Знайсці
13.12.2011 / 12:4311РусŁacБел

Ці перагоніць Дарка Лену?

У біятлоне важныя партызанскія якасці — страляць і ўцякаць. Піша Зміцер Панкавец.

Новы біятлонны сезон для беларусаў ставіць асноўнае пытанне: ці зможа наша Дарка Домрачава перамагчы немку Магдалену Нойнер.

Дзве самыя перспектыўныя спартсменкі свайго пакалення. Немка ўварвалася ў біятлонную эліту імкліва і нахабна. «Залатая Лена» здзіўляла ўсіх сваёй хуткасцю, лыжы ў яе нібы ляцелі. А калі атрымлівалася справіцца з хваляваннем падчас стральбы, то перамагчы юную Нойнер было амаль немагчыма.

Нойнер заяваявала два залатыя медалі на Алімпіядах, дзесяць разоў узыходзіла на вяршыню п’едэстала падчас чэмпіяната свету. Двойчы выйгравала агульны залік Кубка свету. І гэта ў 24 гады, калі не так даўно адбыўся пераход з юніёраў.

Гэта пры тым, што біятлон не самы ранні від спорту. Раскрывацца і паказваць найлепшыя вынікі тут пачынаюць бліжэй да 30 гадоў, а то і пазней.

Маладых і ранніх у гэтым відзе спорту не так і шмат.

Не дзіва, што яна ўжо задумалася пра завяршэнне кар’еры. Усмешлівая Лена хоча сканцэнтравацца на мадэльнай працы. У спорце ёй ужо нецікава. Верыцца, што яе атрымаецца ўламаць не рабіць паспешлівых крокаў. Усё ж крыўдна будзе страціць адну з найярчэйшых і найпрыгажэйшых спартсменак сучаснасці.

Беларусы заўсёды мелі добрыя вынікі ў біятлоне. Некаторыя лічаць, што гэты від спорту генетычна закладзены ў нашых людзях.

«Біятлон — вяршыня беларускага партызанскага іміджу. Лясныя байцы, хуткія, моцныя і па-снайперску дакладныя, увесь час даваліся ў знакі акупантам. Біятлон — сучасная партызанка, толькі бяскроўная, захапляльная і відовішчная», — пісаў Павел Севярынец.

«Поспехі ў біятлоне згадваюць пра даўнейшыя нашы партызанскія якасці — уменне страляць і ўцякаць. Такім быў наш старажытны князь Усяслаў Полацкі, якога за здольнасць знікаць калі трэба і з’яўляцца там, дзе не чакалі, абвясцілі ваўкалакам і пярэваратнем», — лічыць Пятро Васючэнка.

Шмат гадоў перамогі беларускаму біятлону прыносілі Вадзім Сашурын, Аляксандр Папоў, Аляксей Айдараў, Алег Рыжанкоў, Аляксандр Сыман, Святлана Парамыгіна. Асабліва моцныя былі нашы мужчынскія квартэты ў эстафетах і камандных гонках. Нярэдка за беларусамі прыходзіў да фінішу ўвесь астатні свет.

Часы мяняюцца. І сёння чакаць нечага вартага ад мужчынскага біятлону не выпадае.
Нацыянальную каманду складаюць учорашнія юнакі, якім рана змагацца з зоркамі кшталту Б’ёрндалена і Фуркада. Ды і з трэнерамі праблема. Многія з’ехалі, астатнія адышлі, засталіся нямногія.

Можна толькі з надзеяй сачыць за жаночымі гонкамі. Дзе канкурэнцую Лене Нойнер не першы год спрабуе стварыць наша Дар’я Домрачава. Яна беларуска, але бацькі былі з’ехалі на заробкі ў Нягань Цюменскай вобласці. Там Дар’я і пачала спасцігаць азы біятлону.

Калі прыйшоў час выступаць на дарослым узроўні, Домрачава абрала Беларусь, а не Расію.

Домрачава таленавітая, але ёй далёка да стабільных выступленняў.
Пасля цудоўнага спрынту ў яе можа адбыцца правальная гонка пераследу. Нямецкі трэнер Клаўс Зіберт паставіў ёй стральбу, а вось з хадой на дыстанцыі застаюцца праблемы.

Мінулы сезон Дар’я скончыла дзвюма перамогамі, новы таксама пачала з двух вікторый.

Падаецца, што на сёння Дар’я гатовая да сур’ёзнага змагання за Крыштальны Глобус пераможцы агульнага заліку. Але для гэтага трэба перамагаць непараўнальную Нойнер. Задача не з самых простых, але вырашальная.

***

Біятлон

Зімовы алімпійскі від спорту, які аб’ядноўвае лыжную гонку і стральбу з вінтоўкі. Фактычна асучасненая версія паўночнага палявання. Першыя спаборніцтвы па біятлоне праходзілі ў 1767 годзе на шведсканарвежскай мяжы. Пасля Другой сусветнай вайны біятлон быў выключаны з алімпійскай праграмы праз пацыфісцкія настроі ў тагачасным грамадстве. Толькі напрыканцы 50¬х біятлон пачынае адраджацца. Тым не менш, за самастойны від спорту яго прызналі толькі ў 1992. Найбольш пашыраны ў Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Германіі, Аўстрыі, Францыі. На сёння спаборніцтвы адбываюцца ў наступных відах: індывідуальная гонка, спрынт, гонка пераследу, масстарт, эстафета, змяшаная эстафета. Розняцца яны адлегласцю і колькасцю мішэняў.

У Беларусі Федэрацыю біятлону ўзначальвае старшыня КДБ Вадзім Зайцаў.

Правілы

Лыжы не павінны быць карацейшымі за рост спартоўца мінус 4 см. Для стральбы прымяняецца вінтоўка з мінімальнай вагой 3,5 кг, яна на працягу ўсёй дыстанцыі з атлетам. Забароненая аўтаматычная і паўаўтаматычная зброя. Прыцэлу вінтоўкі забаронена мець павелічальны эфект. Хуткасць кулі не павінна быць большай за 380 м/с. На стрэльбішчы адлегласць да мішэняў складае 50 метраў. Традыцыйна выкарыстоўваецца пяць чорных мішэняў на белай пласціне. Мішэнь уяўляе сабой колца дыяметрам 115 мм (пры стральбе стоячы) і 45 мм (лежачы). Штрафное кола за нятрапны стрэл складае 150 м.

Каляндар сезона 2011–2012

15–18 снежня — Ансі (Францыя)
4–8 студзеня — Аберхоф (Германія)
11–15 студзеня — НовеМеста (Чэхія)
19=22 студзеня — Антхольц (Італія)
2–5 лютага — Хольменколен (Нарвегія)
10–12 лютага — Кантыялахці (Фінляндыя)
1–11 сакавіка — Рупольдынг (Германія). Чэмпіянат свету.
16–18 сакавіка — Ханты-Мансійск (Расія)/

Трансляцыі на каналах «Беларусь2» і «Еўраспорт»

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера