Знайсці
20.01.2012 / 23:4523РусŁacБел

Перадзел гатэльнага бізнесу

Ці дазволяць расійцам, іранцам і кітайцам прыйсці ў вотчыну Кіраўніцтва справаў прэзідэнта?

Да 2014 года ў Мінску павінна з’явіцца больш за 20 новых гасцініц. Такія гучныя абяцанні сталічныя чыноўнікі даюць штомесяц. Праўда, з кожным іх выступам змяняецца і лічба. Звычайна — у бок павелічэння. Дата правядзення Чэмпіяната свету па хакеі ва ўяўленні чыноўнікаў з’яўляецца нейкім рубіконам, які раздзеліць развіццё горада на «да» і «пасля».

«Наша Ніва» сабрала інфармацыю пра ўсе праекты, на рэалізацыю якіх спадзяецца Мінгарвыканкам. Відавочна, удаецца не ўсё задуманае. Многія замежнікі пасля падпісання інвестыцыйнай дамовы забываюцца на будоўлю, і ўчастак пераходзіць у іншыя рукі. Пры гэтым і гатэль змяняе свой праектны выгляд, часта так, што і не пазнаць. Так, напрыклад, у пачатку студзеня чыноўнікі радасна адрапартавалі аб заключэнні новай дамовы. Кіпрыёты паабяцалі пабудаваць каля стадыёна «Дынама» комплекс Mara Hotel. Вось толькі зусім нядаўна дазвол на будаўніцтва 34-павярховага гатэля тут выдаваўся… туркам. І гэта далёка не адзінкавы прыклад.

Сваімі сіламі

Гатэлі, імавернасць з’яўлення якіх блізкая да 100%, — перадусім тыя, што будуюцца дзяржаўнымі кампаніямі.

Самы ўнушальны з іх — другі корпус гатэля «Вікторыя». Працяг любімай справы былога мэра Міхаіла Паўлава даручылі выконваць польскім будаўнікам. 4-зоркавы гатэль будзе змяшчаць 259 нумароў, басейн і каштаваць каля 50 мільёнаў еўра. У параўнанні з першым корпусам, другі будзе выглядаць гмахам — у ім будзе 21 паверх. Уласнікам элітнага гатэля будзе камунальнае прадпрыемства «Бізнэс-цэнтр «Сталіца».

Той жа кампаніі будзе належыць гатэль каля Лошыцкага парку «Любанскі». Ён будзе мець тыя ж чатыры зоркі, што і «Вікторыя». Пад гатэль пераробяць не саму сядзібу, а былы бровар, які знаходзіцца па іншы бок моста. У яго нейкім чынам усунуць 150 нумароў, SPA і фітнэс-цэнтр з басейнам, салон прыгажосці, ды яшчэ і пакінуць піваварню.

«Прэзідэнт-Гатэль» складана назваць цалкам новай гасцініцай. Гатэль узнікае на месцы савецкай «Кастрычніцкай». Старую гасцініцу зруйнавалі, а на яе месцы будуюць новую, пяцізоркавую. Яна будзе вытрыманая ў тым жа архітэктурным стылі, што і суседнія будынкі, а проста праз дарогу, нагадаем, знаходзіцца рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы.

Грошы на будаўніцтва далі туркі, праўда, толькі ў крэдыт. Згодна з дакументацыяй, «Прэзідэнт-Гатэль» будзе належаць гатэлю «Мінск». Вось толькі не варта забывацца, што сам «Мінск» уваходзіць у бізнэс-імперыю Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

На месцы старога гатэля ўзнікне і «Гарні». Прыватная гасцініца, якая працавала ў губернскім Мінску яшчэ да рэвалюцыі, належыла Берку Суціну і называлася ягоным прозвішчам. ААТ «Мінгатэль», які ўзяўся аднаўляць будынак на вуліцы Інтэрнацыянальнай, вырашыў узяць у найменне назву іншага дарэвалюцыйнага гатэля. Трохзоркавы гатэль на 50 месцаў атрымаў адрэстаўраваны дарэвалюцыйны фасад і сучасную «начынку». Большасць працаў ужо зроблена, і гатэль мае адкрыцца ў бліжэйшыя месяцы.

«Гасцініца ў панэльным выкананні», як назваў яе старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, з’явіцца ў Курасоўшчыне, каля гарналыжнага комплексу «Сонечная даліна». Падрабязнасці праекта пакуль невядомыя, адзінае, што названа — крыніца фінансавання. Грошы на трохзоркавы мінімалістычны гатэль дасць Мінгарвыканкам.

Міжнародныя сеткі мясцовага разліву

Наступны блок гатэляў, відаць, таксама будзе пабудаваны, бо праца на іх ідзе даволі актыўна. Гэтыя гасцініцы заключылі дамовы з сусветна вядомымі сеткамі і атрымалі іх назвы.

У самым цэнтры горада паўстане Kempinski, які змяняў сваё месцазнаходжанне на мапе Мінска ўжо некалькі разоў. «35-павярховы хмарачос на Кастрычніцкай плошчы» раптоўна «ўсох» да дзесяціпавярховіка каля цырка. Ён увойдзе ў сетку Kempinski, аднак ад швейцарскага брэнда застанецца толькі імя, уласнік будзе іншы. Замоўца будоўлі — СТАА «Эліт Эстэйт». Пад гэтай назвай хаваецца творчы саюз маскоўскага «Сіці Эстэйта» і… «Трайпла» на чале з Юрыем Чыжом.

Гасцініца Radisson (4*) ствараецца па тым жа прынцыпе — сусветнае імя і беларускі ўласнік. Нацыянальны Алімпійскі камітэт браў грошы ў «Банка Масква», каб пабудаваць на праспекце Пераможцаў і гатэль, і сваю штаб-кватэру. Улетку 2011 года пасля змены ўласніка банка фінансаванне рэзка скончылася. Будаўніцтва было замарожанае, аднак перад самым Новым годам беларусы ўсё ж пераканалі расійскі банк даць абяцаную рэштку грошай. Комплекс будзе складацца з некалькіх будынкаў — гатэль у выглядзе падковы і шарападобная шкляная прыбудова.

Трэці гатэль, які ўвойдзе ў міжнародныя сеткі, — Hyatt Regency на Старавіленскім тракце. Ён будзе мець 243 нумары, а для адпачынку пастаяльцаў прадугледжаныя басейны і вадаспады ў двары. Вокны будуць выходзіць на Камсамольскае возера. Вось толькі з будаўніцтвам ніхто не спяшаецца, гатэль нават не выйшаў на ўзровень першага паверха.

Кіраўніком ІТАА «Сыравінныя рэсурсы», які будзе валодаць пяцізоркавым гатэлем, з’яўляецца бізнэсоўца Артур Зубарык. Дарэчы, апроч «Хаята», ён валодае гасцініцай «Нёман» у Гродне.

Планы, планы, планы…

Надзеі на тое, што замежнікі цалкам давядуць справу да ладу, няшмат. Абавязкі перад беларускім урадам слаба стымулююць інвестараў, каб іх няўхільна выконваць.

Сітуацыя з пяцізоркавым «Пекінам», які мусіў будавацца на кітайскія грошы ў Парку 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, пакуль што выглядае заблытанай. Не выключана, што Мінгарвыканкам папросіць кітайцаў абраць сабе іншае месца. (Пра абурэнне жыхароў квартала «НН» пісала ў № 1.)

Спрэчкі вядуцца і наконт месца будаўніцтва іранскага хмарачоса «Персполіс». Пяцізоркавы гатэль будзе ўяўляць сабой дзве вежы па 40 паверхаў, якія маюць паўстаць на вуліцы Няміга. Мінчукі перажываюць, што гмахі будуць тырчаць проста за Домам урада. Відаць, так яно і будзе, але месца меркаванага будаўніцтва адсоўваецца ў бок плошчы Багушэвіча ўжо трэці раз — пратэстуюць жыхары суседніх дамоў.

Распрацаваны ў Вільні праект трохзоркавага гатэля «Славянскі» на 120 нумароў спрабуюць рэалізаваць за расійскія грошы. Пляцоўку на вуліцы Нарачанскай у раёне Ржавец атрымаў «Белінтэррасінвест», пазычыўшы грошы ў «Знешэканамбанка».

З той жа краіны — Расіі — прыйдуць грошы і на будаўніцтва чатырохзокавага гатэля ў пачатку праспекта Дзяржынскага. «Раснафта» меркавала ствараць чарговы офісны цэнтр, але ў выніку зрабіла выбар на карысць гасцініцы. На пляцоўцы ўжо вядуцца будаўнічыя працы.

Пра таямнічы гатэль Mara Hotel на рагу вуліц Ульянаўская і Свярдлова ўжо было згадана вышэй. Стаў вядомы інвестар — кіпрскі D-Bussiness Solutions Limited, але далей за дэкларацыю аб намерах справа зайсці не паспела.

Будуйце беларускае

Айчынныя кампаніі таксама не губляюць часу. Тым часам адным з самых актыўных забудоўшчыкаў Мінска стаў… «Футбольны клуб «Сквіч». Спартыўнымі дасягненнямі каманда не вызначаецца, а вось на будаўнічым рынку праяўляе нямала энтузіязму. Спачатку гэтая арганізацыя занялася жылымі дамамі, а цяпер атрымала пляцоўку пад бізнэс-цэнтр і футбольны стадыён, прычым усё гэта ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Праект шматфункцыянальнага комплексу «Сквіч» з трохзоркавым гатэлем ацэньваецца ў 200 мільёнаў еўра.

Супольнае беларуска-амерыканскае прадпрыемства «Стромінвест» сабралася будаваць офісны цэнтр з трохзоркавым гатэлем насупраць Кальварыйскіх могілак. На самі могілкі будуць выходзіць вокны фае, а не нумароў.

Праект комплексу «Цівалі», які мусіў з’явіцца каля Лядовага палаца, знаходзіцца на мяжы замарозкі. ААТ «Фестывальны цэнтр» хацела будаваць офісны цэнтр і гатэль долевым спосабам, але ахвотных набралася недастаткова.

…І гатэльчык збоку

Нарэшце, у некаторых жылых дамах ці офісных цэнтрах нейкая частка будынка выдзяляецца пад гатэль.

Напрыклад, гэта іранскі шматфунцыянальны комплекс «Магніт» на вуліцы Каліноўскага. Кампанія Kayson выказала гатоўнасць выдаткаваць $250 мільёнаў на будынак у форме падковы. Будаўніцтва ледзь-ледзь пачалося, а імпэту ў іранцаў ужо не відаць.

Уладальнікі першага беларускага хмарачоса «Ветразь» таксама падумваюць над тым, каб часткова перапрафіляваць свой жылы дом. Злыя языкі кажуць, што прычынай гэтаму крайняя непапулярнасць 130-метровага дома. Праз дрэнную экалогію каля станцыі метро «Фрунзенская» распрададзена толькі чвэрць кватэраў, таму расійская «Ітэра» шукае іншыя крыніцы акупляльнасці праекта.

…Відаць, праз два гады перад Мінгарвыканкамам паўстане філасофскае пытанне: для каго будаваць новыя гатэлі і забаўляльныя комплексы? Бо ўсё ж ужо будзе створана, прычым з запасам. А пакуль што застаецца сачыць за тым, колькі інвестараў зможа давесці будаўніцтва да лагічнага завяршэння.

* * *

Каму належаць асноўныя мінскія гатэлі?

«Вікторыя» — КУП «Бізнэс-цэнтр «Сталіца» (камунальная ўласнасць)

«Еўропа» — КСУП «Гатэль «Еўропа» (камунальная ўласнасць) «Беларусь», «Спадарожнік» — ААТ «Мінатэль» (асноўны акцыянер — Мінскгармаёмасць)

«Планета», «Юбілейная», «Мінск» — Кіраўніцтва справаў прэзідэнта

Crowne Plaza — «Мінск Прынцэс Атэль», Турцыя

«Журавінка» — «Мінселка», Турцыя

* * *

Таксама шукаюцца інвестары на будаўніцтва гатэляў у Чыжоўцы, каля аўтавакзала «Усходні», каля «Мінск-Арэны», на вуліцы Дружнай, на рагу вуліц Кірава і Свярдлова, а таксама на рагу Леніна і таго ж Кірава.

Ягор Марціновіч, фота onliner.by, skyscrapercity.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера