Знайсці
27.11.2011 / 02:3316РусŁacБел

15 кажаноў «засяліліся» ў мінскую кватэру

Гаспадыня кватэры баіцца спаць дома, а ЖЭС не ведае, што рабіць у такіх выпадках.

«Мы прыходзім ўвечары дадому, уключаем святло на кухні, а там цэлая зграя кажаноў»: у Мінску на вуліцы Варанянскага ў кватэру на дзявятым паверсе «засяліліся» лятучыя сысуны. Мінчанка Ганна Огнева ў нядзелю знайшла на сваёй кухні калонію няпрошаных гасцей.

«Іх было штук пятнаццаць, — кажа дзяўчына. — 

Яны лёталі па ўсё кватэры, некаторыя віселі на фіранках, а адзін увогуле разлёгся, разгарнуўшы крылы, на падваконні.
Мы не ведалі, што рабіць. Я хуценька схапіла дачку і котку і выскачыла на лесвіцу. Паклікалі суседзяў, яны не паверылі — вырашылі, што я з’ехала з глузду. Аднак суседка пагадзілася паглядзець. Пасля мы разам з ёй і яе мужам выганялі іх у акно».

Кажаны гаспадарылі ў кватэры ўвесь вечар. Спадарыня Огнева патэлефанавала

ў МНС — параілі «адкрыць акно, каб яны вылецелі» і не баяцца, бо кажаны ніякай небяспекі не ўяўляюць.
У выніку кватэру ад няпрошаных гасцей вызвалілі, і Ганна змагла вярнуцца.

Аднак на наступны дзень, як толькі Ганна павярнула ключ у замку, яна пачула выразны строкат кажана. Як высветлілася, за гэты час у кватэры з’явіліся новыя асобіны.

«Адкуль яны бяруцца? Мы спачатку думалі, што яны наляцелі праз фортку, якую я пакінула адчыненай на дзень. Аднак у панядзелак жа такога не было. Хутчэй за ўсё яны прабіраюцца праз дзіркі ў сцяне ў прыбіральні. Што рабіць? Я іх панічна баюся».

Зварот у ЖЭС нічога не даў — тыя накіравалі ў санстанцыю, дзе таксама з кажанамі ніколі не сутыкаліся, а таму параілі звярнуцца ў МНС, які накіраваў назад у ЖЭС.
Чатыры дні запар у кватэры з’яўляліся ўсё новыя кажаны.

«Мне ніхто не верыў спачатку, — кажа Ганна. — ЖЭС тлумачыць, што гарышча дома праверылі і нічога не знайшлі, аднак кожны вечар мы выганяем па некалькі штук кажаноў. Гучыць смешна, аднак нам зусім не да смеху».

Недаверлівыя суседзі таксама спачатку смяяліся, а пасля сталі правяраць свае кватэры на наяўнасць кажаноў. Аднак тыя «сяліліся» выключна ў адну кватэру. У выніку Ганна была вымушаная перасяліць дзіця да бабулі.

«Я баюся гэтых жывёлаў. Я цяпер прыходжу да хаты толькі са знаёмымі, абстукваю ўсю кватэру. Аднак ноччу, як цёмна становіцца, кажаны пачынаюць стракатаць і пішчаць.
І вельмі гучна. Я не магу гэты піск чуць. Нават мая котка баіцца іх. А яшчэ яны пачынаюць шыпець — гук, як калі націснуць на асвяжальнік паветра. У ЖЭСе спачатку казалі — пакуль не будзе доказаў, нічым не можам дапамагчы. А якія доказы? Ім трэба кажан — жывы ці мёртвы». Нарэшце, кажан, адлоўлены суседам, адправіўся ў слоіку ў ЖЭС.

У ЖЭСе ад каментароў адмовіліся, бо пакуль праблема яшчэ не вырашаная.

І санстанцыя, і «Фаўна горада», і ўсе астатнія не ведаюць, што рабіць у такіх выпадках.

Ганна з сяброўкай зрабіла аматарскае відэа, на якім добра відаць, як кажан спіць, павіснуўшы на гардзіне.

Што рабіць, калі кажаны засяліліся ў кватэру? «НН» звярнулася да спецыяліста па кажанах, супрацоўніка Цэнтра біялагічных рэсурсаў пры Акадэміі навук Аляксандра Шпака.

НН: Скажыце, што можа прымусіць кажаноў перасяліцца ў кватэру?

Аляксандр Шпак: Мне рэгулярна паступаюць сігналы пра тое, што ў Мінску на балкон заляцеў кажан. Найчасцей гэта бывае ў лістападзе — калі кажаны пачынаюць зімаваць ці ляцяць на поўдзень. Найчасцей гэта двухколерны кажан — іх у Мінску можна сустрэць.

Проста яны шукаюць месца з прыдатнымі ўмовамі для зімоўкі, часам прылятаюць на балконы.
Але пра цэлую зграю ў кватэры я ніколі не чуў.

НН: А якія ўмовы для іх з’яўляюцца прыдатнымі?

АШ: Гэта тэмпература троші ніжэйшая за нуль альбо трошкі вышэйшая, адсутнасць гукавога фону, высокая вільготнасць. Калі ёсць магчымасць «пусціць» кажана на свой балкон — гэта добра, ён ніяк не перашкаджае, а недзе на пачатку вясны зляціць сам.

НН: Ці ад кажаноў можа сыходзіць нейкая пагроза?

АШ: Не, крыві ён не п’е, у валасы не лезе, правадоў не грызе. Кажан — бяскрыўдная істота. Калі кажаноў выганяць, то гнаць іх трэба мяккімі рэчамі, не швабрамі, у адкрытае акно — хай вылятаюць. Адзінае, што, калі вы вырашылі ўзяць кажана ў рукі, трэба абавязкова апрануць пальчаткі — бо кажан можа ўкусіць, прычым будзе досыць балюча. Аднак гэта толькі ў тым выпадку, калі яго непакоіць. А яшчэ можна патэлефанваць нам, у Цэнтр, і мы з задавальненнем іх забярэм.

* * *

Кажаны — гэта сысуны, падатрад рукакрылых. Існуе больш за 800 відаў іх (у Беларусі толькі 15). Даўжыня цела — да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою тэмпература цела залежыць ад тэмпературы асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некаторыя адлятаюць у вырай.

Кажан двухколерны, у прыватнасці, мігруе на поўдзень на 1000–1500 кіламетраў. Пры гэтым ён вельмі верны: штогод вяртаецца ў тыя самыя схованкі, адкуль адляцеў. Магчыма, кажаны з вуліцы Варанянскага проста паблыталі Мінск з выраем.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера