Знайсці
01.03.2024 / 19:0814РусŁacБел

«Набяруць больш студэнтаў, але што рабіць 6-7 гадоў?» Медык пра тое, як улады змагаюцца з недахопам дактароў і што трэба рабіць

Сёлета заявак на размеркаванне медыкаў столькі, што патрэбна ўтрая больш спецыялістаў, чым выпусцяць усе медыцынскія ВНУ краіны. Новы міністр аховы здароўя абяцае павялічыць набор студэнтаў. Але ці дапаможа гэта?

Фота: uvdgomel / Telegram

Сваім меркаваннем падзяліўся акушэр-гінеколаг, прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей.

Ён сумна адзначае: усё, што спрабуе зрабіць Міністэрства аховы здароўя, звязана з забаронамі.

— Улады спрабуюць ствараць для медыкаў перашкоды, каб ім было складаней з’ехаць на працу за мяжу. Напрыклад, для гэтага не выдаюць пэўныя дакументы. Бо доктару, каб працаваць недзе ў іншай краіне, трэба пацвердзіць, што ў яго няма нейкіх судовых момантаў, звязаных менавіта з працай. Умоўна кажучы, неабходны доказы таго, што ты не ўцякаеш з радзімы праз тое, што нарабіў чагосьці з пацыентамі і табе забаранілі працаваць па спецыяльнасці. Ужо шмат часу гэтыя дакументы не хочуць выдаваць дактарам.

Станіслаў Салавей. Фота з уласнага архіва героя.

Для штучнай прывязкі медыкаў да працоўных месцаў павялічваюць тэрмін размеркавання.

— Здаецца, два гады таму Лукашэнка першы раз запатрабаваў зрабіць для медыкаў адпрацоўку 10 гадоў. Фактычна, гэта ўжо рэалізавана. Глядзіце, у мінулым годзе 80% паступалі на педыятрыю па мэтавым накіраванні — яны будуць адпрацоўваць 5 гадоў. Звольніцца ў такой сітуацыі амаль немагчыма, бо трэба аддаць дзяржаве ў два з паловай разы больш грошай, чым яна патраціла на тваё навучанне.

Плюс увялі ардынатуру. З аднаго боку, гэта добра, бо немагчыма падрыхтаваць дасведчанага доктара за адзін год інтэрнатуры — нідзе ў свеце гэта так не працуе. З іншага — пасля ардынатуры абавязкова адпрацаваць не менш за 5 гадоў (а фактычна колькі напішуць — хоць 7, хоць 10).

Медык тлумачыць: пакуль што абавязковая ардынатура ёсць толькі для кардыяхірургаў, нейрахірургаў і эндаваскулярных хірургаў. Для астатніх — па жаданні.

— Але тут можна зрабіць хітрую пастку, калі пасля ўніверсітэта ўсіх будуць адпраўляць працаваць участковымі-тэрапеўтамі (спецыяльнасць, якая праз дурасць нашых уладаў лічыцца неперспектыўнай). А калі ты, адпрацаваўшы па размеркаванні пяць гадоў, хочаш працаваць уролагам — ідзі ў ардынатуру, яшчэ тры гады навучайся, а потым яшчэ працуй па размеркаванні 5-7 гадоў у якой паліклініцы.

Станіслаў лічыць, што ўмовы, якія ствараюць для дактароў у Беларусі цяпер, цалкам забіваюць матывацыю ў маладых спецыялістаў неяк развівацца.

— Уявіце: вы несвабодны чалавек, які вымушаны працаваць пад прымусам. Ці будзе вам цікава працаваць якасна, калі вы разумееце, што ад гэтага нічога ў вашым жыцці не зменіцца? Ты ў любым выпадку будзеш працаваць на гэтым месцы шмат гадоў.

Станіслаў адзначае, што трэба памятаць аб эксплуатацыі працы медыкаў: перапрацоўкі, праца на выходных, змены па 32 гадзіны. З кожным годам усё больш цяжка знайсці ахвотных працаваць у такіх умовах. І нават у гэтым выпадку беларускія ўлады вырашаюць пагоршыць жыццё медыкам.

Суразмоўца змрочна жартуе: наступным крокам можа стаць адбор пашпартоў у дактароў — каб іх здавалі разам з працоўнай кніжкай у аддзел кадраў.

— Ці можна, напрыклад, не выдаваць на рукі дыпломы. Хочаш перайсці ў іншую бальніцу? Пішаш паперку, і ўсе твае дакументы разам з асабістай справай перасылаюць на новае месца працы. Насамрэч, мне здаецца, што да такога не вельмі шмат засталося.

Доктар лічыць, што планы ўладаў павялічваць набор у медыцынскія ВНУ, каб неяк латаць дзіркі ў айчыннай сістэме аховы здароўя, праблему не вырашаць.

— Гэты мы ўжо праходзілі. Здаецца, у 2006 годзе прыкладна на 20% павялічылі колькасць студэнтаў-медыкаў. Я якраз навучаўся ў гэты перыяд: калі ўвесь паток прыходзіў на лекцыю, усім месцаў не хапала — нехта быў вымушаны слухаць выкладчыка з калідора.

Таксама для будучага доктара вельмі важна праца з пацыентамі. Але калі на кафедру замест 10 студэнтаў прыйшло 14-15, ад гэтага будзе зніжацца якасць навучання. Калі мы паглядзім, каго цяпер чакаюць па размеркаванні, то прыкладна 120 чалавек плануюць размеркаваць адразу ў ВНУ — каб учорашнія студэнты выкладалі.

Станіслаў кажа, што калі на кафедры патанатоміі выпускнік хоць неяк можа выкладаць, то, напрыклад, для кафедры дзіцячай хірургіі недасведчаны выкладчык — гэта амаль што злачынства.

Доктар таксама падкрэслівае: нават калі зараз набяруць больш студэнтаў, то тэарэтычна яны змогуць уліцца ў сістэму толькі праз 6-7 гадоў. Плюс неабходна, каб за гэты час не сышоў ніхто з практыкуючых медыкаў — нават у дэкрэтны адпачынак — і толькі тады атрымаецца пакрыць дэфіцыт.

— А што рабіць гэтыя 6-7 гадоў? Напрыклад, на сайце Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта ёсць інфармацыя пра 6 тысяч свабодных вакансій для медыкаў па ўсёй краіне. Улічваючы рэальную сітуацыю, я магу толькі пажадаць удачы новаму міністру ў рэалізацыі яго планаў.

Станіслаў лічыць, што Міністэрства аховы здароўя даўно ўспрымае дактароў толькі як танную працоўную сілу. Перад чыноўнікамі не стаіць мэта стварыць такія ўмовы, каб спецыялісты самі хацелі паехаць ва ўмоўную Мар’іну Горку. Яны ўмеюць толькі прымушаць.

— Становішча медыкаў набліжаецца да становішча рабоў. Не далёкі той час, калі галоўны доктар Аршанскай бальніцы будзе тэлефанаваць у Наваполацкую бальніцу і казаць: «Слухай, у мяне ёсць два неўролагі, але ніводнага кардыёлага. Давай мяняцца: я табе неўролага, ты мне кардыёлага».

У Станіслава ёсць ідэі, што можна было б зрабіць.

— Канечне, першы разумны крок быў бы спыніць рэпрэсіі. Бо ў краіне не хапае велізарнай колькасці медыкаў, але пры гэтым працягваюць звальняць ідэалагічна «няправільных» спецыялістаў. Існуе чорны спіс, праз які тыя, хто гатовы працаваць у няпростых беларускіх рэаліях, не можа гэтага зрабіць. Пакуль не спыняць рэпрэсіі, медыкі з'язджалі, з’язджаюць і будуць з’язджаць, нягледзячы на тое, што з кожным днём гэта ўсё больш складана зрабіць. Немагчыма не тое, што працаваць, але і жыць ва ўмовах, калі ты чакаеш, што заўтра цябе можа збіць ГУБАЗіК за шкарпэткі не таго колеру.

Медык лічыць, што Міністэрству аховы здароўя трэба б было засяродзіцца на стварэнні прывабных умоў для медыкаў. Ён кажа, што чыноўнікі вельмі добра разумеюць, што ўласнае жыллё — гэта вельмі моцны аргумент для маладога спецыяліста.

— Гэтым сапраўды можна прывязаць чалавека да пэўнага месца — у добрым сэнсе. Таму няблага было б зрабіць так, каб калі ты адпрацаваў у вёсцы ці горадзе 5-7 гадоў, то жыллё аўтаматычна становіцца тваім без усялякіх там выплат. Я б нават зрабіў бы прывязку не да канкрэтнай бальніцы, а да раёна. Бо прывязка да бальніцы стварае пэўныя ўмовы для шантажу, калі за год да канца кантракту галоўны доктар будзе тварыць усё, што захоча.

Яшчэ адна прапанова Станіслава — стварэнне пэўных квот.

— Напрыклад, у нейкім горадзе не хапае 40% дактароў. Можна прапанаваць тым, хто першым туды прыедзе, павышаючы каэфіцыент зарплаты 1,4, які будзе працаваць наступныя 5 гадоў. Стала не хапаць 30% — новым прыезджым каэфіцыент 1,3.

Шмат чаго можна зрабіць, канечне, але ж сістэма мае вельмі абмежаваную колькасць рэсурсаў. І зразумела, што ў Беларусі медыкі не будуць зарабляць столькі, колькі ў Германіі. Трэба шукаць баланс паміж тым, што мы можам, і тым, што б было добра. У нас шмат пытанняў і з адукацыяй медыкаў, і з засіллем чыноўнікаў.

Медык падкрэслівае: будзе добра, калі атрымаецца хаця б пачаць размаўляць пра тое, што ў нас шмат праблем у сістэме аховы здароўя. Нельга казаць, што яна дрэнная і ўсё прагніла. У нас медыцына працуе — і гэта факт. Дрэнна тое, што яна дэградуе.

Чытайце таксама:

Лукашэнкаўскі Чырвоны Крыж сядзе на шыю беларускім медыкам

Хуткая музычная дапамога: доктар граў пацыентцы на фартэпіяна, чакаючы, пакуль лекі падзейнічаюць

Галоўная доктарка мінскай бальніцы растлумачыла, чаму невялікія заробкі ў медыкаў — гэта добра

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
11
Абуральна
22
0
Максим Дизайнер/адказаць/
04.03.2024
Абармот,

А зачем хороших?Вон, не помню только в какой больнице, в Минске, даже не в деревне, главврачом назначили 26-28-и летнюю сикуху.
 
1
Максим Дизайнер/адказаць/
04.03.2024
Абармот,

Вы думаете для врачей таких домов нет?Там не два, а все 32, наверное. 
0
Абармот/адказаць/
05.03.2024
Максим Дизайнер, ахаха.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930