Знайсці
04.12.2011 / 16:214РусŁacБел

Доўгі доўг

Сярод тых $2,5 млрд, якія Лукашэнка атрымаў за «трубу», ёсць зусім невялічкія грошы, якія ён абяцаў люду яшчэ 17 гадоў таму. Піша Камертон Сяргея Ваганава.

А гісторыя ў снежні 1994 адбылася дзіўнаватая: да Аляксандра Рыгоравіча прыехалі Патапаў і Сіманаў, галоўныя рэдактары найбуйнейшых па тых часах газет — «Труда» і «Камсамольскай праўды». Прыехалі пазнаёміцца, а за адным махам задаволіць прапанову: за кошт доўгу краіны «Газпрому» падпісаць на свае газеты ўсіх ветэранаў вайны, працы і немаведама чаго яшчэ.

Трэба сказаць, што мне, на той час уласнаму карэспандэнту «Труда», не падабалася гэта прапанова. Вяхіраў, які тады ўзначальваў «Газпром», не лічыў грошы на падкормку ўзгаданых газет. І калі «Газпром» сапраўды хацеў дапамагчы беларускім ветэранам, то мог папросту абысціся без псеўдапалітычных захадаў. Зрэшты, «Газпром» без палітыкі — не «Газпром»... Да таго ж парушалася добрасумленная канкурэнцыя з незалежнымі беларускімі выданнямі. Адно супакойвала: упэўненасць у тым, што нічога з гэтага не атрымаецца. «Чаму?» — спытаў мой галоўны рэдактар яшчэ з Масквы. «Інтуіцыя падказвае. Вось пабачыце...»

...Сустрэча была прызначана на 10 раніцы. Без чвэрці мы ўжо былі ў левым крыле Дома ўрада, дзе месціўся тады прэзідэнт. Міліцыянт на ўваходзе нічога не ведаў, і «камсамолка» Вольга Ягорава ўпіхнулася ў вялізную чаргу да тэлефона на мармуровай сцяне...

Чаканне доўжылася хвілін сорак. Увесь гэты час Патапаў хадзіў з боку ў бок, заклаўшы рукі за спіну і паскрыпваючы скураным паліто. Па ўсяму было відаць, як бянтэжыла яго сітуацыя. «Ведаеш, як мяне сустракаў Краўчук?! На верталёце! А Туркменбашы?!» «На дыване-самалёце? — пажартаваў я і паабяцаў: — Яшчэ не тое будзе...»

«Не тое» з’явілася ў выглядзе рашучай напамаджанай жанчыны і двух амбалаў з дручкамі і кайданкамі на рамяні. Далей быў праход праз «рамку».

Нарэшце ўселіся за даўжэзным сталом — маскоўская дэлегацыя і прэзідэнт з памочнікам насупраць. І мой галоўны пачаў...

Трэба было бачыць, які жах адбіўся на твары былога інструктара ЦК КПСС, калі Аляксандр Рыгоравіч,

паклаўшы на стол сціснутыя кулакі, раптам абарваў мудрагелістую прадмову: «Ведаю я вашых расійскіх жулікаў...»

І далей гаварыў толькі ён.

«...А вы ведаеце, што днямі на Маскву ляцелі два неапазнаныя аб’екты? І я загадаў іх збіць. Адной ракетай. А вы ведаеце, колькі каштуе адна ракета?!.»

Галоўны «Камсамолкі» нервова адарваў кавалак ад ліста чыстай паперы, нешта хуценька напісаў на ім і падсунуў Вользе. Памятаю даслоўна: «Тэрмінова высветліць абставіны здарэння і інфармацыю ў нумар!» Я нахіліўся да «камсамольца»: «Не паспееце надрукаваць інфармацыю, як яны прызямляцца на Краснай плошчы...»

Шэпт прагучаў у раптоўнай цішыні. «А вы, — Лукашэнка скіраваў цяжкі погляд у мой бок, — крытыкавалі мяне падчас выбараў...». Я паціснуў плячыма: «Дэмакратыя. Нічога не зробіш...»

Праз колькі хвілін сустрэча скончылася распараджэннем выканаць прапанову, але папярэдне ўсё падлічыць. Я зразумеў, што будзе ўлічаны кошт ракеты...

Назаўтра ў газетах з’явілася інфармацыя аб тым,

як рэдактары дамагаліся ад Аляксандра Рыгоравіча абвесціць падпіску на свае выданні за кошт... бюджэту краіны.
Але ён не дазволіў...

Такая вось гісторыя. Падаецца мне, што яна мае нейкае дачыненне да продажу «трубы». Бо калі размова заходзіць аб атрыманні грошай, дык «Аляксандр Рыгоравіч», а калі аб вяртанні даўгоў — дык «краіна».

Дарэчы, у мяне ёсць уласная прапанова: за кошт двух з паловай мільярдаў абвесціць бясплатную падпіску на «СБ», хаця б для тых, каго вымушаюць падпісвацца. Няблага было б адарыць усіх беларусаў і «Гарызонтамі» з «Віцязямі». З адной умовай: каб глядзелі толькі БТ.

Адно цяжка — падлічыць працэнты за 17 гадоў.

***

Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук

Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.

Сяргей Ваганаў. З нагоды ўзнагароды

Сяргей Ваганаў. Кроў лялькі

Сяргей Ваганаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера