Знайсці
06.02.2014 / 09:077РусŁacБел

Жменька попелу: памяці Генадзя Грушавога

9 дзён таму, 28 студзеня, калі ў Маскве адбывалася пахаванне Юрыя Ізраэля, у Мінску памёр Генадзь Грушавы.

Невядома, ад якой хваробы памёр Юры Ізраэль. На 84-м годзе жыцця хвароба, па сутнасці, адна — глыбокая старасць.

Вядома, ад якіх хвароб паміраюць на 64-м годзе жыцця, — сэрца альбо рак. Сэрца Генадзя Грушавога не вытрымала раку крыві.

Час развёў гэтых людзей, якія наўрад ці ведалі адзін аднаго, на дваццаць гадоў па нараджэнні, але злучыў на сыходзе з жыцця.

Юры Ізраэль, акадэмік, сусветна вядомы адмысловец ў пытаннях метэаралогіі, экалогіі, клімату, чалавек ад маладосці ўшанаваны высокімі ў СССР, а потым і ў Расіі, званнямі, пасадамі і ўзнагародамі.

Адну з іх — ордэн Леніна — ён атрымаў за Чарнобыль. Менавіта ён ствараў мапы радыяцыйнага забруджвання, маляваў ягоныя лічбы, што праўда, розныя ці не штодзень… У асаблівую заслугу яму ставяць прадухіленне панікі ў Кіеве і радыёактыўнага дажджу ў Маскве…

Генадзь Грушавы ніякіх узнагарод ад беларускай дзяржавы не атрымліваў. Філосаф, палітык, гуманіст… Амаль чвэрць стагоддзя ён узначальваў фонд «Дзецям Чарнобыля». Неўпрыкметна вывозіў дзяцей на аздараўленне ў розныя чысцюткія мясціны планеты, ладзіў гуманітарную дапамогу… Сцвярджаюць, што гэтай дапамогай скарысталася каля 2 мільёнаў чалавек, а колькасць аздароўленых дзяцей перавысіла паўмільёна…

У паведамленнях пра смерць Юрыя Ізраэля згадвалася, што яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя ён ці не на сабе вымяраў уздзеянне радыяцыі пасля ядзерных выпрабаванняў пад Сяміпалацінскам. І быццам гэта дапамагло яму атрымаць праўдзівую карціну таго, што здарылася ў Чарнобылі, дзе ён, тагачасны старшыня Дзяржгідрамета СССР, апынуўся 27 красавіка, на другі дзень…

Генадзь Грушавы нічога не вымяраў на сабе ў навуковых мэтах. Наўрад ці ў каго ёсць медыцынскія доказы, што ён захварэў на лейкемію ад Чарнобыля, хаця ніколі не страшыўся ездзіць у Зону. Але каб лічыць лейкемію чарнобыльскай хваробай, беларусам доказы не патрэбны. І ў гэтым сэнсе Генадзь Грушавы вымяраў на сабе тое, што вымяралі і вымяраюць на сабе мільёны беларусаў. І не толькі апраменьванне так званымі «малымі дозамі радыяцыі», але і вялікімі дозамі хлусні.

Хлусні, да якой адразу, з першых дзён катастрофы, спрычыніўся Юры Ізраэль.

У велізарным чарнобыльскім дасье, на якое не забыліся сёння ці не адны навукоўцы, сабраны дзясяткі, сотні фактаў, прыкладаў і доказаў той хлусні. Дастаткова ўзгадаць, як з удзелам Ізраэля ў 10, а ў «асаблівых выпадках» у 50 разоў падвышаліся «нормы дапушчальных узроўняў апраменьвання»; як ён даваў заключэнні на вяртанне цяжарных жанчын і дзяцей у мясціны, якія сам жа месяц таму лічыў небяспечнымі; як з дапамогай падначаленай авіяцыі апрастоўваў над Беларуссю смяротныя хмары, а потым няўцямна і супярэчліва, блытаючыся ў датах і мэтах, тлумачыў тыя «жоўтыя дажджы»…

Упэўнены: калі б адбыўся суд не толькі над кіраўнікамі Чарнобыльскай АЭС, але і над усёй сістэмай татальнай хлусні, Юры Ізраэль фігураваў бы не сведкам, а падсудным. Абвінаваўцам на тым судзе, безумоўна, быў бы Генадзь Грушавы, пацярпелымі — беларускія дзеці. Бо ніхто, як ён, не ведаў усёй праўды пра «чарнобыльскіх вожыкаў». Мо медыкі? Але медыкі таксама хлусілі — маніпулявалі статыстыкай, хавалі чарнобыльскія прычыны хвароб і заўчасных смярцей… Так, суда не было. І мы сёння маем тое, што маем: сістэма татальнай хлусні працуе безадмоўна – ад Чарнобыля да Майдану…

Між тым, у афіцыйным паведамленні пра смерць Ізраэля, у неафіцыйных водгуках таксама, анічога пра ягоную злавесную ролю ў «мінімізацыі» наступстваў Чарнобыля не ўзгадваецца. Больш за тое — ён названы «сапраўдным інтэлігентам».

Што ж вымушала «сапраўднага інтэлігента» хлусіць? З якіх умоў «сапраўдныя інтэлігенты» ператвараюцца ў адэптаў татальнай хлусні?

Такіх прычын процьма — перадусім страх. Але чаго страшыцца чалавеку, які з маладых гадоў нібыта дзеля навукі ахвяраваў сабой, адважна лётаў над ядзернымі палігонамі, ды і ў Чарнобылі не быў баязліўцам?

Не, не страх падпіхнуў Ізраэля ў абдымкі хлусні. «Ён быў сапраўдны дзяржаўнік», — кажа пра яго вядомы падарожнік і дэпутат Дзярждумы Чылінгараў. І гэта праўда. Бо тое, што рабіў Ізраэль у навуцы, у адміністрацыйнай дзейнасці, наогул у жыцці, было падпарадкавана самаахоўным інтарэсам таталітарнай, а потым аўтарытарнай дзяржавы, то бок дзяржаўнай улады. Улады, якая, натуральна, не жыве без хлусні. Нездарма некаторыя замежныя навукоўцы лічылі яго «выкапнёвым камуністам, які змагаецца за выкапнёвае паліва»…

Вось акалічнасць, якая і злучае Ізраэля і Грушавога, і разводзіць іх па розныя бакі на Боскім судзе — яны абодва ахвяравалі сабой.

Ізраэль — дзеля дзяржавы для ўлады. Грушавы — дзеля дзяржавы для людзей.

Не той, што падкладвае пад людзей новы Чарнобыль ў Астраўцы. А той, што ратуе ад усіх чарнобыляў. Бо якая ж гэта будзе дзяржава, калі ў ёй не будзе людзей?!

…Не ведаю, ці сустрэнуцца яны недзе па-за межамі бясконцага неба, ці спраўдзіцца надзея на Боскі суд. Адно несумненна: жменька попелу, што засталася ад Генадзя Грушавога, пераважыць на шалях найвышэйшай Справядлівасці цяжкую шыкоўную труну «сапраўднага дзяржаўніка».

Бо яна, гэта жменька, сталася часцінкай чарнобыльскага попелу.

Попелу, што ўжо ніколі не знікне з роднай зямлі.

Сяргей Ваганаў, [email protected]

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930