Знайсці
27.01.2010 / 14:211РусŁacБел

Памёр апошні беларускі ўдзельнік гістарычнай сустрэчы на Эльбе

Аляксандр Сільвашка не дажыў да 65-й гадавіны сустрэчы ў Торгаў, што адбудзецца 25 красавіка.

Аляксандр Сільвашка не дажыў да 65-й гадавіны сустрэчы ў Торгаў, што адбудзецца 25 красавіка.

26 студзеня 2010 г. пайшоў з жыцця адзін з апошніх удзельнікаў гістарычнай сустрэчы на Эльбе 87-гадовы Аляксандр Сільвашка. Гэта ён у далёкім 1945-м паціснуў руку амерыканскаму лейтэнанту Уільяму Робертсану ў часе кароткай і хвалюючай сустрэчы савецкіх і амерыканскіх войскаў. Дакументальныя кадры гістарычнага вітання двух лейтэнантаў, зробленыя карэспандэнтам амерыканскага часопіса «Life», сталі сусветнай класікай дакументалістыкі часоў Другой сусветнай. У 2005 годзе Аляксандр Сафронавіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар 60-годдзя гістарычнай сустрэчы саюзнікаў. У прысутнасці 10 тысяч гледачоў былі рэканструяваныя падзеі красавіка 1945 года. Ураджэнец Клеччыны і ганаровы грамадзянін горада Торгаў быў адным з нешматлікіх жывых сведак тых падзеяў. Ягоны амерыканскі калега па Эльбе Уільям Робертсан памёр у 1999 годзе. У 2005 г. Аляксандр Сільвашка яшчэ раз стаў героем многіх рэпартажаў сусветных СМІ.

Рэшту жыцця ветэран пражыў у вёсцы Морач Клецкага раёну. Горад Торгаў выплачваў яму грашовую дапамогу. Штогод Аляксандра Сафронавіча запрашалі ў Германію на традыцыйныя красавіцкія сустрэчы на Эльбе. Летась чарговая паездка апынулася пад пагрозай: медыкі прызналі стан яго здароўя здавальняючым і не рэкамендавалі ехаць у Нямеччыну. Беларускае Міністэрства абароны нібыта даслала адпаведны ліст у нямецкую амбасаду, паведамляла ў сакавіку 2009 года Радыё Свабода. У Морач выехалі журналісты, каб разабрацца на месцы, але былі затрыманыя ў Клецку. Адзнятыя відэаматэрыялы гутаркі з ветэранам былі канфіскаваныя, паведамляе блог Сяргея Панамарова.

Развітанне з Аляксандрам Сафронавічам прайшло ў вёсцы Колкі, што па суседстве з Мораччу. Ён будзе пахаваны ў Мінску побач з жонкай.

Сямён Печанко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829