Фядута: Можа быць, Натан Шчаранскі адкажа паслу Шагалу?
Былы палітвязень Аляксандр Фядута пракаментаваў выказванні пасла Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Іосіфа Шагала пра тое, што беларускія «палітвязні» — крымінальнікі.
«Адважуся нагадаць спадару Шагалу, што з пункту гледжання Савецкага Саюза і яго сатэлітаў Натан Шчаранскі быў звычайным крымінальнікам і асуджаны быў паводле артыкула крымінальнага кодэкса СССР.
Нагадаю таксама спадару Шагалу, што, з пункту гледжання Германіі і яе сатэлітаў, Карл фон Асецкі быў звычайным крымінальнікам і асуджаны быў паводле артыкула крымінальнага кодэкса Германіі.
Спадзяюся, што хоць бы ў гэтых пытаннях пункт гледжання прадстаўленай ім дзяржавы не супадае з пунктам гледжання Міхаіла Суслава і Альфрэда Розенберга. Ці ўсё ж такі супадае?
І вельмі хацелася б, каб урад Ізраіля ў асобе прэм'ер-міністра публічна або падтрымаў свайго пасла, або асудзіў яго. А таксама выказаў сваё стаўленне не толькі да пункту гледжання Польшчы, пра якую асабліва сказаў спадар Шагал, але і да пункту гледжання Злучаных Штатаў Амерыкі. Яно неяк спакайней будзе для ўсіх — калі пункты гледжання вядомыя…».