Знайсці
13.07.2018 / 00:4522РусŁacБел

Як Наша Ніна глядзела паўфінал ЧС па футболе — найлепшыя каментары і ацэнкі ФОТЫ

Для цудоўнага ліпеньскага вечара дастаткова трох складнікаў: добрай кампаніі, смачнай ежы і паўфіналу чэмпіянату свету па футболе. Так вырашылі мы, журналісткі Нівы/Ніны Настасся Роўда, Кацярына Карпіцкая, Вольга Афіцэрава і Наталля Тур, ды сабраліся разам, каб паглядзець футбол.

Роўда: За каго заўзець будзеце?

Тур: За Бельгію, таму што яны чэмпіёнамі ні разу не былі.

Карпіцкая: А я за Францыю! Бо тут гэты барадаценькі гуляе, прыгожы. Нешта ў ім ёсць.

І мы ўслед за Кацяй пачынаем пільна ўглядацца ў Аліўе Жыру. 

Карпіцкая: Бельгійцы моцныя ў атацы, але галоўны трэнер французаў Дыд’е Дэшам у перадматчавым інтэрв’ю сказаў, што вывучыў іх тактыку і сваіх футбалістаў спецыяльна рыхтаваў даць адпор.

Афіцэрава: Слухайце, а чаму мы не паставілі на гэты матч? Было б у разы цікавей глядзець.

Нашы развагі на 6-й хвіліне матча перарывае востры момант: прывезлі грузінскую ежу.

— Прыйшла, прыйшла, прыйшла! — гарачай вячэры мы ўзрадаваліся больш, чым забітаму пазней голу.

Хачапуры, аджапсандалі, хінкалі — назвы страваў цешаць вушы гэтак жа, як прозвішчы Грызман, Пагба, Умціці, Кампані, Лукаку…

Злева направа: Кацярына Карпіцкая, Наталля Тур, Настасся Роўда.

— Мбапэ перадае пас, — кажа каментатар.

Карпіцкая: Ён сказаў БАТЭ перадае пас?

Тур: Ага, як жа.

Хаця ў верхнім куце экрана чорным па белым напісана, што гуляюць ФРА — БЕЛ. Дык чаму б не пафантазіраваць?

Роўда: Калі б гуляла зборная Беларусі, то я б, можа, нават размалявалася як сапраўдная заўзятарка ды пайшла на стадыён. Атмасфера там, вядома, непараўнальная. Гэта як канцэрт Земфіры глядзець на стадыёне і па тэлебачанні. Велізарная розніца.

Афіцэрава: Увогуле, хто глядзеў матчы на стадыёнах?

Карпіцкая: Я, калі вучылася ў школе, заўзела за ФК «Горкі». Крычалкі ім нават пісала на шпалерах:

«Горки, наступай,
своё время не теряй,
свою честь не подводи,
будем точно впереди!».

Настасся смакуе абсмажаныя хінкалі.

Калі сочыце за чэмпіянатам свету па футболе, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Роўда: А я ўвогуле фактычна ніколі не глядзела футбольныя матчы, за выключэннем сёлетняга мундыялю. Во, разумнае слова знаю.

Карпіцкая: Я ж у выхадныя адпачывала ў санаторыі, там на стэндах былі аб’яўкі, маўляў: прыходзьце заўзець за Расію. Дык мы ўтрох з сяброўкамі ў сваім пакоі зачыніліся і заўзелі за Харватыю.

Тур: А я радавалася, калі Расія на апошніх хвілінах забіла другі гол. Бо вельмі хацелася серыю пенальці паглядзець. А потым радавалася, калі Фернандэс прамазаў.

Афіцэрава: Я ж сама ў футбол гуляла, у летнім лагеры. Мы, трэці атрад, тады перамаглі першы. І яшчэ з пацанамі ў двары гуляла. Мацюкалася на полі жудасна, а як суседка якая міма праходзіла, дык адразу язык прыкусвала. Бегала я хутчэй за ўсіх. Памятаю, лячу такая наперадзе каманды, дыхання ўжо не хапае, з апошніх сіл дабягаю да мяча, замахваюся і… б’ю міма.

Роўда: Во, мабыць, сорамна было. Як ты перажыла? Каб я так прамазала, дык рагатала б гучней за ўсіх.

Афіцэрава: Пфф, я павяла сябе як сапраўдны футбаліст! Прафесійна зымітавала, што падвярнула нагу.

Тур: Вось, перажываеш за футбалістаў, а яны ж такія сімулянты.

Роўда: Ну не ўсе. Я наогул не разумею, як яны яшчэ гуляюць пасля таго, як раз пад дых атрымаюць. Ці вось як зараз — мячом у сківіцу.

Карпіцкая: У мяне ад футбола гарбінка на носе. Урэзалі мячом.

Тур: А мяне мінулым летам на вароты паставілі ў пляжным футболе. Бягуць на цябе «ласі» з мячом… Сапраўдны адрэналін!

Воля Афіцэрава ўплятае за абедзве шчакі гарачую ляпёшку з яйкам і маладым грузінскім сырам.

Роўда: Слухайце, а чым футбалісты займаюцца? Ну, акрамя трэніровак?

Карпіцкая: Як чым? Здымаюцца ў рэкламе, у паказах модных удзельнічаюць.

Роўда: Ага, цырульнікаў мяняюць. Як вам тое, што Нэймар двух стылістаў прывёз з сабой?

Карпіцкая: У аднаго нашага старшыні райвыканкама, па чутках, таксама свой стыліст быў. І гардэробная ў кабінеце.

Тур: Можа сабе дазволіць. А прычоску Нэймара ўсё адно з ралтонам параўналі. Насць, ты ж вось казала, што футбол не глядзіш. А Нэймара, значыць, ведаеш?

Роўда: Ну я ж навіны чытаю. Наогул, запамінаюцца нейкія такія рэчы, а не тое, хто там каму забіў на якой хвіліне. Пра ўругвайскага футбаліста Луіса Суарэса запомніла, што дзяўчына яго да сябе жыць узяла. У 13 год! Яны пасля ажаніліся.

Карпіцкая: А я чытала, што бельгійскі футбаліст Рамэлу Лукаку быў бедным, яго сям’я ела адно хлеб і малако. Дык вось ён у шэсць гадоў паставіў сабе мэту абавязкова разбагацець. І ў падлеткавым узросце ўжо купіў першы катэдж. Крута ж, чалавек з дзяцінства ведае, чаго хоча. У нас некаторыя ў 17 год не ведаюць, куды паступаць будуць, а тут у шэсць год вызначыцца са справай усяго жыцця.

Роўда: І гэта пры тым, што ў футбол гуляе кожны другі. А тут ведаць, разлічваць, што станеш геніяльным футбалістам…

Тур: Гэтаму Мбапэ, дарэчы, 19 гадоў.

Роўда: А выглядае на 30.

Тур: Рана пачынаюць кар’еру, у 19 гадоў ужо ў нацыянальнай зборнай. Бо нашы, пакуль трапяць, дык ужо задышка і гіпертанія.

Карпіцкая: Эээ, больш патрыятызму.

Тур: А яшчэ зборная Францыі нагадвае зборную Нігерыі. Колькі там французаў?

Роўда: Дарэчы, было б цікава сабраць у зборных толькі прадстаўнікоў нацый у якім трэцім пакаленні: немцаў, французаў, беларусаў. І паглядзець, хто больш хуткі, хто больш разважлівы, хто моцны стратэг. Натуральна, што часцей перамагаюць шматнацыянальныя зборныя — у кожнага свой моцны бок.

— Ааааа! — крычыць Каця.

— Што, гол?!

— Не, соус на канапу капнуў. Смачней так, калі лаваш у соус абмакнеш.

Афіцэрава: Дзяўчаты, частуйцеся аджапсандалі.

Роўда: А што гэта?

Афіцэрава: Гародніна — баклажаны, перац. Такое леча, але халоднае. Вельмі смачна.

Роўда: Дарэчы, а вы хоць калі ў жыцці сустракаліся з футбалістамі?

Афіцэрава: Ну, я збіраюся выйсці замуж за футбаліста.

Роўда: Ён жа праграміст.

Афіцэрава: Ну але ж займаецца футболам.

Карпіцкая: Я казала, што заўзела за ФК «Горкі», калі была школьніцай. А заўзела якраз таму, што мясцовыя футбалісты былі гэтакай «залатой» моладдзю. Такія класныя хлопчыкі. Не ведаю, што яны сабе думалі, але нам здавалася, калі мы прыйдзем да іх пасля матча, то яны проста самлеюць. Вяла дзённікі, дзе запісвала вынікі гульняў. Марыла быць футбольнай журналісткай.

На экране суддзя штосьці тлумачыць і актыўна размахвае рукамі.

Карпіцкая: Дарэчы, я б хацела судзіць матчы. Ты на полі самы галоўны, цябе ўсе слухаюць. А спрачаюцца — ты раз — і жоўтую картку.

Роўда: Ага, і ўсе цябе ненавідзяць.

Тур: Няпраўда. Прызначаеш пенальці адной камандзе — другая цябе любіць.

Нарэшце, на 51-й хвіліне, Умціці забівае першы гол.

Карпіцкая: Ааа, бачылі, як ён прайшоўся пасля голу? Калі французы выйграюць, заўтра на працы вы ўсе, хто за Бельгію, робіце па рэдакцыі такую праходачку.

Дарэчы, ведаеце ж, што гэты матч у Піцеры праходзіць?

Тур: Я і гляджу, што Грызман з доўгім рукавом. Холадна там, ці што? А ўяві, Насць, стаіш ты такая на касе ў краме, а за табой у чарзе — Грызман. Вось што ты будзеш рабіць?

Роўда: Нічога не буду рабіць, я яго не пазнаю.

Тур: А каб пазнала?

Роўда: Не, на шыю не кідалася б і аўтограф не брала. Мне шкада гэтых «зорак», усе на іх вешаюцца, усе з імі хочуць сфатаграфавацца. А ён, можа, проста хацеў спакойна ўзяць якое малако.

Тур: Бачылі на трыбунах Міка Джагера? Вой, Лену паказалі! Дзяўчына знаёмая, дакладна яна. Крута ж заўважаць такія моманты.

Карпіцкая: Угу, і стаць мемам, як тыя з шаўрмой. А мы б маглі стаць мемам з антышаўрмой. Цікава, чаму ў gruzin.by шаўрма называецца антышаўрмой? Інгрэдыенты, здаецца, тыя ж. Толькі не ў лаваш загорнутыя, а ў канверцік.

Роўда: А вы моцна перажываеце, што Раналду перайшоў у «Ювентус»?

Тур: Перайшоў і перайшоў. А Буфон сышоў з «Ювентуса» і перайшоў у ПСЖ.

Да канца матча — шэсць хвілін. Мы з усёй моцы просім бельгійцаў забіць. Падарыць нам дадатковы час ці нават серыю пенальці.

Але перамога дастаецца французам.

Тур: Н-да, з футболам нам сёння не вельмі пашанцавала. Сумны быў.

Роўда: За каго далей заўзець будзем?

Карпіцкая: За Харватыю, браты-славяне ўсё ж такі.

Мы даядаем ушбу, грузінскі аналаг дэсерту «Мурашнік», і разважаем пра тое, што футболу асабліва і альтэрнатывы няма, каб гэтак сабрацца разам, пагутарыць ды яшчэ нешта цікавае паглядзець. Фільм — не тое, трэба быць сканцэнтраваным. Хіба што «Еўрабачанне», але ж яно раз на год. Так што гэта можа стаць пачаткам добрай традыцыі. Раім!

Шчыра дзякуем нашым партнёрам gruzin.by за найсмачнейшую вячэру! Без яе было б не тое.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера