Рада IAAF працягнула тэрмін забароны на выступ расійскім лёгкаатлетам. Беларусь застаецца пад наглядам
Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) прыняла прадказуемае рашэнне працягнуць адхіленне расійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі, паведамляе Deutsche Welle з Манака.
«Рада IAAF пацвердзіла рэкамендацыю <…> аб адхіленні дадзенай [расійскай] арганізацыі», — гаворыцца ў рашэнні Рады асацыяцыі, пасяджэнне якой прайшло ў нядзелю, 26 лістапада, у Манака.
Расійскія спартсмены змогуць удзельнічаць у міжнародных турнірах толькі пад нейтральным сцягам. На пасяджэнні было таксама вырашана пакінуць у сіле назіранне за выкананнем допінгавых правілаў федэрацыямі Беларусі, Украіны, Кеніі і Эфіопіі.
Членства Расіі ў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый было прыпынена ў 2015 годзе на фоне маштабнага допінгавага скандалу. Тады ж IAAF стварыла працоўную групу для сумеснай рэалізацыі «дарожнай карты» па аднаўленні расійскай федэрацыі ў правах. Аднак расійскі бок выканаў не ўсе ўмовы для аднаўлення ў шэрагах IAAF.





