Знайсці
14.02.2014 / 10:449РусŁacБел

Марына Адамовіч: Статкевіч пакарыў мяне сваёй абсалютнай мужчынскасцю

Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты, а сёння палітвязня Мікалая Статкевіча расказала «Салідарнасці» гісторыю іх кахання.

Марына Адамовіч не раз адмаўлялася гаварыць пра асабістае. І прычыну зразумець можна: чалавек яна закрыты. Але напярэдадні Дня закаханых зрабіла выключэнне.

— Наша знаёмства адбылося вельмі даўно — на пачатку 90-х. Памятаю, сябры задурылі мне галаву пра тое, які класны хлопец Мікола Статкевіч.

Упершыню мы сустрэліся ў Доме літаратара на дні народзінаў нашага агульнага сябра Міколы Міхноўскага. Там я і ўбачыла Статкевіча — кіраўніка папулярнага і голасна аб сабе заявіўшага Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Мікола — прыязны, з яркімі блакітнымі вачыма, прыгожы мужчына. За некалькі тыдняў да таго яго звольнілі з войска. Не пры самых лепшых абставінах адбылося наша знаёмства. Ён застаўся без справы, якой прысвяціў жыццё, але выпраменьваў добразычлівасць і аптымізм.

Пасля мы з ім сустракаліся ў коле знаёмых. У 1996-м я стала сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, дапамагала яму і партыі.

— Чым вас пакарыў Статкевіч?

— Сваёй абсалютнай мужчынскасцю, годнасцю. Для мяне ён самы неверагодны чалавек з усіх, каго ведаю. Канечне, ён не самы лёгкі чалавек на свеце, як зрэшты і я. Па знаку задыяка мы з ім — два львы.

Для мяне было відавочна, што паміж намі ёсць паразуменне, гатоўнасць прыняць адно аднаго такім, які ты ёсць. Мікола — надзейны чалавек. Я разумею матывы ягоных учынкаў і падзяляю тыя ж каштоўнасці.

… Заўсёды ведала, што Мікола — мой мужчына. Што, як бы ні складалася жыццё, іншага мне не трэба. Нават, калі мы не будзем разам.

Я лічу: галоўнае, што можа даць адзін чалавек іншаму — гэта адпусціць яго. Калі кахаеш, важна пакідаць чалавеку права на выбар, на ўласнае жыццё.

— Можаце прыгадаць, як ён заляцаўся да вас?

— У нас ёсць жартаўлівы выраз: дзеўка аквечаная і ацукераная. (Усміхаецца). Мы з Міколам — людзі адной сістэмы каардынат — маглі размаўляць літаральна гадзінамі. Што тычыцца заляцанняў, канешне, усё было, і бясконцыя прагулкі, і кветкі, і тыя самыя цукеркі.

Я па сваёй прыродзе жанчына перш за ўсё. Для мяне важна, каб побач быў каханы мужчына, які разумее і прымае цябе, як ёсць, прымае тваё жаночае. Да арышту Міколы — да самага апошняга дня — я не была абдзеленая ні кветкамі, ні цукеркамі, ні ягонай увагай.

Час, які мы праводзілі разам, заўсёды быў для мяне прыемным. Мы любім ездзіць у лес, на азёры — абое добра плаваем. Калі выдаецца адпачынак, кіламетраў дзесяць нагульваем.

Няспешна, размаўляючы, а часам і ў цішыні, бо маўчаць разам таксама вельмі прыемна. Гэта ўсё роўна несупынны дыялог, бо можаш у любую хвіліну прамовіць тое, што ты думаў, і высвятляецца, што думалі мы пра адное і тое ж.

Больш за тры гады мінула, як Мікола ў зняволенні, але дагэтуль вельмі часта мы пішам адзін аднаму ў лістах думкі, якія нам адначасова прыходзяць. Спадзяюся, гэтае пачуццё нас не пакіне. Я, прынамсі, заўсёды маю адчуванне небяспекі, якая яму пагражае. Калі ў Міколы была траўмаваная рука, бервяно яго прыціснула ў шклоўскай калоніі, нічога пра гэта не ведаючы, раніцай я літаральна ўзляцела над канапай. А праз дзень мне патэлефанавалі людзі і расказалі аб гэтай траўме, аб якой, канешне, ніхто з адміністрацыі нам паведамляць не збіраўся.

— А як Мікола рабіў вам прапанову?

— Гэта было не адзін раз. На волі я думала, што гэта не патрэбна дваім дарослым людзям, у якіх раней ужо былі сем’і. А калі Мікола апынуўся за кратамі, я сама выступіла з ініцыятывай, што вось цяпер варта гэта зрабіць.

Як жонка, я маю права на два кароткія спатканні два разы на год. Заканадаўствам прадугледжана да чатырох гадзін, але нам даюць па дзве.

— Калі вы атрымліваеце ліст ад мужа, вы адразу яго прагна прачытваеце ці адкладаеце як падарунак на вечар?

— Іншы раз здараецца, пачынаю чытаць ля скрыні, але бывае, даходжу да кватэры, наліваю сабе гарбаты і чытаю. Гэта залежыць ад ступені маёй трывогі, ад таго, як часта прыходзяць лісты.

Часам яны ідуць з перапынкамі. Нядаўна з трох напісаных Міколам лістоў я атрымала толькі адзін. Ён добра ўсведамляе, што чалавек павінен сябе захаваць ва ўсіх сэнсах — псіхічным, фізічным, эмацыйным, і ён дакладна плануе і арганізуе свой час там. Дзеля таго, каб я магла кантраляваць, ці ўсе лісты я атрымліваю, ён піша ў дакладна вызначаныя дні тыдня.

— Вядома, што таямніца ліставання датычна да вязняў — рэч умоўная. Ведаючы, што лісты чытаюць чужыя людзі, вы з Міколам абмяжоўваеце сябе ў праяве пачуццяў?

— Пытанне няпростае, і адказу на яго не можа быць адназначнага. Калі Мікола сядзеў у СІЗА КДБ, лістоў ад яго спачатку не было. А я пісала дастаткова эмацыйна і шмат. Потым сур’ёзна сябе стрымлівала. І сёння я сябе ў пэўнай ступені стрымліваю, бо ведаю, што лісты чытаюцца не адным цэнзарам. Хоць зусім ад цёплых слоў мы не адмаўляемся. Каханне ж па-рознаму праяўляецца. Не абавязкова гаварыць, «як я цябе кахаю».

— Марына, як захаваць адносіны на адлегласці, калі адзіны сродак сувязі — лісты. Бо нават два спатканні на год — праз шкло, і вы пазбаўленыя магчымасці дакрануцца да блізкага чалавека, абняць яго…

— У такім становішчы выкрысталізоўваецца самае галоўнае, самае важнае, што ў гэтым жыцці мае сэнс. Уся шалупінь, лухта адпадае. Гэтае галоўнае дапамагае табе выжыць.

Канешне, ёсць страх, як яно будзе, калі Мікола вернецца. Думаю, тыя, хто трапляў у такую сітуацыю, мяне зразумеюць. На сённяшні дзень, як мне падаецца, Мікола не памяняўся. Ён усё той жа чалавек, якога я кахаю. Але гэты страх не ў сэрцы. Ён больш вонкавы, з тэарытычнага ведання сітуацыі, псіхалогіі. Але калі я зазіраю глыбока ў сябе, то я не баюся, што ў нас істотна што-небудзь зменіцца. Мікола — чалавек цэльны, гарманічны. І гэта ў яго не адбяруць ніякія выпрабаванні.

Дарэчы, гэта і адказ на тое пытанне, якое часта задаюць, ці ў падсвядомасці яно трымаецца. Чаму я не прашу яго выйсці любой цаной?

Падпісаць тое прашэнне, каб быць дома? Як можна ў сённяшніх умовах «падсыпаць яму порах»? Менавіта гэты выраз ён ужыў у адным з сваіх лістоў, калі напісаў мне, што ён мной ганарыцца, і за баронам Мюнхаузенам мог бы паўтарыць: «Глядзіце, у каго яшчэ ёсць такая жанчына!».

Я разумею, што для яго непрымальна. Не магу нават думкі дапусціць, што магла б гэтаму рашэнню супярэчыць. Я вельмі глыбока паважаю Міколу і ніколі не зраблю нічога такога, што магло б хоць нейкі цень сумневу ў ім зарадзіць. Гэта — яго рашэнне. Ён іншага б не прыняў. Ніякага другога ад яго ніхто з тых, хто яго ведае, не чакае. Як я магу не падтрымаць яго?

У рэшце рэшт, ёсць гонар, які вышэй за жаданне спаць у цёплай пасцелі ў абдымках любай жанчыны. Ёсць людзі, якія не могуць здрадзіць самім сабе.

Тыя хлопцы, якія там засталіся, яны ўсе нясуць на сабе гэты цяжар. Яны абраныя лёсам. Мы павінны быць удзячныя, што наша краіна яшчэ нараджае такіх людзей. Бо калі яны знікаюць, грамадства татальнага спажывання не мае шанцаў. Такія людзі даюць шанец, што ў гэтай краіне нешта можа памяняцца.

— Ці думалі пра тое, якім будзе вашае жыццё пасля вяртання Міколы?

— Канешне, у нас багатыя планы на будучыню. (Усміхаецца). Шмат з іх былі перарваныя, і мы будзем працягваць іх рэалізоўваць.

— Ваша сям’я застанецца ў Беларусі?

— Ніколі не абмяркоўвалі гэта. Мы нікуды не збіраемся.

Таццяна Гусева, Салідарнасць

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930