Памёр сіньёр Лавацца, імя якога стала сінонімам кавы
У веку 78 гадоў памёр Эміліё Лавацца — чалавек, які зрабіў сваё імя сінонімам кавы.
Каля 40 гадоў Лавацца кіраваў кампаніяй, якая насіла яго імя. За гэты час марка Lavazza стала папулярнай ва ўсім свеце. У сябе на радзіме, у Італіі, гэтая кампанія кантралюе амаль палову ўсіх рознічных продажаў.
«Ён не быў публічнай персонай.
[Людзі з Турына] вельмі цэняць сваё прыватнае жыццё. Але менавіта Эміліё вывеў гэтую кампанію на міжнародны рынак», — заявіў у інтэрв’ю Бі‑Бі‑Сі прэс‑сакратар кампаніі Lavazza.
Эміліё Лавацца вельмі цаніў спакой і прыватнае жыццё і
даў толькі адно інтэрв’ю італьянскай газеце. Гэта адбылося 15 гадоў таму.
Экспансія сямейнага бізнесу
Кампанія была заснаваная дзедам Эміліё Луіджы Лавацца ў 1895 годзе.
Сам Эміліё прыняў кіраўніцтва кававым бізнэсам пасля смерці свайго бацькі, якога, як і дзеда, звалі Луіджы, у 1971 годзе.
Менавіта Эміліё разгарнуў маркетынгавую кампанію за межамі не толькі Турына, але і ўсёй Італіі,
дзякуючы чаму ў некаторых краінах слова «лавацца» стала амаль сінонімам слову «эспрэса».
Першае замежнае прадстаўніцтва Lavazza было адкрыта ў 1982 годзе ў Францыі. Зараз кампанія працуе нават у такіх краінах, як Бразілія і Індыя і з’яўляецца шостай у свеце кампаніяй па аб’ёмах абсмажавання кавы.
Паводле папярэдніх падлікаў, аб’ём продажаў Lavazza за 2009 год можа скласці больш за 1,1 млрд еўра.





