Знайсці
13.02.2014 / 16:5830РусŁacБел

Пяць скандалаў, звязаных з паслом Ізраіля Ёсефам Шагалам

Пасол Ёсеф Шагал быў вядомы сваімі адыёзнымі заявамі яшчэ ў Ізраілі.

Атрымліваў ордэн з рук Ільхама Аліева

Ёсеф Шагал нарадзіўся ў Баку (яго першае імя Восіп Шчогалеў), дзе і пражыў да 1990 года. Быў членам КПСС. Быў намеснікам галоўнага рэдактара Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Азербайджанскай ССР.

У 2011 годзе Шагал з рук прэзідэнта Азербайджана атрымаў ордэн «Достлуг» (Дружбы) — найвышэйшую ўзнагароду Азербайджана.

Азербайджан шмат разоў абвінавачвалі ў парушэнні правоў чалавека і фальсіфікацыі выбараў. У краіне за кратамі знаходзяцца некалькі дзясяткаў палітвязняў. Пры гэтым краіна мае прывілеяваныя адносіны з Ізраілем, які выбудоўвае ланцуг саюзнікаў вакол свайго патэнцыйнага праціўніка — Ірана.

Сарваў візіт міністра замежных справаў у Баку

У 2006 годзе паездка Ёзэфа Шагала на радзіму ў Баку скончылася вялікім скандалам. Шэраг заяваў гэтага чалавека прыцягнуў ўвагу не толькі ў Ізраілі і Азербайджане, але і ў Арменіі і Іране. У Тэгеране выказванні Шагала нават пачалі выкарыстоўваць у сваіх мэтах. Што ж нагаварыў дэпутат?

«Ізраіль падтрымлівае справядлівую пазіцыю Азербайджана ў нагорна-карабахскім канфлікце», — прычым гаварыў ён тое, не як прыватная асоба, а ад імя ўсяго Кнесэта. У ізраільскіх СМІ меркавалі, што тыя заявы Шагала маглі паспрыяць умацаванню пазіцый Ірана ў Арменіі.

Сам Ёсеф Шагал адказваў, што меў мала дыпламатычнага досведу. Ізраіль у армяна-азербайджанскім канфлікце афіцыйна трымаецца нейтралітэту.

Праз тыя заявы на нейкі час быў адкладзены візіт міністра замежных справаў Ізраіля Цыпі Ліўні ў Баку.

Назваў дэпутата Кнэсэта «казлом»

Невялікі перыяд часу Ёзэф Шагал быў дэпутатам ізраільскага Кнэсэта (парламента). Ён трапіў у спіс абраных ад нацыяналістычнай партыі «Наш дом Ізраіль» у Кнэсэт 17-га склікання, які дзейнічаў ад красавіка 2006 да кастрычніка 2008. Партыя абапіраецца пераважна на выхадцаў з былога СССР.

Падчас абмеркавання дэпутатамі пытання генацыду армянскага народа, спадар Шагал настолькі разгарачыўся, што назваў дэпутата Элькіна з партыі «Кадзіма» «казлом». Той меў неасцярожнасць нагадаць, што дэпутат-нябожчык ад «Наш дом Ізраіль» Юрый Штэрн таксама выступаў за прызнанне генацыду армян. «Ты яшчэ Чэхава ўспомні, казёл, морду б табе набіць трэба», — сказаў па-руску Шагал.

«Тэма генацыду армян — гэта адзіная магчымасць ізраільскім палітыкам-маргіналам нагадаць пра сваё існаванне», — потым сказаў Шагал.

Троліў журналістку Асю Істошыну

У 2006 годзе ў эфіры тэлеканала RTVi Шагал затроліў журналістку Асю Істошыну. Гаворка ішла аб уваходзе партыі «Наш дом Ізраіль» да шырокай кааліцыі. Вось некаторыя ягоныя выказванні з таго інтэрв’ю.

«Ася, гэта псіхалогія хатняй гаспадыні… Хопіць ператварацца ў класічных ізраільцян».

«Ася, прабачце, канечне, але па-мойму вы сябе кепска адчуваеце, вам трэба прыняць вакцыну ад грыпу».

«Мне надакучыла ваша дэмагогія. Ася, давайце я вас крыху павучу, я вядучы ўсё ж больш дасведчаны».

«У вас ёсць нармальныя здаровыя пытанні? Вы мяне сустракаеце пяццю пытаннямі. У вас іншых паперак болей няма? Ну задайце якое-небудзь нармальнае пытанне».

«Паслухайце, вы мяне ведаеце. Я, я Ёсеф Шагал, я журналіст, і я маю няшчасце выхаваць шмат вучняў, у тым ліку і няўдалых - гэта бывае».

«Вы памыляецеся як заўсёды, па вызначэнні».

Не прызнае наяўнасці палітвязняў у Беларусі

У лютым 2012 Ёзэф Шагал толькі прыбыў на працу ў Беларусі. Падчас інтэрв’ю БелаПАН ён сказаў, што не ведае, ці існуюць у Беларусі палітвязні.

«Я — грамадзянін Ізраіля, у нас няма палітвязняў. Што да Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газеты. Праз паўгода я адкажу на ваша пытанне, — сказаў пасол. — Я журналіст і выдатна ведаю, як пішуцца артыкулы. Вы самі бывалі ў лагерах для палітвязняў?»

Сёлета ў эфіры тэлеканала RTVi ён параўнаў беларускіх палітвязняў з палестынскімі тэрарыстамі.

«Я не кажу, што яны не палітзняволеныя — з якога боку глядзець. З пункту гледжання крымінальнага кодэкса краіны, дзе іх пасадзілі, яны крымінальнікі. З пункту гледжання Польшчы ці Еўрасаюза, яны палітзняволеныя», — сказаў ізраільскі дыпламат.

На ўдакладняючае пытанне журналісткі «а з пункту гледжання Ізраіля?», Шагал адказаў: «З пункту гледжання нашага, яны крымінальнікі, бо ў іх ёсць артыкул — за хуліганства, за кіданне камянёў, за знявагу ўладаў, ну і гэтак далей».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера