Знайсці
05.02.2013 / 15:02 22

Пяць фактаў пра Аляксандра Аверкава

Асобу Аляксандра Аверкава чарговы раз узгадалі пасля таго, як ён засвяціўся на кастынгу Грамадскага тэлебачання Расіі. «Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра аднаго з самых афіцыёзных тэлевядучых краіны.

Першы твар АНТ

Аверкаў нарадзіўся ў студзені 1960 года ў гарадку Аркадак Саратаўскай вобласці.
Па адукацыі ён акцёр драматычнага тэатра і кіно — закончыў тэатральную вучэльню імя Шчэпкіна.
Падчас эфіраў «Контураў» часам здаецца, што ён пераігрывае — такімі ненатуральнымі выглядаюць некаторыя жэсты і пафасная інтанацыя.

Аверкаў з’явіўся на АНТ з першага дня працы канала. Першы выпуск «Нашых навінаў» пачаўся з ягоных словаў. Ён праанансаваў першы сюжэт — пра тое, што ў адным з дамоў Мінска адбылася ўцечка ртуці.

Аўтарам гэтага матэрыялу была Кацярына Кібальчыч — цяперашняя карэспандэнтка расійскага Першага канала і аўтарка фільма пра Плошчу-2010.

«Нашы навіны» пачалі весці па чарзе чацвёра мужчын-дыктараў. Сяргей Савіцкі пратрымаўся ў эфіры АНТ да 2007 года. Цяпер ён вядзе спартыўныя навіны на СТБ. А вось Аляксандр Сярэбраннікаў і Яўген Лашкоўскі, як і Аверкаў, дагэтуль у эфіры «Нашых навінаў».

Агучваў Ваўка Вову

Аляксандр Аверкаў, хоць і нарадзіўся ў Расіі, але з тых вядучых, хто здольны падтрымаць размову на беларускай мове. Так зусім нядаўна госцем ягоных «Контураў» быў новы міністр культуры Барыс Святлоў. З госцем журналіст размаўляў па-беларуску.

Яшчэ да АНТ Аляксандр Аверкаў агучваў па-беларуску на БТ розныя спартовыя дакументальныя фільмы. Таксама голасам Аверкава гаварыў папулярны герой «Калыханкі» — Воўк Вова.

Заснавальнік «Белай Русі»

Аляксандр Аверкаў не вельмі імкнуўся захоўваць журналісцкі нейтралітэт.

У чэрвені 2007 ён разам з паэтам Уладзімірам Карызнам, барацьбітом Аляксандрам Мядзведзем Аверкаў удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе мінскай арганізацыі «Белай Русі».

Аверкаў таксама з’яўляецца адным з любімых вядучых Аляксандра Лукашэнкі. У 2006 журналіст быў узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, а ў 2010 атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры. У той самы Лукашэнка асабіста павіншаваў Аверкава з паўвекавым юбілеем. Потым вядучы, як сам прызнаваўся, «доўга не мог прыйсці ў сябе».

Аверкаў служыў верна.

Падчас мінулай Плошчы 2010 ў эфіры АНТ ён перадаў: «Спецслужбы атрымалі інфармацыю, што ў двух аўтобусах апазіцыі знаходзяцца выбуховыя рэчывы і прыстасаванні. Пры спробе праверыць аўтобусы натоўп іх атачыў і накінуўся на супрацоўнікаў спецслужбаў».

Гэта, як вы зразумелі, пра зверскае збіццё кандыдата ў прэзідэнты Някляева і захоп ягонага гукаўзмацняльнага абсталявання. Выбуховыя рэчывы ніхто не знайшоў, вядома. Думаеце, Аверкаў прынёс у эфіры прабачэнні з падман?

Варта таксама заўважыць, што ў «чорны спіс» Еўрасаюза вядучы не трапіў.

Лонданскі студэнт

Гэта цяпер Аверкаў сабраўся ў Маскву, а летась яго імя звязвалі з Лонданам. Брытанская ВНУ Magna Carta College Oxford уручыла гранты на навучанне ў Оксфардзе па праграме МВА вядомым беларускім персонам. Сярод іх былі двойчы срэбны прызёр лонданскай Алімпіяды Аляксандра Герасіменя і… Аляксандр Аверкаў.

Зрэшты,

курс дыстанцыйны, таму пераязджаць у Лондан Аверкаву было не трэба.

Творчая сям’я

У творчай сферы, апроч Аверкава, працуюць і яго жонка, і яго дачка.

Жонка Анжаліка абараніла кандыдацкую дысертацыю па мастацтвазнаўстве ў галіне экранных мастацтваў.
А вось дачка Вольга, якая мае падвойнае прозвішча Аверкава-Літвінава, — тэлевядучая.
Яе можна ўбачыць у прагнозах надвор’я на «РТР-Беларусь» і ВТВ.
У анкеце Вольгі ў сацыяльных сетках пазначана, што яна бярэ ўдзел і ў праектах АНТ.

Ягор Марціновіч, Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30