Знайсці
25.11.2005 / 13:00РусŁacБел

Пісьменьнікі дадуць бой 9 сьнежня

Яны мяркуюць, што ўсьлед за стварэньнем СПБ улады паспрабуюць дэлегалізаваць саюз на чале з Алесем Пашкевічам і пазбавіць пісьменьнікаў базы на Фрунзэ, 5.

Пісьменьнікаў перапаўняюць зразумелыя эмоцыі. 22 лістапада сябры Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў сабраліся на прэс-канфэрэнцыю, каб выказаць свае меркаваньні пра стварэньне праўладнага Саюзу Беларусі.

Старэйшына пісьменьніцкай арганізацыі Валянцін Тарас на Чаргінцовы закіды ў палітыканстве адрэагаваў рэзка: «Нас аб’ядналі Радзіма, мова, гісторыя — вось у чым было наша палітыканства!»

Уладзімер Арлоў у сваім выступе зазначыў пагрозу, якую нясе наваствораная пісьменьніцкая суполка: «У масавай сьвядомасьці адбудзецца прафанаваньне панятку «беларуская літаратура», калі яе прадстаўніком будзе выступаць Чаргінец».

На самую блізкую небясьпеку ўказваў паэт Уладзімер Някляеў: «Сёньня рабіць выгляд, што нічога не адбылося, што гэтыя людзі могуць быць і ў той арганізацыі, і ў нас — дык мы так невядома да чаго дагуляемся. Нам і так перакрыюць усе каналы сувязі з чытачамі. І дзе ты там у краіне каму дакажаш, што ты ня маеш нічога супольнага з гэтай арганізацыяй?» Першая «ластаўка» ўжо прыляцела: у Саюз беларускіх пісьменьнікаў прыйшло запрашэньне на Караткевіцкае сьвята ў Воршу, адрасаванае… М.Чаргінцу.

Задумацца пра вечнае заклікаў калег Генадзь Бураўкін, прапанаваўшы ацэньваць літаратуру па творах, а не па саюзах. Аднак і ён не ўстрымаўся ад рэзкіх словаў: «Але гэта для чытачоў і будучых пакаленьняў няма розьніцы, хто ў якім саюзе, а для палітыкаў і сучасьнікаў — ёсьць. Нам кажуць, што за апошнія 10 гадоў не было створана ніводнай выдатнай кнігі. А быкаўская «Доўгая дарога дадому»? А дзьве выдатныя някляеўскія паэмы — «Палянэз» і фінская? А выдатная кніга вершаў Барадуліна «Ксты»? А раманы Віктара Казька? Дык якое права вы маеце выкідаць гэтыя гады? Ці вы проста ня ведаеце гэтыя творы, бо літаратуру не чытаеце?»

Падсумаваньнем прагучалі словы Сяргея Законьнікава: «Хай ствараюць сабе арганізацыю. Прыйдзе час — усё само рассыплецца».

Такім чынам, арганізатараў вернага Лукашэнку СПБ з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ня выключылі. Праўда, гэта можа адбыцца на зьезьдзе. Прапанова склікаць яго для абмеркаваньня сытуацыі прагучала. «Мы можам на сходзе Беллітфонду 9 сьнежня абвясьціць правядзеньне нечарговага зьезду Саюзу», — адзначыў Алесь Пашкевіч.

Пакуль няясна таксама, ці ўзьнімуцца незалежныя пісьменьнікі на фізычнае змаганьне за сваю ўласнасьць, у прыватнасьці, за мэмарыяльны кабінэт Максіма Танка.

Не падставім шыяў пад ашыйнікі

Гэткай брутальнай зачысткі перад выбарамі абсалютна ніхто не чакаў. Паліттэхнолягі ад улады вырашылі пакуль не чапаць партыі, а запалохаць само грамадзтва, каб пазбавіць апазыцыйных палітыкаў якой бы там ні было падтрымкі зьнізу. Ужо добра праглядаецца лягічны лянцуг: праваабарончавыя арганізацыі, затым Саюз палякаў і пратэстанты. І вось цяпер Саюз пісьменьнікаў — інтэлігенцыя, мозг, нацыянальны агмень.

Трэба не паддавацца на запалохваньні, мацаваць еднасьць і салідарнасьць. Таму выказваю падтрымку легітымнаму кіраўніцтву СПБ. Не здавайцеся. Не пускайце ў сваё сэрца адчай. Ніхто ня здольны зьмяніць гісторыю або павярнуць яе шлях у адваротным кірунку. Перажывём. Беларусь была і будзе. Будзе і беларуская літаратура. А каб мы ў ёй засталіся — мусім не падстаўляць свае шыі пад ашыйнікі.

Алесь Аркуш, лідэр Таварыства вольных літаратараў

Старшыня ПЭН-цэнтру Ўладзімер Някляеў: «Я нiколi нiкога не папракаў за працу ў холдынгу «ЛiМ». Я разумею, што людзям трэба выжываць. Але ў дадзеным выпадку новы саюз арганiзуецца не таму, што кармiцца трэба. Яны выконваюць заданьне: супрацьстаяць Саюзу беларускіх пiсьменьнiкаў, зь якiм улада не змагла справiцца самастойна...»

Народны паэт Рыгор Барадулін: у стварэньні СПБ бачыць спробу «данішчыць Саюз пісьменьнікаў як апору беларускасьці». «Сьпярша ім штосьці дадуць, але ўсё гэта — толькі да чарговае хвалі. Яны думаюць, што ім аддадуць Дом літаратара — не аддадуць: гэта дужа дарагі кавалак. Ну, а што яны абвясьцілі там сябе геніямі, дык Брэжнеў некалі атрымаў прэмію за літаратурныя творы. Жадаю ім посьпехаў Брэжнева!»

Раманіст Віктар Казько: «У нас цяпер ёсьць міліцэйска-пракурорскае выдавецтва, створаны міліцэйска-паліцэйскі саюз пісьменьнікаў. Засталося толькі чакаць прыліву міліцыянтаў у літаратуру».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера