Знайсці
21.11.2020 / 17:44РусŁacБел

Абама пра першую сустрэчу з Пуціным: На стале стаяў самавар, які раздзімаў ботам мужчына ў касаваротцы

На гэтым тыдні ў свет выйшлі мемуары былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы «Зямля запаветная».

У першыя ж суткі кніга разышлася накладам у 890 000 асобнікаў толькі ў ЗША і Канадзе — рэкорд для Выдавецкага дома Penguin Random House. Чакаецца, што адкрыцці 44-га прэзідэнта стануць самымі прадаванымі ў гісторыі з усіх прэзідэнцкіх мемуараў, піша ВВС.

Фота: Вікіпедыя

У сваёй кнізе Абама распавядае не толькі аб амерыканскай палітыцы і праблемах ва ўласным сямейным жыцці. Значная частка мемуараў прысвечана яго замежным паездкам і, натуральна, сустрэчам з сусветнымі лідарамі.

Упершыню ў якасці прэзідэнта Абама пабываў у Расіі летам 2009 года. Перад візітам кіраўніка Белага дома кансультаваў супрацоўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Майкл Макфол.

Прэзідэнтам Расіі быў Дзмітрый Мядзведзеў, які зрабіў на Абаму ўражанне «сучаснага палітыка», зацікаўленага ва ўсталяванні добрых адносін з ЗША. Макфол загадзя папярэдзіў Абаму, што Мядзведзеў сапраўды спрабуе даказаць сваю «сур'ёзную ролю на сусветнай арэне».

«Не забывайце, што рашэнні па-ранейшаму прымае Пуцін», — удакладніў дарадца прэзідэнта.

Гэта пацвердзілася. Адной з галоўных праблем у двухбаковых адносінах тады была «трохдзённая вайна» з Грузіяй. Абама успамінае, што ледзь аб гэтым зайшла размова, Мядзведзеў, «як быццам яго трымалі на ланцугу», паўтарыў усе довады афіцыйнай расійскай улады. Але калі гаворка зайшла аб іншых пытаннях, ён відавочна расслабіўся і з задавальненнем вёў гутарку.

«Ён як быццам спрабаваў паказаць мне, што і сам не верыць ніводнаму свайму слову», — піша Барак Абама.

Пасля гэтага амерыканскі госць сустрэўся ў Нова-Агарове з Уладзімірам Пуціным, які займаў тады пасаду прэм'ер-міністра.

Абаму прымалі на верандзе рэзідэнцыі, дзе быў «багата накрыты стол», а ў якасці рускай экзотыкі прысутнічаў нейкі мужчына ў касаваротцы, які раздзімаў ботам самавар.

Са слоў Абамы, расійскі лідар нагадаў яму людзей, з якімі яму ўжо даводзілася сутыкацца ў Чыкага, калі ён упершыню стаў займацца палітыкай, — «нешта накшталт раённага боса, але толькі з ядзернай зброяй і вета ў Радзе Бяспекі ААН».

«Пуцін нагадаў мне мужчын таго тыпу, якія калісьці запраўлялі чыкагскай палітыкай ці Тымані-холам [дзейнай у Нью-Ёрку ў XIX і да сярэдзіны ХХ стагоддзя палітычнай супольнасцю Дэмакратычнай партыі, якая рэгулявала вылучэнне кандыдатаў і інш.]

— выхаваныя вуліцай, жорсткія, пазбаўленыя сантыментаў тыпы; вузкалобыя, якія ніколі не выходзілі за рамкі свайго абмежаванага досведу і якія расцэньвалі «крышу», хабары, шантаж, падман і перыядычны гвалт як законныя метады сваёй дзейнасці», — піша Абама.

Чыкагская палітычная «машына» ў ЗША ўжо даўно стала сімвалам карупцыі.

Як успамінае былы кіраўнік Белага дома, расійскі лідар у самым пачатку размовы хацеў падрабязна выкласці ўсе свае прэтэнзіі да ЗША.

«Я ледзь паспеў скончыць сваё пытанне, як Пуцін пусціўся ў, здавалася, бясконцы маналог, — сцвярджае Абама ў сваіх мемуарах. — Ён падрабязна пералічыў усе выпадкі ўяўнай несправядлівасці […] і непавагі да рускіх з боку амерыканцаў. Нагадаў, што менавіта ён патэлефанаваў прэзідэнту Бушу 11 верасня […], прапанаваўшы даць дадзеныя выведкі».

Расійскі лідар таксама згадаў, што ён дапамог ЗША ўгаварыць улады Узбекістана і Кыргызстана размясціць у гэтых краінах амерыканскія вайсковыя базы. Як успамінае Абама, Пуцін асабліва падкрэсліў, што Буш не «прыслухаўся да ягоных папярэджанняў» і сваім уварваннем у Ірак «дэстабілізаваў Блізкі Усход».

У сваім маналогу Пуцін таксама згадаў аб пашырэнні НАТА і «каляровых рэвалюцыях», якія былі арганізаваныя ЗША ў «расійскай сферы ўплыву», і спробы Вашынгтона «дамінаваць ва ўсім свеце».

Да таго ж, на думку Пуціна, Злучаныя Штаты не бачаць у Расіі «раўнапраўнага партнёра», так што ў гэтых умовах цяжка спадзявацца на паляпшэнне двухбаковых адносін.

Абама сцвярджае, што ажыўлены маналог Пуціна працягваўся роўна 45 хвілін. Пасля гэтага амерыканскі лідар паспрабаваў было падрабязна адказаць на ўсе выказаныя прэтэнзіі, але ў яго склалася ўражанне, што прэм'ер-міністру Расіі гэтыя тлумачэнні былі не цікавыя. Прынамсі, Пуцін слухаў свайго госця не надта ўважліва.

Nashaniva.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера