Знайсці
18.02.2014 / 13:29131РусŁacБел

Настальгія па Рэчы Паспалітай, або Жаданне некаторых жыць у бяскрайняй дзяржаве

Піша Стась Карпаў.

Учора на «Нашай Ніве» быў такі, ведаеце артыкул… ну, «пост», з такім, ведаеце, загалоўкам: « Калі б на Алімпіядзе выступала Рэч Паспалітая, яна была б зараз на першым месцы ў медальным заліку». І шмат хто вельмі гэтым натхніўся з тых, хто у нас тыпу нацыяналіст, і аплот, і цытадэль і ўсё такое. Пачалі разважаць, што вось гэта — «наша». Наша Рэч Паспалітая абодвух народаў. А якіх абодвух? Ну, ясна якіх. Беларусаў і іх братоў палякаў. Не жамойтаў жа гэтых і хахлоў, ну што вы, насамрэч, смешныя пытанні задаяце.

А я вось, нешта, не натхніўся і падумаў: так што, усё ж хочацца нам быць часткай чагосьці? Прыплюшчыўшы вочы уяўляць, як ідзем мы не каб людзьмі звацца, а падпярэзаўшы вышыванку слуцкім поясам за 70 тысяч даляраў у пераліку на зялёныя, у новых чаравіках па бяскрайняй сваёй дзяржаве. Стаўшы на мяжы з Расеяй, прыгожым жэстам павесці рукою, а пасля плюнуць на ўсход, расцерці і сысці па руні. Як прыгожа. Мы, рунь і неба блакіт.

А яшчэ мы будзем «падымаць» хахлоў. А яшчэ «укажам месца» жамойтам. Ну і, канечне, «заявім правы» на Смаленск. Чаго нам яшчэ не хапае? Прызнання. Па «Еўраньюз» толькі пра нас будуць казаць. У Алімпіядзе мы зноў першыя. На гэты раз – у Менску. Толькі лохі мараць пра тое, каб сарціры былі чыстымі, дзеці дагледжанымі, мянты ветлівымі і сем'і заможнымі. Сапраўдны грамадзянін марыць пра бяскрайнюю дзяржаву. «Вазьмі паліто, Базэн, і мар пра нешта узвышанае». Калі марыць, дык з размахам.

Але, скажыце, чаму тады не Расійская імперыя? А лепей – Савецкі, маць яго, Саюз! Колькі медалёў мы б мелі, калі б камунізм перамог? Мы бы ўсе медалі мелі, разумееце? І, аб'яднаўшыся з Расіяй, мы бы любой Рэчы Паспалітай паказалі дзе ракі зімуюць.

Расія – не наша? А Польшча? Наша? Дык я вам нагадаю, што ў Рэч Паспалітую мы ўвайшлі, мякка кажучы, не ад добрага жыцця – а ад нявыкруткі ў часе вайны з Расіяй. Нагадаю, што нягледзячы на дэклараваную роўнасць (як і ў СССР) — шляхта наша апалячвалася, наступствы чаго вы можаце радасна бачыць нават цяпер.

Ваньковіч, які з Беларусі з'ехаў за тры гады да смерці — аказваецца, паляк. Шагал (ну, вядома) рускі. Манюшка, Касцюшка і нават браслаўскі Станіслаў Булак-Балаховіч — палякі. Алексіевіч (як сказаў Пархоменка) — руская, а Міцкевіч, які на тэрыторыі Польшчы ні разу не быў — паляк. Чаму? Бо пісаў па-польску! Дык у СССР Адамовіч, напрыклад, таксама пісаў па-руску! Ну дык яго і называлі савецкім пісменнікам, а цяпер на Акадэмік.ру называюць «белорусский и русский писатель».

Рэч Паспалітая, дарагія мае аматары інтэграцыяў, — гэта не залаты век для беларусаў. Кончылася яна для беларусаў тым самым, чым і СССР. У Савецкім Саюзе ўсіх называлі савецкімі, каб пасля зрабіць рускімі, а ў РП усе называліся «роўнымі», каб у выніку зрабіцца палякамі. І хаця той жа Міцкевіч быў адназначна «савецкім (рэчпаспалітаўскім) беларусам» — ідзі паляку пра гэта скажы.

У 1696 годзе беларуская мова перастала быць афіцыйнай мовай ВКЛ. Па Канстытуцыі 3 Мая і само словазлучэнне «абодвух народаў» знікне з саманазвы Рэчы Паспалітай. Гэта называецца паглынаннем. Чым гэта адрозніваецца ад дактрыны светлагаловага Мікіты Сяргеіча, які так абурыўся беларускай мовай Мазурава, што сказаў: «Чым раней мы будзем гаварыць па-руску, тым хутчэй пабудуем камунізм?»

Воля — каштоўнасць абсалютная, а не кантэкстуальная.

Стась Карпаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930