіць аперацыю, таму што я больш не магла чуць на адно вуха. Пасля гэтага я хацела вярнуцца ў Беларусь.

Я хацела вярнуцца, бо да гэтага часу верыла, што пратэсты змогуць нешта змяніць, і я проста чакала, чакала і чакала. Пакуль не вырашыла ў 2021 годзе атрымаць «абарону», бо разумела, што мне няма сэнсу заставацца на візе і, відавочна, не атрымалася, чаго мы чакалі. Гэта не было маім планам застацца, але мне давялося, бо я не магла ўжо вярнуцца.

— Як ваш стан цяпер? Наколькі атрымалася аднавіцца ад тых траўмаў?

— Практычна ні на колькі. Я нядаўна рабіла даследаванне, у мяне гематома ў мозгу засталася з таго часу. Яна ўплывае на маю памяць, гэта не вельмі моцна перашкаджае мне жыць. Я магу, напрыклад, забыць, што я рабіла ўчора раніцай ці што ела ўвечары. Не столькі моцна гэта псуе якасць жыцця, але ў цэлым непрыемна. Я ўсё яшчэ глухая на адно вуха.

Са слыхам гэта на ўсё жыццё, але я магу атрымаць слыхавы апарат. Хаця я настолькі звыклася існаваць з адным вухам, якое чуе, што мне ён не надта і патрэбны. Я магу нешта не пачуць сваім здаровым вухам, але ў цэлым мяне ўсё задавальняе.

А мая памяць, мая гематома ў мозгу… Думаю запісацца да лекара па гэтым пытанні. Магчыма, давядзецца рабіць аперацыю ці нешта такое. Але і гэта не вельмі моцна перашкаджае мне жыць. Я не паміраю праз гэта.

— Ці стала Чэхія для вас новым домам за гэты час?

— Я б не сказала. Тут утульна, Еўропа, вельмі спакойна. Але я ні кроплі не магу назваць гэта домам, гэта чужое мне месца. Я не планавала быць эмігранткай, я гэтага не хацела, але я засталася, бо куды мне цяпер вяртацца. Я знаходжуся тут, бо я павінна тут знаходзіцца і не магу быць там проста цяпер. Не думаю, што я б хацела заставацца ў Чэхіі на ўсё жыццё.

— Улічваючы вашу сітуацыю, ці бачыце вы магчымасць сёння дапамагаць палітзняволеным, тым, хто застаўся ў Беларусі?

— Я чула, што шмат якія дыяспары беларусаў дапамагаюць палітзняволеным, тым, хто ў нядолі, нам дапамагалі, калі нас параненых вывозілі. Я асабіста не знаходжу ў сябе рэсурсу, якім бы я магла б падзяліцца з палітзняволенымі. Бо я не сядзела ў турме, не была нават на сутках. Мяне адразу ўпакавалі ў «хуткую», я не ведаю, што я магла б ім сказаць, чым падтрымаць. Я калі не магу вырашыць праблему, то не ведаю, чым яшчэ дапамагчы.

Я насамрэч спрабавала напісаць палітвязням лісты, але што мне ім сказаць, што ўсё будзе добра? Я сама сяджу ў эміграцыі і не ведаю, калі я вярнуся дадому. Але я даначу на Узброеныя сілы Украіны, нядаўна закінула на «каліноўцаў». Гэтых хлопцаў я разумею, у мяне там служыць сябра. Я да таго ж нейкі час была валанцёрам у цэнтры дапамогі ўцекачам-украінцам. Таму што я разумею, як гэта быць уцекачом. Я не ведаю, як гэта сядзець у турме, але я ведаю, як не мець магчымасці вярнуцца дадому. Таму нейкі час я працавала, займалася засяленнем уцекачоў у Чэхіі.

— Ці змяніў вас жнівень 2020 года?

— Зразумела, што мяне гэта змяніла вельмі моцна. Мяне да гэтага часу трохі зжырае ПТСР (посттраўматычны разлад). Я не магу сваё жыццё больш не звязваць з Беларуссю.

