Знайсці
22.04.2024 / 08:591РусŁacБел

Юны і п'яны мінчук-наркаман напракудзіў у дзіцячым садку і разнёс два пад'езды. Як яго пакаралі?

Гэта не палітыка, гэта другое.

Хлопец жыве ў Мінскім раёне з маці і бабуляй. Жанчыны не спраўляліся з яго выхаваннем: 16-гадовы хлопец нідзе не вучыўся і не працаваў, нікога не слухаў. Ён знаходзіўся на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, паколькі раней яго выкрылі ва ўжыванні спіртных напояў, пішуць «Мінск-навіны».

Падзеі адбыліся ў жніўні. Хлопец на аўтобусе прыехаў у Мінск, каб сустрэцца з сябрамі. Бліжэй да вечара кампанія вырашыла выпіць. Упяцёх, размясціўшыся ў скверы на Лагойскім тракце, прыяцелі выпілі дзве пляшкі гарэлкі і два літры піва. Разышліся позна, грамадскі транспарт ужо не хадзіў, і хлопец не змог дабрацца дадому.

Ён прысеў на лаўку ў двары, ужыў мефедрон, які напярэдадні набыў у наркашопе.

Затым пералез праз плот на тэрыторыю дзіцячага садка. Заўважыўшы прыадчыненае акно, ён выбіў маскітную сетку, адкрыў створку і пракраўся ў харчаблок.

Там узяў вечка ад вялікай каструлі з нержавеючай сталі і накіраваўся з ёй у калідор, дзе сутыкнуўся з ахоўнікам. Да таго часу апошні, пачуўшы падазроны шум, ужо націснуў трывожную кнопку і цяпер абследаваў будынак. Мужчына пацікавіўся ў хлопца, што ён тут робіць. Юнак здзіўлена адказаў: «Хіба не чуеце? На даху страляюць!» – і накіраваўся да выхаду. Ахоўнік не стаў перашкаджаць, бачачы, што малады чалавек знаходзіцца ў неадэкватным стане.

З вечкам у руках ён адправіўся блукаць па начным горадзе.

На вуліцы Крамскога ў Зялёным Лузе ўвагу хлопца прыцягнула жанчына, якая сярод ночы выйшла ў двор паглядзець, чаму спрацавала сігналізацыя ў яе аўтамабілі. Мармычучы нешта недарэчнае, падлетак замахнуўся ў яе бок вечкам.

Перапалоханая аўтаўладальніца паспяшалася назад у пад'езд, але Максім дагнаў яе, схапіў за вопратку, паваліў на падлогу і стаў біць па галаве вечкам, а таксама двойчы ўдарыў жанчыну нагамі. Хоць яна гучна крычала, ніхто з суседзяў не выйшаў на дапамогу.

Раптам дэбашыр замёр і спытаў: «Дзе ствол?» Пацярпелая не разгубілася і адказала, што на другім паверсе. Хлопец накіраваўся ўверх па лесвіцы, а мінчанка забегла ў сваю кватэру — балазе жыла на першым паверсе — і патэлефанавала ў міліцыю.

Хлопец пачаў біць рукамі і нагамі па ўваходных дзвярах кватэр і нават пашкодзіў адну з іх. Затым накіраваўся ў пад'езд іншага дома, дзе прарабіў тое ж самае. Калі ён стаў біцца ў кватэру на шостым паверсе, дзе пражывала адзінокая жанчына, перапалоханая гаспадыня патэлефанавала на лінію «102».

Няпрошаны візіцёр гучна патрабаваў адкрыць яму, пагражаючы пачаць стральбу. Калі мінчанка сказала, што выклікала міліцыю, хлопец сышоў, пашкодзіўшы па шляху яшчэ адны дзверы.

У выніку наўмысных дзеянняў юнак знішчыў і пашкодзіў маёмасць, якая належала дзіцячаму садку і траім пацярпелым. Агульная сума шкоды склала 242 рублі.

У хуткім часе хулігана затрымалі. Яго маці распавяла следчаму, што ўсынавіла яго ў трохгадовым узросце. Спачатку ўсё было добра, але, калі хлопчыку споўнілася 12 гадоў, пачаліся цяжкасці — падлетак стаў некіраваным, не хацеў вучыцца, канфліктаваў з дамачадцамі. У 2021-м за ўчыненне шматлікіх адміністрацыйных правапарушэнняў яго накіравалі ў закрытую выхаваўчую ўстанову, дзе ён правёў два гады. Пасля вызвалення змяніўся — стаў дапамагаць маці па гаспадарцы, у іх палепшыліся адносіны.

Але хлопец зноў звязаўся з дрэннай кампаніяй, перастаў начаваць дома, пачаў ужываць спіртное, а на просьбы блізкіх змяніць лад жыцця ніяк не рэагаваў.

Маці юнака, даведаўшыся пра тое, што здарылася, прасіла прымяніць да сына меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, паколькі не спраўляецца з яго выхаваннем.

Але ён віну прызнаў і цалкам раскаяўся, суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства), і прызначыў пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 3 гады.

Чытайце таксама:

Колькі далі п'янаму мінчуку, які ўдарыў «ружачкай» выпадковага чалавека? Гэта ж не палітыка, таму яго пакінулі дома

Асуджанага на 13 гадоў Паўла Белавуса будуць зноў судзіць

Сёння пачынацца суд над настаўніцай 23-й гімназіі. Ёй пагражае да 10 гадоў зняволення

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
21
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
12
0
Woodoo Cult /адказаць/
22.04.2024
Які ж ён мінчук, калі прыехаў "пакараць" сталіцу з вобласці? ))
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера