Знайсці
26.02.2024 / 19:28РусŁacБел

«Сталі ратункам, а потым і справай жыцця». Жыхарка Баранавіч уцякла з б'юцісферы і ператварыла хобі ў бізнэс

Кацярына Заслаўская тры гады робіць свечкі і мыла ручной работы. Як хобі ператварылася ў спосаб заробку і як родныя ўспрынялі яе занятак, жанчына расказала выданню Bar24.

Жыхарцы Баранавічаў Кацярыне Заслаўскай 36 гадоў. Свечкі, па яе словах, яна любіла заўсёды. І яшчэ задоўга да таго, як захапілася свечкаварэннем, нярэдка атрымлівала іх у падарунак.

«Сваякі думалі, што гэта пасляродавая дэпрэсія»

Усё пачыналася як хобі. І да таго, як свечкі сталі асноўнай справай, Кацярына працавала ў б'юцісферы — займалася лазернай эпіляцыяй і нарошчваннем веек. Калі зацяжарыла, а потым нарадзіла, яна старалася сумяшчаць працу і дзіця.

Кацярына кажа, што было складана, але ёй усё ўдавалася. Але ў адзін «выдатны» дзень яна вырашыла скончыць практыку б'юцімайстра. Пераломным момантам, са слоў жанчыны, «стала сустрэча з вычварэнцам».

«Мне здаецца, што многія б'юцімайстры ў сваёй практыцы сутыкаюцца з неадэкватнымі людзьмі. Мне таксама трапіўся такі, скажам так, вычварэнец, — расказвае Кацярына. — Усе, хто ведае, што такое лазерная эпіляцыя, выдатна мяне зразумеюць».

Менавіта тады дзяўчына вырашыла заняцца вырабам свечак.

«Свечкі ў той момант сталі не проста хобі, яны сталі для мяне суцяшэннем і своеасаблівым астраўком бяспекі. Ратункам, а потым і справай жыцця», — тлумачыць Кацярына.

Сваякі спачатку не ўспрымалі яе занятак свечкамі сур'ёзна. Думалі, што ў яе «здарылася пасляродавая дэпрэсія».

«Лічылі, што пагуляецца нейкі час, а потым возьмецца за розум і пабяжыць, уладкуецца кудысьці на працу, — са смехам успамінае Кацярына. — І толькі ў апошнія паўгода яны змірыліся з маім новым заняткам. Цяпер нават захапляюцца тым, што я раблю».

Асвойваеш «стопяцьсот» прафесій

Займацца вытворчасцю і продажам свечак, сцвярджае Кацярына, не так лёгка, як здаецца.

«Многія лічаць, што зрабіць свечку прасцей простага. Растапіў воск, заліў, уставіў кнот і ўсё — свечка гатовая. Насамрэч, тут вельмі шмат складанасцяў, — дзеліцца жанчына. —

Мала таго, што свечкі, асабліва па першым часе, не заўсёды атрымліваюцца, дык у гэтай справе яшчэ трэба асвойваць стопяцьсот прафесій. Ты і грузчык, і прыбіральшчыца, і менеджар, і SMM-спецыяліст. Працуеш 24/7, робіш новыя свечкі, шукаеш пастаўшчыкоў, шукаеш заказчыкаў, сама цягаеш мяшкі, здымаеш кантэнт…».

Да таго ж, як адзначае Кацярына, яна робіць не проста свечкі ручной працы, а прэміяльныя свечкі. Гэта значыць — пры вырабе свечак выкарыстоўвае прэміяльныя воскі (з ЗША і Вялікабрытаніі), алеі і аддушкі.

«Таму ўзнікаюць яшчэ і праблемы з пастаўкамі, з выхадам на самі кампаненты», — тлумачыць жанчына.

«Думала, разляцяцца як гарачыя піражкі»

Адным з цяжкіх момантаў, прызнаецца Кацярына, для яе быў выхад у інстаграм са сваім таварам. Раней яна нічым падобным не займалася, таму не была ўпэўненая ў сваіх сілах і доўга адкладала гэты момант. Продажы пераважна ішлі праз блізкіх, сяброў, праз «сарафаннае радыё». Але пашырацца было трэба.

«Давялося сабрацца з думкамі, сіламі і нарэшце выйсці ў сацсетку, — з усмешкай успамінае Кацярына. — Я нарабіла свечак, зарэгістравалася ў інстаграме, пачала выкладаць свае працы. Думала, усе зараз прыбягуць, як накінуцца, як пачнуць купляць, усё разляціцца як гарачыя піражкі… А ніхто не бяжыць».

Жанчына не хавае, што было расчараванне, няўпэўненасць у сваіх сілах, але яна вырашыла не здавацца і рухацца далей. А тут яшчэ прапанавалі паўдзельнічаць у розыгрышы падарункаў сярод падпісчыкаў.

«Гэта быў мой першы вопыт у падобным мерапрыемстве. Падарункам ад мяне была свечка ў какосе. А пасля розыгрышу ў мяне яшчэ дакладна такую ж і купілі. Гэта быў мой першы продаж праз інстаграм. Памятаю гэта, як першы пацалунак».

Планы на будучыню

Цяпер Кацярына прадае свой тавар не толькі праз сацсеткі, але і праз краму. Нярэдка бывае, што ў творчых людзей здараецца творчы крызіс, і яны не ведаюць, што рабіць. У Кацярыны ўсё адбываецца з дакладнасцю наадварот — яе паглынае творчы працэс.

«Мне часам хочацца сказаць «гаршчочак не вары», настолькі я захапляюся працай. Знаёмыя нават кажуць, што занадта шмат у мяне прапаноў. Маўляў, заходзіш на старонку і вочы разбягаюцца, — смяецца дзяўчына. — Я ж лічу, што трэба больш за ўсё ўвесці ў лінейку продажаў. І гэта ў маіх планах».

Акрамя свечак, жанчына займаецца мылам ручной работы і догляднай касметыкай. Таксама плануе рабіць бамбаньеркі на вяселлі.

Чытайце таксама:

«Цяпер ёсць Камароўка, чырвоны дворык, любімая кнігарня і батанічны сад». Беларуска стварае духмяныя свечкі з пахам месцаў Мінска

Як выдаліць воск ад свечак і нічога пры гэтым не сапсаваць

Чаму не варта выкідваць агаркі свечак

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930