Знайсці
12.09.2018 / 10:2735РусŁacБел

Беларускі дызайн: як ствараюцца лагатыпы і хто стаіць за «вокладкай» нашых брэндаў

Ці задумваліся вы, што ўсё тое, што нас атачае, так ці інакш з’яўляецца прадуктам дызайну? Шыльды, білборды, крой адзення, планіроўка кватэры… Мы сутыкаемся з гэтым кожны дзень і часам нават не ўяўляем, як шмат працы стаіць за кожнай рэччу.

Прапануем вам бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто задае правілы густу ў нашым асяроддзі. Разам з нямецкім брэндам прафесійных інструментаў для пісьма rOtring і афіцыйным дыстрыб'ютарам брэнда ў Беларусі — кампаніяй Universal Press — мы пачынаем праект «Сучасны беларускі дызайн з rOtring».

Гісторыя кампаніі Tintenkuli Handels GmbH ROTRING 

пачалася ў 1928 годзе з вынаходкі пад назвай «Вечнае пяро». Гэта была аўтаручка з вузкай сталёвай трубкай замест звычайнага пяра. Але сапраўдны поспех прыйшоў пазней, калі «Вечнае пяро» стала інструментам для чарчэння — рапідограф да гэтага часу застаецца візітнай карткай фірмы.

Назва кампаніі была змененая на rOtring у пачатку 1970-х, каб адпавядаць гандлёвай марцы. Яе сімвал — чырвонае кальцо, якое апяразвае кожную прыладу.

Цяпер фірма вырабляе больш за 3000 найменняў папулярных сярод прафесіяналаў прылад. Гэта iзографы, пёравыя асадкi для каліграфіі і летэрынгу, прафесійныя механічныя алоўкі, а таксама роглі, лінейкі, шаблоны, чарцёжныя дошкі і іншыя прылады. Апошняя распрацоўка фірмы — гібрыдны інструмент rOtring 800+, які дае магчымасць маляваць як на паперы, так і на тачскрыне.

Сёння гаворым пра тое, як ствараюцца лагатыпы і чаму яны — твар брэндаў. Праваднікамі ў гэты свет стануць сусветнавядомы мастак, дызайнер і правакатар Уладзімір Цэслер і прафесійны распрацоўшчык і вытворца шрыфтоў Дзяніс Серабракоў.

«Расфарбоўка пазногцяў — гэта не дызайн»

Дзяніс Серабракоў пачаў пагружацца ў прафесію ў 2003 годзе. З 2006-га працуе як індывідуальны прадпрымальнік. Сёння ён сумяшчае ў сабе стваральніка шрыфтоў, менеджара па продажах, крэатыўнага дырэктара і бухгалтара. Паспеў пасупрацоўнічаць з многімі буйнымі беларускімі і замежнымі кампаніямі (1С Wargaming, «Крыніца», «Белрасстрах», Artox, «Мегафон», Moscow Tesla Club і іншыя).

Дзяніс Серабракоў.

«Звычайна абывацель пад дызайнам мае на ўвазе дэкор, але гэта розныя рэчы. Дызайн — гэта працэс, вынікам якога становіцца дом, новая прычоска ці тэлефон. Беларускі філосаф ад дызайну Алег Чарнышоў увогуле кажа, што прадуктам дызайну можа быць нават ідэалогія. Калі тлумачыць прасцей, то ўсё гэта можна параўнаць з медыцынай: фіналам працы стаматолага будзе вылечаны зуб, для дызайнераў — намаляваны лагатып, напрыклад. У агульначалавечым сэнсе дызайн захоўвае ў сабе і развівае сучасную культуру. А вось расфарбаваныя пазногці ці страшныя шыльды на будынках беларускіх гарадоў — гэта акурат дэкор, банальнае ўпрыгожванне. Называць гэта дызайнам некарэктна.

Рознакаляровымі шыльдамі з плёнкі і пластыку ў нас спрабуюць вылучыць гандлёвыя пункты, каб яны «кідаліся ў вочы». Але трэба разумець кантэкст і ведаць меру! Бессістэмнасць рэкламы псуе інтэр'ер і траўмуе псіхіку», — уводзіць у матчастку Дзяніс.

Лагатып — прыватны выпадак дызайну. З ім брэнд вылучаецца сярод сотняў іншых, робіцца пазнавальным.

«За гады я выпрацаваў для сябе схему прыдумвання лагатыпаў. Як шрыфтавік адштурхоўваюся менавіта ад шрыфтоў. Для мяне вельмі важны першасны кантакт з кліентам, таму я амаль не працую з замежнымі замоўцамі. Выкарыстоўваю розныя інструменты. Гэта можа быць камп’ютар, аловак з шырокаканцовым пяром, аплікацыя, фарбы — усё, што даступна. Сёння на тое, каб зрабіць лагатып, у мяне сыходзіць тыдзень-два», — расказвае дызайнер.

Дзяніс накідвае эскіз пёравай ручкай rOtring Art Pen.

У сваім рамесніцтве Дзяніс выступае за дыктатуру: адразу дае зразумець, што не пойдзе на павадку ў кліента. Такі падыход тлумачыцца проста: «Кліент — не прафесіянал, ён не займаецца дызайнам кожны дзень і не здольны ўбачыць увесь дыяпазон магчымасцяў». Па тых жа прычынах Серабракоў ніколі не прапаноўвае замоўцам некалькі варыянтаў лагатыпаў на выбар.

«Дызайнерская школа ў савецкай Беларусі была найлепшая»

У мінскай майстэрні Уладзіміра Цэслера сярод шматлікіх эскізаў, фарбаў, арт-аб’ектаў і інструментаў на ганаровым месцы вісіць скульптурны злепак профілю яго галоўнага, відаць, творчага партнёра Сяргея Войчанкі. Яны пазнаёміліся ў 1970-я, калі разам навучаліся ў сённяшняй БДАМ на аддзяленні дызайну. Працы, асабліва плакаты, зробленыя іх арт-студыяй, грымелі не толькі ў СССР, але і далёка за межамі. А праект «Дванаццаць з ХХ», у якім 12 самых значных мастакоў XX стагоддзя прадстаўленыя ў выглядзе яек, і сёння згадваюць як адну з самых геніяльных скульптурных інсталяцый у свеце.

«Сталін, які не ржавее». За падобныя «жарты» са Сталіна Інстытут гісторыі партыі рыхтаваў Войчанку і Цэслеру помсту.

У 2004 годзе Сяргея Войчанкі не стала, але Уладзімір працягвае рабіць іх супольную справу. У адрозненне ад многіх людзей таго пакалення, ён сочыць за апошнімі трэндамі і мае інтэрнэт-мысленне, таму ўсе яго працы, як і раней, трапляюць у яблычак.

Распавядаючы пра сваю дзейнасць у савецкія часы, спадар Цэслер згадвае імёны калег: Сяргей Саркісаў (аўтар вядомай эмблемы Мінска і «Калінкі»), Мікалай Стас, які распрацаваў фірмовы стыль «Мілавіцы» і завода «Гарызонт»… І адзначае, што дызайнерская школа ў Беларусі заўсёды была моцная.

«На мой погляд, дызайнерская школа ў нас была найлепшая ў СССР. Што і казаць, калі яшчэ ў пачатку 1920-х у нас функцыянавала цудоўнае мастацкае аб’яднанне УНАВІС, куды ўваходзілі Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Мікалай Суэцін».

Уладзімір скептычна ацэньвае сённяшні стан дызайну ў Беларусі: «рашэнне, як будуць аформленыя брэнд ці падзея, часам прымаюць начальнікі, якія анічога ў гэтым не цямяць».

«Неяк я ствараў плакат па замове Міністэрства культуры, звязаны з Янкам Купалам. Чыноўнікі паглядзелі і сказалі: «Плакат нядрэнны, але замяніце шрыфт». Я тады спытаў: а на які? Яны не ведаюць. Вось у тым і справа: не ведаюць, але лезуць.

Тая самая сітуацыя і з бізнэсам, з замоўцамі. Адна прадпрымальніца папрасіла дапамагчы з брэндаваннем іх масла. Я тлумачыў: лепш прадаваць такі прадукт, запэўніваючы, што гэта нешта народнае, з вёскі, зробленае за суседнім плотам. І каб у спакойных колерах: вохра, залацісты, максімум — сіні. Але ў яе галаве вёска = калгас, ёй падавай кіслотныя пакункі. У людзей тут склаўся пэўны густ, і ні ў чым ты іх не пераканаеш. Таму

я часцей працую з замежнымі кліентамі: каб жыў выключна беларускімі заказамі, даўно б есці не было чаго», — расказвае Уладзімір.

І працягвае:

«Праз тое, што дызайнерскія рашэнні прымаюцца незразумела кім, мы маем страшныя плакаты «Я люблю Беларусь» на вуліцах і зубра Волата ў якасці талісмана хакейнага чэмпіянату. Усе ж рагаталі з яго! Хтосьці з замежнікаў, памятаю, спытаў у мяне: «А чаму ў вас сімвалам стала карова? У вас добрае малако. Мабыць, таму?». Малако ў нас сапраўды нядрэннае, і карова магла б сімвалізаваць Беларусь, але ў асацыяцыі «карова на лёдзе», пагадзіцеся, яна ўжо не да месца.

Зубра абралі народным галасаваннем. Аднак калі гаворка ідзе пра рэчы, якія прэзентуюць нас на дзяржаўным узроўні, на міжнародным, то я ўпэўнены, што рашэнне павінна прымацца спецыяльнай камісіяй з мастакоў, дызайнераў, загадчыкаў профільных кафедр — людзьмі, якія ў гэтым разбіраюцца. Тады будзе нейкі годны вынік».

У майстэрні Цэслера.

«Беларускія кампаніі часам просяць зрабіць, як у Лебедзева»

Расказваючы пра беларускіх кліентаў, Дзяніс Серабракоў заўважае некалькі асаблівасцяў. Напрыклад, амаль усе яны хочуць, каб у лагатыпе быў і знак, і тэкст. Але з пункту гледжання маркетынгу знакі патрэбныя толькі кампаніям, якія за кароткі час маюць вялікую колькасць кантактаў з аўдыторыяй. Ці калі іх назвы доўгія, складана вымаўляюцца. Так, калі для мабільных аператараў значкі пажаданыя, то маленькая кавярня можа спакойна абысціся і без іх.

У якасці прыкладу-арыенціру беларускія кліенты часам прыводзяць раскручаную цяпер маскоўскую дызайнерскую студыю Арцемія Лебедзева. На гэта, на думку дызайнера, ёсць свае прычыны:

«Мы знаходзімся пад абсалютным уплывам краін, з якімі размаўляем на адной мове. І распіяраныя ў інтэрнэце ці на тэлебачанні персоны, якія працуюць у Расіі ці ва Украіне, цалкам лагічна занялі розумы простых людзей. Пра свае ж уласныя дасягненні мы маўчым.

Ды і няма ў нас спецыялізаваных рэсурсаў, якія б маглі гэтую тэму папулярызаваць. Умоўна кажучы, мае шрыфты ў 2014 і 2017 гадах прызнавалі аднымі з найлепшых некалькі спецыялізаваных інтэрнэт-выданняў. Гэта падзея для Беларусі? Здаецца, так. Але беларусы крыху абыякавыя. У нас вельмі рамесніцкае мысленне: нехта лепіць збаны, нехта выпускае крафтавае піва, нехта прадае біжутэрыю. І ўсё гэта ствараецца ў маленькіх майстэрнях і аб’ёмах. Тое, што мы робім, быццам ад пачатку не скіравана на экспарт, на заяву: «Глядзіце, Беларусь ёсць!».

Пры гэтым мы маем выдатных майстроў, нічым не горшых за тых, чые працы піярыць Арцемій Лебедзеў: Ігар Юхневіч, Лёша Ліманаў, Антон Баранаў, Юрый Тарэеў і іншыя.

«Беларускі візуальны код — гэта не толькі арнамент»

Апошнім часам, як можна заўважыць, шмат дзе пачаў з’яўляцца арнамент: ён ёсць на эмблеме МЗС, яго «кладуць» на дамы, лесвіцы, адзенне, пасцельную бялізну, таксі… Тыя, хто не хоча капіяваць ідэі расійскіх дызайнераў, знаходзяцца ў статусе «ў пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці».

Да Дзяніса Серабракова неяк таксама звярнулася таксаматорная служба з просьбай распрацаваць для іх фірмовы стыль з выкарыстаннем нацыянальнага арнаменту. Дзяніс адмовіўся: для яго беларускі візуальны код — гэта не толькі вышыванкі.

«У плане фарміравання культуры мы вельмі залежныя ад Расіі і Захаду адначасова. Мы знаходзімся недзе пасярэдзіне, і трэба вызначацца, у чым будзе праяўляцца наша адметнасць. На гэтае пытанне кожны прафесіянал павінен даць адказ сам праз жывапіс, скульптуру, кіно ці тэксты. Вось у кніжцы Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» ёсць крыху пра наш код, напрыклад. У мяне самога пакуль няма сістэмы генерацыі інфармацыі, звязанай з эстэтыкай беларускіх шрыфтоў, лагатыпаў… Але для мяне гэта дакладна не махровая імітацыя. Калі, каб зрабіць нешта беларускім, туды абавязкова пхаюць арнамент, нават на каўбасу. Гэта ж абсурд! Як і надрукаваныя вышыванкі на майках: так жа куды танней, чым вышываць. Для мяне падобнае штучнае дачыненне да беларускасці незразумелае».

Ілюстрацыя Андрэя Ярашэвіча.

У працы са знешнім выглядам піва «Легенды Менску» Дзяніс акурат паспрабаваў паэксперыментаваць з беларускімі, на яго погляд, матывамі.

«Для мяне тут беларускае ў пэўнай форме знакаў і ў тым смаку, які застаецца ад іх. Але гэта дэкор».

А гэты лагатып Дзяніс стварыў для фонду «Добра».

«Тут я шукаў тое, што можа быць сучасным і адначасова несці ў сабе нашы традыцыйныя аўтэнтычныя коды.

У працэсе я вывеў для сябе такую сэнсавую канструкцыю ў дачыненні да беларускага: аскетычны мінімалізм, калі ёсць самае неабходнае і гэтага дастаткова. Можна сказаць, што наш візуальны код захоўваецца ў беларускіх вёсках з іх зразумелай карцінай свету. Канцэпцыя беларускага для мяне ў простасці».

Уладзімір Цэслер мае сваё прадстаўленне беларускага: гумарыстычнае, часам правакацыйнае і рэзкае. Для яго гэта гульня ўжо з вядомымі лагатыпамі і сімваламі, у якія ён дадае новы сэнс, які будзе добра зразумелы менавіта на лакальным узроўні. Праўда,

гумар пра Беларусь ва Уладзіміра Цэслера выходзіць скрозь слёзы: на майках замест Менск — Ментск, замест Дажынак — Дажымкі.

«Мой варыянт лепш характарызуе тое, што зрабілі з родным Слуцкам да гэтага свята», — тлумачыць Цэслер.

За падобную смеласць у выказваннях Уладзімір паплаціўся адсутнасцю званняў. Але ён нават усцешаны гэтым фактам: «Званні ж у нас сёння даюцца не за дзеянні, а за любоў начальства, таму не крыўдую». Ён прызнаецца, што, калі нарадзіўся сын, стаў больш абачлівым у сваіх мастацкіх рашэннях, але рэвалюцыйную натуру цалкам усё роўна немагчыма перакроіць.

А што з будучыняй?

Дзяніс Серабракоў у гэтым плане настроены аптымістычна:

«Калі разглядаць дызайн як метадалогію, то ён нікуды не дзенецца. Пры сучасных тэмпах развіцця нейронных сетак цалкам рэальна, што шрыфт ці лагатыпы будуць ствараць машыны: націснуў — і гатова. Але сама думка дакладна нікуды не знікне. Дызайн — гэта пошук ідэй. Калі яны ёсць, ужо няважна, якім чынам будзе адбывацца рэалізацыя».

А вось Уладзімір Цэслер не наважваецца даваць ацэнку развіццю падзей у будучыні: «Час пакажа, да чаго мы ў Беларусі прыйдзем. Можа, будзе яшчэ горш. Мы ўжо не ацэньваем, мы прыстасоўваемся: даўно ніхто ні з чым не змагаецца, каб тут было лепш».

