Для Вадзіма Гігіна на АНТ стварылі новае ток-шоу — як у Савіка Шустэра
Тэлеканал АНТ пачаў падрыхтоўку да новага тэлесезона. Ад пачатку верасня ў эфіры з'явіцца ток-шоу «Справа прынцыпу».
У панядзелак, 21 красавіка, гледачы змаглі ўбачыць пілотны выпуск праграмы, якая заняла месца ток-шоу «Пазіцыя» Вадзіма Гігіна.
Зрэшты, ідэалог і галоўны рэдактар «Беларускай думкі» застанецца ў якасці вядучага.
У чым навінка праграмы? У «Справе прынцыпу» гледачы маюць у руках пульты, якімі яны выказваюць падтрымку словам экспертаў ці, наадварот, не пагаджаюцца з імі.
АНТ падгледзела ідэю ў Першага нацыянальнага ўкраінскага тэлеканала, на якім выходзіць падобнае ток-шоу з вядучым Савікам Шустэрам (раней Шустэр рабіў аналагічную праграму і на расійскім НТВ).
У нядаўнім інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі Шустэру рэйтынг падтрымкі словаў кіраўніка Беларусі даходзіў да 100%. Гэты факт некалькі разоў «смакавалі» ўсе беларускія дзяржаўныя каналы, у тым ліку і АНТ. А цяпер вырашылі даць слова і сваім гледачам.