Калі не з Беларуссю, то я не ведаю, з чым яшчэ. Бо я аддала здароўе за гэта. І я праўда верыла ў нашу ідэю, і я вельмі хачу, каб у маёй краіны ўсё атрымалася. Я хачу гэта пабачыць і вярнуцца туды.

— Што б вы сказалі, каб маглі паразмаўляць з сабой тагачаснай?

— Хіба не сабе, а ў цэлым усім беларусам. Таму што я наіўна верыла ў мірны пратэст. Мы наіўна верылі ў яго… Каб мы не спынялі тых, хто кідаў бутэлькі і не крычалі на іх: «Правакатары!» — можа быць, атрымалася б зусім па-іншаму. Калі б мы давалі адпор, а не прыходзілі з кветкамі.

Калі я ляжала ў шпіталі, я не разумела кветкі. Мяне параніла ў першую ж ноч пратэстаў, і калі я ўжо нічога не магла зрабіць і ляжала ў рэанімацыі, я ўвогуле не разумела, што я бачу ў навінах. Пасля таго, як у першую ж ноч столькі людзей пацярпела, загінуў Аляксандр Тарайкоўскі. Я не разумела гэтыя кветкі.

Ладна першая хваля, самыя новенькія, мы не бачылі старых пратэстаў. Мне было 19 год, я прыйшла і праўда падумала, што мы можам нешта змяніць, сказаўшы не. Я атрымала па галаве, чаму не зразумелі адразу ж пасля гэтага, што трэба абраць іншы метад — гэта крыўдна. Магло быць па-іншаму.

— За гэты час ці сустракаліся вам людзі, якім вам хацелася б сказаць дзякуй?

— Так, шмат. Па-першае, Крысціна Шыянок, якая актыўна займалася ініцыятывай MEDEVAC. Дзякуючы ёй, вельмі шмат людзей змаглі тут пачаць новае жыццё, а не сядзець па турмах у Беларусі. Яна і да гэтага часу робіць вельмі шмат важных спраў.

Дзякуй усім тым беларусам, якія проста цяпер знаходзяцца ва Украіне, тым беларусам, якія падтрымліваюць палітзняволеных — я не ведаю, што я магла б сказаць тым, хто за кратамі і паважаю тых, хто гэта робіць за мяне.

Дзякуй усім тым, хто працягвае рабіць хоць нешта.

— У вас адносна нядаўна быў дзень народзінаў. Можа быць, ёсць жаданне, якое вы загадалі ў гэты дзень?

— Кожны год я жадаю аднаго і таго ж. Я проста хачу вярнуцца дадому. У той дом, які я змагу назваць менавіта ім. Напэўна, той дом, дзе на вуліцы будуць не чырвона-зялёныя сцягі, дзе я не буду баязліва азірацца на міліцыю і на бусы з чорным шклом.

Чытайце таксама:

«Суразмоўцы спрабуюць стварыць ілюзію, што яны на маім баку». Беларусы расказалі, як праходзілі допыты на мяжы

Былы чыноўнік расказаў, як працаваў у выканкаме, не паехаў на мітынг за Лукашэнку і за што хацеў бы выбачыцца

Не патрэбная трэнажорка і можна знайсці скарбы. Гродзенскі рок-музыка расказаў, як уладкаваўся на смеццявоз у Польшчы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
41
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
81
Абуральна
19
1
Заходні Беларус/адказаць/
09.02.2024
Жыве Беларусь! Слава Украіне! Смерць расейскім акупантам і лукашыстам, пасобнікам вайны супраць беларускага народа і братняга народа Украіны. Прыйдзе час - усе згінеце ў полымі народнага гневу і помсты за здзекі і кроў бязвінных.
1
Мста-Б/адказаць/
09.02.2024
Мы не даруем ні рускім ні лукашыстам 2020 ніколі. 
1
Зброя./адказаць/
09.02.2024
З таго моманту пачалася расейская фашысцкая акупацыя Беларусi, забойствы i калечаннi грамадзян. Шлях у нас толькi адзiн цяпер.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031