Калі лагатыпы перастаюць працаваць

У фінале размовы мы папрасілі нашых герояў разабраць некалькі беларускіх лагатыпаў і патлумачыць, што з імі так ці не так.

Сённяшную форму лога Белтэлерадыёкампаніі ў сярэдзіне 1990-х прыдумаў Уладзімір Цэслер. Праўда, у яго варыянце яно мусіла быць зялёным: сімвалізаваць такім чынам святлодыёдны індыкатар (зялёнае святло звычайна ўказвае на тое, што прылада ўключаная).

Цэслер:

«Калі мне прапанавалі зрабіць ім лагатып, я адказаў: «Змагу, але ж вы яго не прымеце. Абавязкова на мой варыянт зверху налепіце чырвона-зялёны сцяжок, буслоў ці каласок з арнаментам». Так і здарылася: мой лагатып павісеў нейкі час, а потым выкарыстоўваўся ў дуэце з дзяржаўным сцягам».

Цэслер:

«Калі глядзіш на сённяшні лагатып «Белавіі», ніякіх асацыяцый, акрамя таго, што ў нас бедная краіна, мне ў галаву не прыходзіць. Я спрабаваў супрацоўнічаць з імі яшчэ ў канцы 1980-х. Спачатку ў якасці сімвалу прапаноўваў шыпшыну, вышытую на хвасце, пасля — зрабіць самалёты ў выглядзе буслоў. Але абралі валошку».

Серабракоў:

«Такая пластыка, чырвоны колер выклікаюць нейкую трывожнасць — згадзіцеся, што ненармальна, калі ідуць такія нездаровыя асацыяцыі. Спачатку глядзіш на гэты іерогліф, спрабуеш яго расшыфраваць і высвятляецца, што гэта не іерогліф, а тры літары, якія яго нагадваюць. Навошта тут увогуле патрэбная сімвальная частка? Фірма нічога не вырабляе сама, займаецца рамонтам пагрузчыкаў. Я б пакінуў ім толькі ніжнюю частку, крыху перапрацаваўшы шрыфт».

Серабракоў:

«Гэта не мае дачынення да дызайну, бо ён ніколі не аперуе сюжэцікай. Тут мы бачым гісторыю: жыло-было сонейка, якое паднялася з-за гор, пагрэла зямлю, расліны пачалі расці…». Калі б я ствараў эмблему для Міністэрства адукацыі, то, як мінімум, спрашчаў бы, рабіў у адным колеры. Нам увогуле не хапае агульнай айдэнцікі для беларускага транспарту, для ўсіх міністэрстваў і падраздзяленняў дзяржаўнай сістэмы: каб, як мінімум, усе сайты мелі агульны стыль. Чаму ўсё так хаатычна? Таму што не выбудаваная сістэма адносін паміж прафесійнай супольнасцю і дзяржавай як заказчыкам. У нас усе — самі па сабе».

Серабракоў:

«Проста ўсё вельмі дрэнна. Такая разнастайнасць у колерах і шрыфтах — гэта жах. Увогуле, калі казаць пра медыя, трэба разумець, што тыя ж газеты — далёка не толькі лагатып. Гэта і тое, як яны звярстаныя, увесь макет, прапорцыі, шрыфт… Усё гэта ўплывае на агульнае ўспрыманне. 

Мне было б цікава працаваць з медыя, бо гэта пастаянны пастаўшчык сучасных задач, звязаных з маёй прафесіяй. Іх наяўнасць вельмі развівала б. Медыя з’яўляюцца асноўнымі спажыўцамі шрыфтоў: пастаянна стартуюць новыя праекты, рубрыкі. Але ў Беларусі цяпер няма ніводнага гульца, які б разумеў гэта. Апошнім і, напэўна, адзіным друкаваным праектам, які спрабаваў фарміраваць здаровы клімат, быў часопіс «Таймер» (з макетам Ігара Юхневіча)».

Дзе набыць rOtring?

  • Афіцыйны дыстрыбутар rOtring — кампанія Universal Press. Абслугоўванне карпаратыўных кліентаў і дылераў.
  • Раздробны продаж і кансультацыі прыватных кліентаў —студыя каліграфіі Calligraphy.

Кацярына Карпіцкая, фоты Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера