Знайсці
20.12.2011 / 14:5325РусŁacБел

Рознакаляровая Беларусь

Пра Ганцавічы і Пінск піша Сяргей Харэўскі.

Арлы і гномікі

Дарога на Ганцавічы, роўная, як абрус, імчыць між гэткіх жа роўных палёў, па ўскрайках якіх паселі «аграгарадкі», з бэзавымі платамі, фісташкавымі кароўнікамі ды блакітнымі свінарнікамі.

Для тых, хто не бываў у Беларусі, наша краіна паўстае пярэстай і ярка афарбаванай. Памятаю, наш мастак Лёнік Тарасевіч не хаваў свайго захаплення ад знаёмства з беларускімі вёскамі: «Праўдзівы край шагалаўскі! Усё пафарбавана гэтак смела — жоўтым, сінім, зялёным!»

Ганцавічы, што паўсталі ў 1898 пры Палескай чыгунцы, пасля апошніх Дзён пісьменства выглядаюць аптымістычна. З’едлівыя местачкоўцы кажуць, што зробленае за два месяцы праз два месяцы і аблезе... Але вітаюць вас у Ганцавічах арлы і гномікі, грыбочкі і львы, кветкі, складзеныя з пустой пластыкавай тары, і патрыятычныя бігборды.

Тут усё навюткае — крамы, вакзалы, царква ды касцёл. Шматкроць пафарбаваны, увабраны ў пластык і бетонную плітку, гэты райцэнтр выглядае сёння як вялікі піянерлагер. Што праўда, з літаратурна-нацыянальным ухілам.

На цэнтральнай вуліцы адкрылі Алею пісьменства. На гранітных помніках-слупах прымацаваныя бронзавыя скруткі, на якіх чамусьці царкоўным сінадальным шрыфтам выведзеныя імёны тутэйшых класікаў.

Ганаровае месца ў гэтай алеі зай-мае помнік Якубу Коласу, створаны, як і ўся алея, берасцейскімі скульптарамі. Колас і тут бываў! У 1902—1904 ён настаўнічаў у тутэйшай вёсцы Люсіна. Вось паэта і выявілі ў вобразе маладога настаўніка. Сугучна з назваю толькі што паноўленага насупраць кінатэатра «Маладосць».

Коласу прысвечаная і асобная экспазіцыя ў Ганцавіцкім краязнаўчым музеі. Добры музей, варты ўвагі.

Да Каралевы Палесся

Дарога на Пінск ад Ганцавічаў таксама маляўнічая. Абапал дарогі разлягаюцца зарослыя лесам балоты. Палессе! Часам такі мокры лес, у вадзе якога стаяць векавыя дрэвы, падыходзіць проста да самае дарогі.

Як дарога пайшла ўжо Пінскім раёнам, то проста пры дарозе, у вёсцы з душэўнай назваю Дабраслаўка, можна пабачыць унікальны драўляны храм — Траецкую царкву. Яе пабудавалі тутэйшыя мажнаўладцы Друцкія-Любецкія яшчэ ў 1758. Пэўна, гэта самая вузкая з усіх беларускіх цэркваў. Шырыня апсіды складае ўсяго 3,4 м, асноўнага аб’ёму — ледзьве не 7 м.

Гэта дагледжаная доўгая і вузкая царква між старажытных дубоў глядзіцца надзвычай эфектна. Вакол яе з прыемнасцю можна пашпацыраваць. Наогул, у які бок ні выйдзі ў гэтай добрай вёсцы, дзе яшчэ захаваўся старасвецкі брук, паўсюль тут хораша.

Лагішын — класічнае беларускае мястэчка: брук у завулках, рынкавы пляц, колькі старасвецкіх камяніцаў, касцёл, царква, былая сінагога, адпаведна, трое могілак. Перадусім гэтае паселішча слаўнае цудадзейным абразом Маці Божай Лагішынскай, што завецца Каралевай Палесся.

Штогод 10 мая сюды збіраюцца тлумы вернікаў, каталікоў і праваслаўных з усяго Палесся. Цікава, што, нават трапіўшы ў касцёл, святы абраз не заўжды ўбачыш, бо ён схаваны за іншым абразом у алтары. Колькі ні бываў у Лагішыне — ніколі не заспяваў ксяндза ў касцёле. І каб усё ж пабачыць Каралеву Палесся, даводзіцца ісці ў плябань па ксяндза.

Яшчэ ў Лагішыне ёсць новы стадыён, дзе трэніруюцца «Лагішынскія ваўкі» — адна з самых вядомых нашых бейсбольных камандаў! А воўк спрадвеку ўпрыгожвае тутэйшы магдэбургскі герб.

