Знайсці
19.04.2024 / 22:332РусŁacБел

Мільярд выбарцаў і мільён выбарчых участкаў. У найбуйнейшай у свеце дэмакратыі стартавалі выбары

Галасаванне будзе ісці паўтара месяца, па 1 чэрвеня.

Нарэндра Модзі. Фота: інстаграм палітыка

У выбарах мае права ўзяць удзел амаль 1 мільярд чалавек. Насельніцтва краіны складае 1 мільярд 439 мільёнаў чалавек, у лістападзе 2022 года Індыя абагнала Кітай, насельніцтва якога цяпер складае 1 мільярд 425 мільёнаў чалавек.

Вынікі будуць абвешчаныя 4 чэрвеня, але ўжо ясна, што індуісцкая Нацыяналістычная партыя «Бхаратыя Джаната» (BJP) атрымае камфортную перамогу, а 73-гадовы прэм'ер-міністр Нарэндра Модзі пойдзе на трэці тэрмін, піша Бі-бі-сі.

Да Модзі толькі адзін чалавек змог так доўга пратрымацца ля стырна найбуйнейшай дэмакратыі свету — яе першы прэм'ер Джавахарлал Неру, паплечнік бацькі-заснавальніка незалежнай Індыі Махатмы Гандзі.

Партыі Модзі супрацьстаіць разнапланавы альянс апазіцыйных сіл, што да таго ж раздзіраецца ўнутранымі сваркамі. Модзі разлічвае не толькі захаваць беспрэцэдэнтную большасць у 303 з 543 месцаў у ніжняй палаце парламента Індыі, але і павялічыць яго да 370 дэпутатаў.

У некаторых штатах выбары пройдуць у некалькі этапаў.

«Мы прынясем дэмакратыю ў кожны куток краіны. Мы абяцаем правесці выбары так, каб застацца маяком дэмакратыі ва ўсім свеце», — сказаў на прэс-канферэнцыі кіраўнік выбаркама Раджыў Кумар.

Яшчэ да абвяшчэння даты выбараў Модзі пачаў перадвыбарчую кампанію. Апошнія месяцы ён актыўна раз'язджае па краіне, адкрывае сацыяльныя і прамысловыя аб'екты, размаўляе і моліцца з народам.

Модзі ставіць сабе ў заслугу эканамічныя поспехі Індыі, якая дзякуючы росту насельніцтва, кваліфікаванай рабочай сілы і інвестыцый кінула выклік суседняй КНР як галоўнай хуткарослай эканоміцы свету, і стала альтэрнатыўнай для заходніх капіталаў, што бягуць з камуністычнага Кітая.

Крытыкі Модзі папракаюць яго ў аўтарытарызме, нацыяналізме і распальванні рэлігійнай варожасці.

Праваабарончыя групы сцвярджаюць, што за дзесяцігоддзе кіравання Модзі колькасць злачынстваў на глебе нянавісці і актаў гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў мусульманскай меншасці ў Індыі ўзрасла.

Занепакоенасць на днях выказваў і Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк.

«Выбары ў Індыі будуць унікальнымі па маштабе. Я высока цаню свецкія і дэмакратычныя традыцыі краіны і яе велізарную разнастайнасць, — сказаў ён. — Аднак мяне турбуе распальванне нянавісці і дыскрымінацыя меншасцяў, асабліва мусульман. Мяне турбуе, што прастора для грамадзянскай актыўнасці звужаецца, а праваабаронцы, журналісты і крытыкі становяцца мішэнню для ўлады».

Чытайце таксама:

Прэм'ер Індыі выступіў на пасяджэнні G20 з шыльдай «Бхарат» замест «Індыя»

Прэзідэнт Індыі ўпершыню выкарыстаў назву краіны на хіндзі ў запрашэннях лідарам G20

Індыя адмовілася ад беларускага калію на карысць расійскага

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
1
9
Ягеллончик/адказаць/
19.04.2024
Гэта не дэмакратыя
0
Каста/адказаць/
20.04.2024
Дзе вы там дэмакратыю знайшлі ?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031