Знайсці
24.04.2024 / 13:094РусŁacБел

Затрыманы расказаў, якія цяпер умовы на Акрэсціна

Прапаведнік і бацька сямі дзяцей Сергій Мельянец, які з сям’ёю цудам з'ехаў з Беларусі, распавёў «Нашай Ніве» пра пакутлівыя 25 сутак на Акрэсціна.

 Сергій Мельянец. Фота: melsergiy / Facebook

Мельянца затрымалі падчас суда над журналістам Ігарам Карнеем — 19 сакавіка прапаведнік пайшоў яго падтрымаць. Калі Сергій выходзіў з залы паседжанняў, яму загадалі разблакаваць тэлефон. Паглядзелі нататкі ў фэйсбуку і інстаграме, і «вельмі ўсцешыліся, што знайшлі зацятага бэчэбэшніка». 

— Яны ўсё не маглі вырашыць, з чаго пачаць, якую даць мне першую адміністратыўку.

Нарэшце вырашылі: у маім інстаграме была карцінка са словамі «пахне чабор», і яны вырашылі, быццам я праз яе правёў масавае недазволенае мерапрыемства. Я падумаў: ну ладна, калі гэта так па вашых законах, — і падпісаў той пратакол.

Дарэчы, калі мяне абшуквалі, запісалі ў пратаколе, што я меў з сабой 5 рублёў, а насамрэч там было 300 рублёў, яны скралі гэтыя грошы.

Павялі мяне ў малпоўнік. Я пасля 2020-га адчуваю сябе вельмі няўтульна ў закрытых памяшканнях, а там быў пакойчык 2 на 2 з металічнымі дзвярыма і маленькай адтулінай, не хапала паветра.

Там было некалькі палітычных, некалькі алкаголікаў і бомж з белай гарачкай. Нарэшце мяне пакінулі сам-насам з бамжом. Ён пачаў кідацца на дзверы, а потым прапанаваў мне гэта рабіць. А калі я адмовіўся, стаў кідацца з кулакамі на мяне.

Потым мяне павезлі на Акрэсціна, апынуўся ў першай камеры: брудная, маленькая, душная, там тры месцы, але часам туды запіхваюць па 15 чалавек.

Мне давялося спаць на бруднай падлозе ля дзвярэй, хаця нельга назваць гэта сном, бо галава не адключалася. Я ўвогуле амаль не спаў цягам гэтых 25 сутак на Акрэсціна.

У такіх умовах, як на фронце, цяжка быць атэістам. Заўжды хочацца спадзявацца, што ёсць той, хто вышэй за абставіны і мацней за тых, хто нас схапіў. Я прапаноўваў на Акрэсціна людзям маліцца, і шмат хто адгукаўся.

Рабіў усё магчымае, каб самому не падаць духам і падбадзёрваць тых, хто быў побач. Кожны дзень у камеры было ўключэнне «рэлігійнага канала» — я расказваў людзям гісторыі з Бібліі.

Скончыўся першы тэрмін, 13 сутак. На першым паверсе ЦІПа мяне сустрэў бялявы губазікавец, які мяне раней злавіў у судзе. Мне насунулі кайданкі і закінулі ў машыну, паклалі тварам у падлогу і вазілі дзве гадзіны.

Прыдумалі мне артыкул, быццам я лаяўся. Я не хацеў падпісваць пратакол, дык сілавік ударыў мяне нагой.

Толькі праз некалькі дзён мяне выслухала суддзя. Я сказаў, што не згодны з прысудам, яна выклікала сведку — амапаўца ў масцы, ён доўга падключаўся.

Мне далі 12 сутак, а потым зноў прыйшоў бялявы губазікавец: надзеў на мяне кайданкі, завёў у пусты кабінет і моцна мяне збіў за тое, што я не пагадзіўся з пратаколам і патрывожыў амапаўца.

У якіх умовах правёў 25 сутак

Для палітычных там умовы падобныя: штоноч будзяць а другой і чацвёртай гадзіне, трэба ўстаць і сказаць прозвішча, імя і імя па бацьку. Большую частку часу правёў у камеры № 20, там было шмат хлопцаў па палітыцы. Быў адзін бомж, якога паспелі акультурыць: яго памылі, і ён адэкватна сябе паводзіў, мы з ім пазнаёміліся — яго завуць Уладзімір Уладзіміравіч.

Я ў камеры адказваў за рэлігійную частку, расказваў біблейскія гісторыі. Уладзімір Уладзіміравіч іх уважліва слухаў і ўрэшце мне сказаў, што хоча змяніць сваё жыццё. Яго потым адаслалі ў ЛПП.

Тамтэйшую ежу можна есці праз раз. Часта нас каралі так — забіралі лыжкі і трэба было есці рукамі.

На тым харчаванні хутка надыходзіць жорсткі авітаміноз, бо вітамінаў у гэтай ежы проста няма. Вялікая праблема з вадкасцю: даюць ранкам трошкі гарбаты, удзень кампот ці кісель, далей ваду можна ўзяць толькі з крана, яна халодная і хлараваная. Пад канец другога арышту я адчуваў, што ў мяне пачаліся праблемы з зубамі і ў арганізме чагосьці моцна не хапае.

Шторанак нас выводзілі на шмон, часам гэта было вельмі нервова.

Крычалі і білі па нагах, калі нехта не вельмі шырока іх расставіў. У камеры было шмат клапоў, і неяк мы самі папрасілі, каб нам камеру залілі хлоркай, але гэта мала дапамагло. На другім маім тэрміне з’явіўся бомж, у якога былі і вошы, і блохі.

У душ нас не вадзілі — мыліся з бутэлек над дзіркай у туалеце. На шпацыр таксама ні разу не вывелі. За гучныя размовы ў камеры ці проста па жаданні калідорнага зачынялі кармушку (адтуліну ў дзвярах), адразу адчуваўся недахоп кіслароду.

Было два дні, калі нас цэлы дзень прымушалі стаяць, у мяне пасля гэтага ацяклі ногі. Яны пастаянна лаяліся матам. Я таму казаў хлопцам у камеры — маўляў, давайце будзем адрознівацца ад тых, хто там за дзвярыма, у тым ліку будзем менш лаяцца. Бачыў, што шмат хто стараўся так рабіць.

Усе ў камеры хварэлі, я таксама. Проста там было вельмі цесна: камера недзе 2,30х6, а нас там было ад 16 да 19.

Кожны дзень знаходжання там каштуе для вязняў 20 рублёў, па выніку мне давялося заплаціць каля 500 рублёў.

Дапамагчы вялікай сям'і Сергія Мельянца можна тут.

Цалкам інтэрв'ю з Сергіем Мельянцом чытайце:

«Сказалі, што мой артыкул — здрада дзяржаве». Пагутарылі з прапаведнікам Мельянцом, які з'ехаў з Беларусі з сямю дзецьмі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
6
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
17
Абуральна
76
0
Ёсік/адказаць/
24.04.2024
Якім ж трэба быць ман'якамі, каб так зьдзеквацца з людзей. Беларусы здзек ваюцца з беларусаў. Дажыць бы та таго часу, калі калідорныя на пытаньне высокага суда Чаму вы так рабілі?, адказваць будуць Нас прымушалі, і атрымаюць за гэтыя словы 10 гадоў зьняволеньня.
24.04.2024
У скатастане без змен. З’яджайце адсюль, тут вы быдла i раб
5
Рэаліст/адказаць/
24.04.2024
Трэба было не менш а больш лаяцца
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031