Знайсці
24.02.2024 / 00:4618РусŁacБел

«Лукашэнка пры распадзе Расіі накладзе лапу на ядзерны арсенал». Расійская апазіцыя правяла з'езд у эміграцыі РЭПАРТАЖ

На Форуме свабоднай Расіі ў Вільні абмяркоўвалі «баязлівых заходніх палітыкаў», марылі пра расійскі корпус ва Украіне і разважалі, ці можна Гіркіна лічыць палітвязнем. «Наша Ніва» пабывала на мерапрыемстве, каб паслухаць, што турбуе расійскіх апазіцыянераў у эміграцыі пасля смерці Навальнага і напярэдадні выбараў.

Скрын трансляцыі форуму

«А Гіркін-Стралкоў палітвязень?»

Свой форум расійская апазіцыя ў выгнанні праводзіць у цэнтры Вільні. У холе будынка — банэр з кюар-кодам на збор для Украіны. У чарзе на рэгістрацыю палітыкі і журналісты абмяркоўваюць, хто ў якой краіне цяпер жыве.

Форум пачалі з хвілін маўчання. Першая — у памяць аб загінулых у вайне ва Украіне, другая — каб ушанаваць Навальнага. Яго смерць, здаецца, — галоўная тэма ліберальнай часткі расійскага грамадства.

Селебрыці запісваюць звароты да ўладаў з патрабаваннем выдаць цела Навальнага (выступіла нават пісьменніца Святлана Алексіевіч), людзей арыштоўваюць за кветкі на стыхійных мемарыялах.

Але на гэтым форуме палітыкі пра Навальнага амаль не згадваюць. Як жартуюць (ці не), Гары Каспараў галоўным апазіцыянерам лічыць сябе.

Тут варта ў некалькіх словах патлумачыць кантэкст. Форум свабоднай Расіі з 2016 года праводзяць расійскія апазіцыянеры, якія даўно жывуць у выгнанні. Заснавалі яго Гары Каспараў і Іван Цютрын. Апазіцыя ўнутры Расіі да форуму ставілася скептычна, каманда Навальнага ніколі ў ім не ўдзельнічала.

Беларускіх палітыкаў сёлета там заўважана не было.

У кулуарах Навальнага абмяркоўваюць. Цікаўлюся, ці будуць расейцы гатовы прызнаць яго жонку Юлію апазіцыйным лідарам. Журналісты лічаць, што так: на фоне вайны ў жанчыны якраз лепшыя шанцы, бо людзі хочуць большай чалавечнасці.

У сувязі з выбарамі, якія пройдуць 17 сакавіка, згадвалі акцыю «Апоўдні супраць Пуціна» — да яе заклікаў Навальны. Сутнасць у тым, каб прыйсці на ўчасткі а 12-й гадзіне дня — і тым самым паказаць, як шмат людзей супраць пуцінскай улады. Але не падобна, што ад яе чакаюць эфекту.

На першай дыскусіі абмяркоўвалі расійскіх палітвязняў — каго лічыць такімі, а каго не. Вось людзі, якія падпальваюць ваенкаматы, яны хто?

Кіраўнік праекта «Падтрымка палітзняволеных. Мемарыял» Сяргей Давідзіс кажа, што калі гэтых людзей абвінавачваюць у тэрарызме, то гэта можна назваць палітычным пераследам, а калі ў пашкоджанні маёмасці — то не. Але падтрымліваць трэба ўсіх. А пасля змены ўлады — амніставаць.

Не ўсе пагадзіліся.

«Мы не можам як праваабаронцы стаяць у белых паліто і дыктаваць, як трэба пратэставаць, а як не», — заўважыў Расціслаў Паўлішчаў, які таксама займаецца падтрымкай палітвязняў.

«А Гіркін-Стралкоў — ён у сваім статусе хто?» — спытаў мадэратар.

У «Мемарыяла» адказ адназначны — не палітвязень, бо яго ранейшыя заклікі да гвалту супраць украінцаў не дазваляюць яго прызнаць такім.

Што з Дар’яй Трэпавай, якая перадала статуэтку, што ўзарвала Татарскага, не ясна. Калі ёй скарысталіся і пра выбухоўку яна не ведала, то палітзняволеная. А калі здзейсніла тое, што сама задумала — не (бо гвалт супраць асобы крытэрый непрымальны).

«Захад баіцца паразы Расіі»

Наступная дыскусія была пра тое, што далей чакаць ад вайны. Палітык Гары Каспараў падзяліўся сваімі назіраннямі пасля тыднёвага падарожжа па Еўропе. Ён кажа, што на Захадзе пачынаюць разумець, што вайна не скончыцца, пакуль ва ўладзе Пуцін.

Скрын трансляцыі форуму

«Нават калі ён хацеў бы, не мог спыніцца, паколькі расійская эканоміка стала ваеннай эканомікай. (…) Расійская ваенная машына працуе па максімуме і дастаткова эфектыўна».

«Мне здаецца, Захад баіцца паразы Расіі, — разважаў палітолаг Юрый Фёдараў пра тое, чаму заходнія эліты асцярожныя. — Так, Захад не хоча паразы Украіны, гэта дастаткова відавочна. Але ставіць пытанне: што будзе з Расіяй, калі яна пацерпіць паразу? Распадзецца Расія, як лічаць многія, на нейкую колькасць квазі-дзяржаў, аб’яднанняў ці захаваецца ў іншай форме? Гэта пытанне для Захаду вельмі сур’ёзнае».

Альфрэд Кох, які быў у 1997-м намеснікам старшыні ўрада Расіі, даў свой адказ, чым скончыцца вайна:

«Пераможа той, хто будзе цвёрда стаяць на сваім, у каго будзе больш матывацыі і прычын ваяваць».

А далей загаварыў пра тое, што ў Еўропе шмат інвестуюць у вайну, але не бачаць выніку. Кох згадаў, што, па падліках Пентагона, Расія патраціла на вайну 211 мільярдаў даляраў, а Захад, па іншых падліках, аказаў дапамогу Украіне на 244 мільярды еўра.

«Гэта ёсць у дыскусіях [заходніх палітыкаў]: вайна занадта дорага нам абыходзіцца, лепш інвеставаць у сваю ўласную бяспеку». 

Каспараў з ім стаў спрачацца: як можна супастаўляць расходы, калі расійскія снарады нашмат таннейшыя.

Ён паўтарыў, што вайна не скончыцца, пакуль ёсць расійская імперыя. «Пуцін падсвядома разумее: калі імперыя не наступае, яна асуджаная. У адрозненне ад шахмат тут няма нічыі (…) З ракавай пухлінай не вядуць перамовы, яе выразаюць».

«Баязлівыя заходнія палітыкі баяцца ўзяць на сябе адказнасць за паразу Расіі ў гэтай вайне», — заявіў Каспараў і сарваў апладысменты.

Пра зону адказнасці прысутнай расійскай апазіцыі разваг не прагучала.

У перапынку разгаварыліся з журналістам расійскага незалежнага выдання. 

«Ідэі, якія тут агучваюць, для людзей у Расіі занадта радыкальныя, — мяркуе ён. — Такія заклікі не заахвоцяць людзей перайсці на іх бок, а толькі адштурхнуць». 

Што можа спрацаваць? Аб'яднанні маці мабілізаваных, сваякоў загінулых — праз іх можна гаварыць з астатнімі, лічыць ён.

Сам журналіст з Забайкалля. Кажа, галоўная навіна, якія там цяпер абмяркоўваецца, — гібель больш за 60 салдат на палігоне пад Валнавахай Данецкай вобласці. Гэта былі вайскоўцы 36-й гвардзейскай мотастралковай брыгады, пастаянным месцам дыслакацыі якой з'яўляецца горад Борзя ў Забайкаллі.

«Улады, вядома, спрабуюць гэта схаваць, але ў маленькім горадзе, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, гэта немагчыма».

«Удзячны свет атрымае Лукашэнку з атамнай бомбай»

Расійскі навуковец і публіцыст Дзмітрый Арэшкін пасля будзе казаць пра тое ж. На дыскусіі абмяркоўваліся «партыя перамогі Украіны» і «антываенная партыя» ў Расіі.

«Думаю, што абсалютная большасць расійскіх грамадзян не гатова падтрымаць заклікі да паразы ў вайне. Да гэтага Расія яшчэ не даспела. Таму калі мы звяртаемся да расійскай грамадскасці, тут нашмат больш эфектыўная, запатрабаваная і чаканая антываенная рыторыка.

Мы ж памятаем, як тысячы людзей падпісваліся ў падтрымку Барыса Надзеждзіна толькі таму, што ў яго хапіла смеласці выказацца супраць вайны».

Скрын трансляцыі форуму

Былы дэпутат Дзярждумы Генадзь Гудкоў настойваў, што трэба прызнаць права расіян на ўзброены супраціў рэжыму. На яго погляд, ва Украіне мусіць сфармавацца расійскі корпус на тысяч 30-40 чалавек. А ў самой Расіі пасля смерці Навальнага, маляваў ён, пачне нарастаць бунт — стыхійна будуць арганізоўвацца атрады супраціву.

Псіхолаг і палітык Леанід Гозман перад сваім «але» адразу заўважыў, што выступае за тое, каб Украіна перамагла і забрала свае землі, а Расія панесла адказнасць і выплачвала рэпарацыі.

«Але я не лічу, што прысутныя тут, расійскія выгнаннікі, апазіцыянеры, павінны яднаць свае высілкі, каб дапамагчы Украіне. Мы павінны дапамагаць Расіі — гэта наша краіна».

Калі зайшла размова пра калектыўную віну, то сацыёлаг Ігар Якавенка заўважыў, што ў іх віна найперш перад расіянамі, што не спынілі фашысцкі рэжым.

«Ці можа быць антываенная партыя ў час сусветнай вайны? І на што яна працуе? Тады была антыгітлераўская кааліцыя», — пакрытыкаваў ён апанентаў.

Якавенка сказаў, што не разумее, чаму яны не мусяць дапамагаць Украіне і што гісторыя сведчыць, што вызваленне Расіі можа быць толькі праз распад. А цудоўная Расія будучыні — гэта цудоўныя Сібір, Урал, Якуція «і, калі трэба, Масковія».

Пасля высвятлялі, каго лічыць сапраўдным апазіцыянерам. 

Арэшкін вярнуўся да тэмы магчымага распаду Расіі. Ён дадаў, што ніхто не зрабіў для гэтага столькі, колькі Пуцін.

«Пуцін вядзе Расію да крывавага распаду. Таму што ў цудоўнай Расіі будучага куды вы дзенеце Кадырава і кадыраўцаў? Прыйшлі ў Маскве дэмакраты — і што? Ясна, што яму турма свеціць. Гэты чалавек пачне абараняцца».

Пагрозу пабачылі і ў Лукашэнку. Крыху заблыталіся ў імя: ён Рыгор Аляксеевіч ці Рыгор Аляксандравіч?

«Пры распадзе Расіі першае, што зробіць Аляксандр Лукашэнка, гэта накладзе лапу на той ядзерны арсенал, які ў яго ў краіне, прыцягне на свой бок ці задушыць ваеннаслужачых расійскіх, якія на яго тэрыторыі. І ўдзячны свет атрымае Лукашэнку з атамнай бомбай», — выказаўся Арэшкін.

Але пасля вярнуў усіх на зямлю, сказаўшы, што ў вар'яцкі дом, якім цяпер стала Расія, з такімі ідэямі не ходзяць, яны там неактуальныя.

«Таму Навальны пра гэта ніколі нічога не казаў. Ён казаў пра цудоўную Расію будучыні, нібыта ў думках маючы на ўвазе, што яна будзе адзінай, вялікай і іншае. За што яго многія абвінавачвалі ў рускім імперыялізме. А насамрэч ён проста добра разумеў тую самую аўдыторыю, з якой мае справу».

«Трэба працаваць са 146 мільёнамі расійскага насельніцтва, у якога мазгі забітыя ватай», — дадаў Арэшкін.

Працаваць з імі, відаць, давядзецца не баязліваму Захаду.

Чытайце таксама:

Стваральнік «Навічка»: Калі версія атручвання правільная, цела Навальнага наўрад ці аддадуць маці

Зянон Пазняк — пра Юлію Навальную: Кухарка-2, у манерах мадам пішчыць ФСБ

Ці можа смерць Навальнага падштурхнуць расейцаў да барацьбы за свабоду? 

«Мы ведаем, за што канкрэтна Пуцін забіў Аляксея. Мы хутка вам раскажам». Юлія Навальная запісала зварот да расіян

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
24
Ха-ха
16
Ого
8
Сумна
8
Абуральна
15
0
Янка/адказаць/
24.02.2024
Всегда!!!, Навальны выкарыстоўваў любую магчымасць масавага палітычнага дзеяння, а не разважаў на конт "варта-не варта". Ён заўсёды прапанаваў сабе як палітычную альтэрнатыву. Менавіта гэта і зрабіла яго палітыкам.
0
Кока/адказаць/
24.02.2024
У Расеі апазыцыя маргінальная настолькі, што вымушана парызытаваць на беларускай аўдыторыі
0
Лариса/адказаць/
24.02.2024
Каспаров, Гозман, Кох, Фейгин… вот она какая теперь, эта оппозиция… Это вам не Герцен, и не Плеханов.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930