Адпачынак маладых арыстакратаў
Спорт — не толькі барацьба за рэкорды, але і атрыбут раскошнага жыцця.
Спорт — не толькі барацьба за рэкорды, але і атрыбут раскошнага жыцця.
Віды спорту, якія звычайна адносяць да элітных, развітыя ў Беларусі слаба. Большасць з іх адносіцца да індывідуальных і патрабуе вялікіх укладанняў. Зрэшты, таму яны і лічацца арыстакратычнымі.
Гульня бізнэсоўцаў
Ідэальна падстрыжаныя зялёныя палі, беласнежны мячык і клюшка — гэта гольф. Адна з самых дарагіх, і таму самых прэстыжных гульняў у свеце. Гольф унесены ў спіс абавязковых дысцыплін у найлепшых універсітэтах свету. Падчас гульняў часта праходзяць бізнэс‑перамовы, карткі сяброў гольф‑клубаў каштуюць дзяcяткі тысяч даляраў. А самы багаты спартсмен свету Тайгер Вудс зарабіў свой мільярд, дзякуючы менавіта гольфу.
Аддаць дзіцёнка ў Акадэмію гольфа пакуль немагчыма, бо ў Беларусі такіх устаноў няма. Тая ж сітуацыя і з палямі… Увогуле колькасць гульцоў не перавышае дзясятка чалавек.
Першы ў краіне гольф‑клуб будуецца непадалёк ад Мінска, пад Калодзішчамі. Кошт двух палёў ацэньваецца ў $15 мільёнаў. Каля іх павінен адкрыцца і цэнтр навучання. Цэны на трэніроўкі невядомыя, але, напрыклад, у Маскве паўтары гадзіны з інструктарам каштуюць $100.
У 2016 годзе гольф з’явіцца ў праграме Летняй Алімпіяды. Навучыцца за гэты час гульні цалкам магчыма.
Незагнаныя коні
Конны спорт падыходзіць Беларусі нашмат больш. На бяскрайніх палях не будзе праблем для трэніровак. Найбуйнейшы ў Беларусі конны цэнтр знаходзіцца ў Ратамцы, за некалькі кіламетраў на захад ад сталіцы. Збіраюцца там будаваць і іпадром — вось толькі знайсці б інвестара на $160 мільёнаў.
Асноўныя ўкладанні для тых, хто вырашыць заняцца гэтым відам спорту, — пакупка каня, які каштуе ад тысячы да мільёна даляраў у залежнасці ад радаводу. Яго ўтрыманне ў належных умовах — яшчэ мінімум $200 у месяц. Патрэбная яшчэ экіпіроўка для вершніка. Мінімальны набор — тысяча даляраў.
На леташняй Алімпіядзе найлепшай з беларусак стала Ірына Ліс. Вярхом на Рэдфардзе яна ўзяла толькі 30‑е месца. Конь той, дарэчы, каштуе мільён даляраў. Даражэй за самы дарагі аўтамабіль.
Навыперадкі з ветрам
Рассякаць ваду на Мінскім моры пачалі 50 гадоў таму. Цяпер для ахвотных займацца ветразевым спортам працуюць спецыялізаваныя дзіцяча‑юнацкая школа алімпійскага рэзерву і цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі.
Далучыцца да кампаніі алігархаў на яхтах за дзясяткі мільёнаў даляраў можна і без пастаянных заняткаў спортам. У Беларусі ёсць магчымасць прайсці курс навучання і атрымаць сертыфікат на кіраванне яхтай.
Тут вам не Іспанія
Адзін з самых высокааплатных відаў спорту — тэніс. Але на алтар поспеху дзіцяці бацькі павінны пакласці ўсе свае сілы. Чэмпіёны вялікага тэніса рыхтуюцца ў спецыялізаваных школах і акадэміях у Іспаніі ці ЗША. Атрымаць добрую тэнісную адукацыю ў Мінску можна. Ды славутыя беларускія спартсмены — Вікторыя Азаранка і Максім Мірны — з дзяцінства вучыліся за мяжой.
Але не ўсім жа станавіцца чэмпіёнамі! Навучыцца гуляць можна і ў Мінску. Арэнда корта каштуе ад 20 да 50 тысяч рублёў за гадзіну. Іх колькасць ужо ідзе на дзясяткі. Ёсць і ў сталіцы, і ў Лагойску. Прафесійная ракетка — ад $150.
Гульні эканом‑класа
Спалучэнне фізпадрыхтоўкі і развіццё інтэлектуальных здольнасцяў дае більярд. Ён ужо наблізіўся да агульнадаступных відаў спорту. Арэнда стала каштуе каля 10 тысяч рублёў за гадзіну. Урокі гульні ў прафесіянала абыдуцца ў 30 тысяч за гадзіну.
Шахматы даюць інтэлектуальную падрыхтоўку. Гурткі — звычайна бясплатныя — пры кожным доме культуры і ў многіх школах — ператварылі гульню ў народную.
Сябраваць са спортам становіцца модна. Футбол і валейбол адкрыты кожнаму, а вось больш экзатычныя віды спорту дапамагаюць вылучыцца сярод іншых. Гэта тая сітуацыя, калі можна ганарыцца нават уменнем проста гуляць.





