Знайсці
21.02.2024 / 13:392РусŁacБел

Дзяўчына хацела абыграць казіно. Яна ўлезла ў сумнеўную справу і страціла $1234

Вікторыя натрапіла на рэкламу працы анлайн у інстаграме са штодзённымі выплатамі. Праз нейкі час ёй прыйшлі падрабязнасці пра сутнасць працы. Прапанавалі (усяго толькі) абыграць анлайн-казіно, кіруючыся пэўнымі стратэгіямі. Onliner.by расказвае, чым скончылася справа.

Ілюстрацыйнае фота

«На тое яно і казіно, каб не рандомна тыкаць на кнопачкі, а старацца абапірацца хоць бы на нейкую логіку і тэорыю імавернасцяў», — падумала дзяўчына. Бо рабіць стаўкі ў пэўнай паслядоўнасці не забаронена законам. Яна ўвязалася ў гэтую авантуру, забыўшыся пра залатое правіла: казіно заўсёды ў плюсе, тым больш калі яно створана ашуканцамі.

— Супакоіла, што не трэба даваць ніякую асабістую інфармацыю, і трыгернула, што гэта была магчымасць падзарабіць грошы ў даволі складаным на той момант фінансавым становішчы. А, як вядома, людзі, якія займаюцца такімі схемамі, ведаюць, на якія болевыя і ўразлівыя кропкі ціснуць, да таго ж я часам даволі даверлівая і наіўная ў пытаннях, калі стаіць вострая неабходнасць у чым-небудзь.

Куратар Ева скінула камбінацыі, Вікторыя па іх і гуляла. Перамогі былі не 100%, але баланс рос. Окей, грошы зарабілі, як выводзіць? Тут і пачаліся праблемы.

— Як толькі ўсё было выканана, мне неабходна было папоўніць баланс на сайце на мінімальную суму $20, па словах куратара. Далей пры спробе вываду сродкаў з'явілася паведамленне аб тым, што для актывацыі другога крыптарахунку (таму што першы — гэта рахунак Евы, на які частка сумы яна і вывела) неабходна папаўненне на $100. Пракансультавалася з Евай, дакінула яшчэ $81. Затым ужо ў падтрымцы напісалі, што, аказваецца, плацёж трэба было здзейсніць адной транзакцыяй. Тут у мяне пачалі закрадвацца думкі: «дзіўна, а як гэта так, што загадкавая Ева гэтага не ведала, бо яна ж даўно працуе з гэтай платформай». Але чамусьці я вырашыла слепа весціся далей. Папоўніла баланс сайта яшчэ на $100.

Заяўка на вывад сродкаў змяніла статус на «чаканне». Але, на жаль, праз абяцаных 15-30 хвілін нічога не адбылося. Вікторыя напісала ў падтрымку. А яны ёй там нешта накшталт: «сума вываду перавышае $1200 (было $1212), плаціце яшчэ падатак 13%».

— Я зноў павялася, ну сапраўды, бо падаткі на выйгрышы ў казіно такія ж, як падаходны. Плюс знаёмыя, хто гуляў у анлайн-казіно, казалі, што падатак аплачваецца праз сам жа сайт. Адзінае, што збянтэжыла, чаму гэта асобным рахункам, а не спісваецца аўтаматам з сумы вываду. Аплаціла падатак $168. Усё быццам бы выдатна. І тут на пошту прыходзіць паведамленне нібыта з банка. Дзіўны быў адрас электроннай пошты, але ж такі банк існуе. Кажуць, маўляў, не могуць завяршыць транзакцыю, пакуль гулец не аплаціць мерчантаў. Так і не зразумела, што гэта і навошта. Але з улікам таго, колькі было ўжо грошай укінута ў гэта «дабро», хвалявала ўжо пытанне не заробку, а вяртання сваіх. Так і так, аплаціла мерчантаў $195.

«Здаць» Еву за $4000

Затым здарылася самае нечаканае: напісаў нейкі Андрэй Уладзіміравіч, кіраўнік аддзела бяспекі казіно, з абвінавачваннямі ў спробах абыграць яго кампанію па схемах нейкай дзяўчыны, за якой яны доўга палююць. А яна асабліва і не хавалася, раз рэкламу ў сацсетцы пускала. Мужчына выйшаў з прапановай здаць Еву за ўзнагароду ў $4000.

— Я ёй сказала пра гэта. Яна пачала казаць, што некалькі супрацоўнікаў сутыкнуліся за апошнія два тыдні з такой жа сітуацыяй. Трэба проста выканаць усе патрабаванні — »і будзе вам шчасце». Дык яшчэ і $4000 прапанавалі. Ну ок, раз Ева сказала, то чаму б і так. Я скінула інфармацыю і неяк спрабавала дамовіцца, каб мне проста вярнулі ўсю суму, што я ім за тыдзень скінула, без усіх гэтых бонусаў. У выніку стварылі асобны рахунак з сумай $4000, але зноў падатак 13%: усё ж «па законе».

Пры гэтым я раз пяць у падтрымцы перапытала, а ці не трэба будзе папаўняць баланс, аплачваць мерчантов зноў? Запэўнівалі, што той самы Андрэй Уладзіміравіч асабіста пракантралюе, каб усё было ў ажуры. Я, натуральна, усё гэта мільярд разоў паставіла пад сумнеў. Што ж гэта за казіно такое, дзе паспяваюць адсачыць стаўкі ўсіх гульцоў, дзе не папярэджваюць пра ўсе правілы выплат адразу, а робяць гэта крок за крокам, і, самае галоўнае, чаму палову першапачатковай сумы без праблем вывелі на кашалёк гэтай Евы? Усё гэта пыталася ў падтрымцы, але вось здолелі яны пісьменна абыйсці ўсе пытанні, што зноў сумневы развеяліся.

Больш за ўсё здаровы сэнс у галаве Вікторыі зацямніла жаданне вярнуць свае ўкладзеныя грошы. Яна зноў аплаціла падатак, на гэты раз $520, і яшчэ суму, якая падаражала да $250. Тут яшчэ падвярнуліся сябры, якія ўсё як адзін сказалі: «Хто не рызыкуе, той не п'е шампанскага», і дакучлівая думка ў галаве: «Трэба ісці да канца, абы вярнуць свае $984».

— Ужо ну зусім трызненне сталі пісаць у падтрымцы, нібыта сума вываду для лакацыі па заканадаўстве не павінна перавышаць баланс у два разы. Насамрэч, дзіка цікава, што б яны там далей прыдумлялі, але грошай стала шкада. Я цяпер у даўгах як у шаўках. Адчуванне, быццам сама развяла людзей, якія мне пазычалі грошы.

Злы жарт са мной адыграла жаданне давяраць людзям. У махляроў ёсць прадуманыя адказы на ўсе падступныя пытанні. Разам: мінус $1234, выдаткаваны час, нервы і падбітая самаацэнка. Без паняцця, як выкручвацца цяпер, але чамусьці нават весяліць гэтая сітуацыя. Пайду працаваць над сабой, каб больш не ўляпвацца ў падобныя гісторыі, — заканчвае гераіня.

Чытайце таксама:

«Усяго за 20 еўра я дапамагу «забыцца» знойдзеную інфармацыю». З'явілася махлярская схема ці правакацыя, магчымая толькі ў Беларусі

Махляры сталі падманваць беларусаў праз дактароў

На мінчука махляры аформілі два анлайн-крэдыты. Ён пайшоў у суд і перамог

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
4
0
Влад/адказаць/
21.02.2024
Сказка про "Суп из топора" . Один в один!
2
Мінак/адказаць/
21.02.2024
У маім разуменьні цяжкае фінансааае становішча - гэта калі ў цябе 20 рублёў засталося і дзе браць грошы, невядома. А калі ў цябе свабодна $1000 боўтаецца на рахунку, то тут ужо пытаньне... Увогуле, усё лагічна. Калі ня ўмееш думаць, то інтэрнэт мусіць абыходзіцца даражэй.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930