Пінская энцыклапедыя

За Лагішынам ужо і Пінск, слаўны сваімі помнікамі даўніны ды шыкоўнымі краявідамі над Прыпяццю і Пінаю. Ну як прамінуць старажытны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адкуль ліюцца гукі аргана, з вялізарным кляштарам францішканцаў, дзе цяпер ужо дзесяць гадоў як семінарыя?..

Варта зазірнуць і ў касцёл Карла Барамея, што колісь належаў каталіцкаму ордэну манахаў-камуністаў. Дарэчы, непадалёк ад яго — дом сям’і Вейцманаў, дзе жыў і Хаім, першы прэзідэнт Ізраіля. А насупраць у дварах — «канфедэрацкая» сінагога, адна з найстарэйшых у Пінску. Зрэшты, і тутэйшая «Каралінская сінагога» вартая ўвагі, бо ў ёй у 1939 адбыўся падпольны з’езд рабінаў Заходняй Украіны і Беларусі, які перадвызначыў шмат у чым далейшы лёс юдаізму ў СССР.

А сёння тут бывае госцем і Стыў Балмэр, генеральны дырэктар карпарацыі Microsoft, чые продкі адсюль родам. Імёны тых, хто нарадзіўся ў Пінску ці пад ім, ці чые бацькі адсюль родам, склалі б цэлую энцыклапедыю.

Як адзначым Каласавіны?

Апроч апокрыфаў пра быццё тут Дуніна-Марцінкевіча, які ўнесмяроціў тутэйшую шляхту, але не дачакаўся ў Пінску ані помніка, ані нават якога бульварчыка свайго імя, тут дакладна жылі і працавалі Якуб Колас, Ісак Лур’е, Аляксандр Уласаў, Язэп Драздовіч. А педагагічны каледж чамусьці носіць імя Пушкіна. Ну чаму не настаўніка Коласа?

Мяняюць у горадзе беларускія шыльды з назвамі вуліц на расійскія. Зрэшты, гэта паўбяды. Давядзецца калі-небудзь здзіраць увесь гэты хлуд дашчэнту — Ленина и Интернациональная, Горького и 60-летия Октября, Суворова и Ленинградская...

Там-сям зеўраюць пустымі вачніцамі вокнаў старыя дамы. Нешта ўжо падрыхтавалі да зносу. Недзе яшчэ засталіся лапікі колішніх садоў-двароў на месцы каларытных старасвецкіх будынкаў.

Балюча глядзець на раскурочаны будынак былога рэальнага вучылішча, дзе перад першай вайною, ад 1912 да 1914, выкладаў Якуб Колас... У гэтым будынку малады тады паэт пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, тут працаваў над паэмамі «Сымон-музыка» ды «Новая зямля», набіраўся ўражанняў, што лягуць у аснову трылогіі «На ростанях». За савецкім часам на сцяне пабудовы была мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніка. Але за цяперашняй уладаю яе садралі! Бо муляла вока?

Новы ўласнік будынка планаваў зрабіць там забаўляльны цэнтр з боўлінгам, кавярняй з барам, але высветлілася, што ў сутарэннях рабіць боўлінг нельга, бо надта блізка там грунтавыя воды, як і паўсюль тут. Так і давялі ўнікальны помнік да аварыйнага стану...

Больш як стагадовы дом Бялевічаў, у якім Колас жыў на вуліцы Вадаправоднай, захаваўся да нашых дзён няблага. Захаваліся сапраўдныя старыя дзверы, што былі ў тыя часы. У драўляным доме жывуць дзве вялікія сям’і, нашчадкі ўсё тых жа першых уладальнікаў. У савецкія часы тут ці не штогод рабілі рамонт.

Налета — 130 гадоў з дня нараджэння вялікага нашага песняра, сцвярджальніка нашае мовы. Ці зменіцца ў Пінску што да таго часу? Як адзначым тут Каласавіны?

Ад смурных думак хочацца да вады, дыхнуць паветрам з палескіх разлогаў. Хораша прайсціся берагамі Піны, занурыцца ў суплёт вулачак ды двароў. У любую пару ды пры любых уладах. Не-

дзе на касцельнай званіцы бомкнуў звон. А над горадам, адбіваючыся ў зіхоткім люстры водаў, заззяў залаты захад. І золата сонечных апошніх промняў пакрысе спавіла імгла шарай гадзіны.

Сюды хочацца вяртацца зноў і зноў. Тут ёсць паветра. У Пінску хораша марыць.

Сяргей Харэўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера