Знайсці
05.09.2014 / 13:471РусŁacБел

«Белсат» запускае праграму пра моду

8 верасня на незалежным беларускім тэлеканале стартуе новы сезон.

8 верасня інфармацыйна-публіцыстычны блок «Студыя «Белсат» вяртаецца з новымі праграмамі ды новым фарматам. Меней палітыкі ды болей пазітыўных гісторыяў, моды, навінак інтэрнэту і сусветнага кантэксту.

Прыглядаемся да пакалення

Вольга Саўле запросіць вас на сустрэчу з незвычайнымі маладымі людзьмі ў праграме «Профіль пакалення».

«Мне хацелася паказаць пазітыўных і смелых маладых людзей, якія здзяйсняюць свае мары, займаюцца ўлюбёнаю справаю», – распавядае Вольга. – «Я да іх прыходжу, і яны паказваюць мне свой свет ці вучаць мяне».

У госці да тых, хто бачыць свет у каляровых фарбах, Воля Саўле запрашае вас кожны чацвер.

Пашыраем межы

Вольга Старасціна і Сяргей Скулавец пашыраць для вас межы. З пачаткам сезону стартуе «Свет» – праграма пра самыя важныя міжнародныя падзеі дня, а таксама асаблівасці вялікай палітыкі, законы фінансавых рынкаў, жыццё знакамітых людзей ды найцікавейшыя здарэнні.

«Палітычная ізаляцыя афіцыйнага Менску зусім не мусіць азначаць закрытасці свету для беларусаў. Бо так ці інакш, а сусветныя працэсы ў палітыцы, эканоміцы, культуры ды навуцы ўплываюць і на нашае жыццё. І каб быць гатовым да таго, што нам прынясе дзень заўтрашні, трэба ведаць, што адбываецца сёння. І гэтай інфармацыяй – па-беларуску і без цэнзуры – мы гатовыя дзяліцца з нашымі гледачамі», – распавядае Вольга Страсціна.

Раскрываць свет аўтары праграмы будуць кожны будны дзень а 19.35.

Адзяваемся стылёва

Доўгачаканая для ўсёй жаночай часткі гледачоў праграма пра моду. Навучэнка Міжнароднай школы дызайну адзення ў Варшаве Вольга Жарнасек распавядзе пра ўсе таямніцы эфектнага адзення ў праграме «Стыль».

«Стыль» на «Белсаце» – першая спроба паразмаўляць пра моду на сваёй мове і зразумець асаблівасці айчыннай фэшн-індустрыі. Гэта паказы найлепшых дызайнераў, адсочванне трэндаў і модных гаджэтаў. Найважнейшая ж місія праграмы – пазнаёміць гледачоў з творцамі беларускай моды. Таксама прыгледземся, як апранаюцца беларусы на штодзень.

«Цяпер ува ўсіх модных беларусаў ёсць магчымасць трапіць у нашыя камеры і распавесці пра свой стыль і ўлюбёныя рэчы», – запрашае Вольга да ўдзелу ў праграме, а таксама наведвання старонкі «Facebook’у», дзе будуць з’яўляцца не толькі выданні праграмы, але і найбольш цікавыя навіны са свету моды.

У прэм’ерным выпуску ў сераду, 10 верасня, Воля наведае майстэрню таленавітага дызайнера торбаў Паўла Панаскіна.

Не заблытаемся ў павуцінні

Аматар гаджэтаў і сучасных тэхналогіяў Кірыл Смяглікаў занурыцца ў віртуальныя дэвайсы.

«Вэб-браўзер» – лагічны працяг праграмы «Дэвайс», якая ўжо даўно перастала змяшчаць у сябе навіны з сусвету інтэрнэту ды сацыяльных сетак. Але выключна сэрфінгам мы не абмяжуемся!» – абяцае Кірыл.

Кірыл распавядзе вам і пра абнаўленні праграмнага забеспячэння, і пра камп'ютарныя гульні на розных платформах, і, вядома, не пакіне без увагі безліч праграмаў для мабільных тэлефонаў, якія розным чынам спрашчаюць нашае жыццё!

Апроч новых праектаў, у інфармацыйным блоку «Студыя «Белсат» чакаюць добра вядомыя праграмы: свежыя навіны, каментары самых гарачых падзеяў дня, інфармацыя са свету культуры, навіны эканомікі, і «Размова дня» з майстрамі журналістыкі Уладзімірам Мацкевічам, Святланаю Калінкінаю ды Максімам Жбанковым.

Глядзіце інфармацыйна-публіцыстычны блок «Студыя «Белсат» кожны будны дзень з 18-й да 22-й гадзіны ды будзьце ў курсе! Усе праграмы можна будзе глядзець на сайце тэлеканала ў анлайн-трансляцыі.

belsat.eu

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930