Знайсці
09.01.2022 / 17:04РусŁacБел

«Калі перастану лятаць, адкрыю ў Ялце чабурэчную». Лётчык-ас Амет-Хан Султан — герой крымскіх татар

Яму было што губляць, калі ён адкрыта патрабаваў ад уладаў вярнуць свой народ на радзіму. Пра героя-лётчыка, які не даваў сябе паставіць на калені і ў мірным жыцці, піша ў часопісе «Наша гісторыя» Разалія Александровіч.

Лётчык Амет-Хан Султан побач з баявой машынай. Фота: wikimedia.commons

16 мая 1944 года. Крым вызвалены ад немцаў, і ўжо знакаміты на той час лётчык Амет-Хан Султан атрымлівае дазвол паехаць у родную Алупку на тры дні, каб пабачыцца з бацькамі. З ім на трох машынах прыбылі калегі і камандзіры.

Насібэ і Султан, хоць чыталі пра свайго праслаўленага Амет-Хана ў газетах, не бачылі сына ўсю вайну. Кампанія следам за Аметам зайшла на квяцісты падворак і на некаторы час знерухомела, назіраючы кранальную сцэну: сын падняў на рукі ўсю ў слязах маці і панёс яе ў хату.

А праз два дні, 18 мая, пачалося прымусовае высяленне з Крыма карэннага мясцовага народа, да якога напалову, праз маці, належаў Амет-Хан Султан, — крымскіх татараў. Бацькоў лётчыка-аса пашкадавалі і пакінулі дажываць у роднай хаце. Вось толькі што гэта было за жыццё, калі не засталося нікога з тых, каго яны ведалі?

Страціў спакой і іх сын-герой.

Ля схілу Ай-Петры

Бацька Амет-Хана, Султан Аметхан, прыехаў да падножжа Крымскіх гор з яшчэ больш гарыстага дагестанскага аула Цоўкра, дзе жыў такі народ лакцы. Ён прыехаў у Крым працаваць і тут пазнаёміўся з Насібэ Садла. Праз год, 25 кастрычніка 1920 года, у маладых бацькоў нарадзіўся хлопчык. Свайму першынцу яны далі імя ў гонар дзеда: па-лакску яно гучала Ахмад, а па-крымскататарску — Aмет. Па дакументах яго імя павінна было гучаць так: Амет Султанавіч Аметхан, але варыянт, які ведае большасць, — Амет-Хан Султан.

Родныя мясціны Амет-Хана Султана — гара Ай-Петры і яе ваколіцы. Фота: shutterstock.com by Oleg Shishkunov

Сям’я жыла ў белым доме, што прытуліўся да схілу гары Ай-Петры. Неўзабаве нарадзіўся яшчэ адзін сын Імран і дачушка, якой не стала ў чатыры гады.

Таран Амет-Хана

Скончыўшы Сімферопальскае фабрычна-заводскае вучылішча, Амет-Хан працаваў слесарам у чыгуначным дэпо і займаўся ў аэраклубе. У 1940 годзе ў званні малодшага лейтэнанта ён скончыў 1-ю Качынскую авіяцыйную школу і пачаў службу ў 4-м знішчальным авіяцыйным палку, які базаваўся ў Беларусі. Хоць надоўга ў нашых краях Амет-Хан не затрымаўся, бо неўзабаве быў пераведзены пад Кішынёў.

А хутка пачалася вайна, якая прынесла Амет-Хану славу і званне двойчы Героя Савецкага Саюза. Ваюючы на англійскім знішчальніку «Харыкейн», ён знітаваўся з гэтай баявой машынай і змог напоўніцу паказаць сябе.

Самым яскравым стаў адзін паветраны бой. 31 мая 1942 года на ўскраіне Яраслаўля на вышыні 7 300 м Амет-Хан сустрэў шэрую махіну — нямецкі бамбавоз Ю-88 («Юнкерс»). Кінуўся ў атаку, адкрыў агонь і знішчыў кулямётную кропку праціўніка. А калі пасля аднаго з разваротаў злавіў «Юнкерс» у прыцэл і зноў націснуў на гашэтку — зразумеў, што скончыўся боезапас. Тады Амет-Хан левым крылом свайго «Харыкейна» на хуткасці разануў па фюзеляжы «Юнкерса». І… застраміўся ў корпусе бамбавоза.

Амет-Хан аказаўся наглуха зачыненым у кабіне, у той час як счэпленыя міжсобку самалёты ўжо гарэлі і падалі разам. Тады лётчык з усёй моцы — сваімі моцнымі рукамі! — адштурхнуўся ад варожай машыны і выскачыў з парашутам з палаючых абломкаў. Проста цуд!

І такім рашучым ён быў не толькі ў паветры, а і ў тых экстрэмальных сітуацыях, на якія яго жыццё не скупілася.

На свае вочы

11 красавіка 1944 года пад самы вечар савецкія войскі вызвалілі горад Джанкой, 13 красавіка — Сімферопаль і Еўпаторыю. Наступным меўся быць Севастопаль. За яго змагалася і авіяцыя, у тым ліку шасцёрка знішчальнікаў 3-й эскадрыллі Амет-Хана.

Пасля аднаго з удалых баёў, калі Амет-Хан збіў «Фокер», ён накіраваў свой самалёт у бок Алупкі… Ужо на аэрадроме ён прызнаўся сябру, беларусу Паўлу Галавачову, таксама ў будучыні двойчы Герою Савецкага Саюза: «Не стрымаўся, Паша. Хацелася пераканацца хоць бы ў тым, ці цэлы бацькоўскі дом. Можа, днямі здолею іх наведаць, спадзяюся, што жывыя». І праўда, праз месяц наведаў — ды яшчэ захапіў з сабой тры машыны баявых таварышаў.

Амет-Хан Султан (справа) і яго сябар на ўсё жыццё беларус Павел Галавачоў. Пазнаёміліся яны ў 1942-м, у 9-м гвардзейскім знішчальным авіяпалку. 1945 год. Фота: warheroes.ru

А на досвітку 18 мая пачалася спланаваная акцыя па дэпартацыі крымскіх татараў.

Амет-Хан, які яшчэ быў у звальненні і працягваў гасцяваць у бацькоў, прачнуўся ад шуму. Выскачыўшы ў двор, убачыў, што двое салдат унутраных войскаў цягнуць яго маці, а бацька спрабуе ім перашкодзіць. Малодшага ж брата ўжо арыштавалі: той пры немцах служыў у дапаможнай паліцыі. Султану пазней дазволяць убачыцца з ім у Кіеве падчас следства, але абодва будуць у такім прыгнечаным стане, што асабліва і не паразмаўляюць.

Пазней, выступаючы на пасяджэнні вайсковага трыбунала, Амет-Хан нагадаў прысутным, што менавіта савецкая прапаганда ўлёткамі, у якіх гаварылася пра яго подзвiгi, паставіла сям’ю ў безвыходнае становішча. Гестапа збіралася забіць бацькоў савецкага героя, і толькі вымушанае супрацоўніцтва Імрана з акупацыйнымі ўладамі выратавала іх ад пагібелі. Гэтая прамова не ўратавала Амет-Хана-малодшага ад турмы, але старэйшы брат падтрымліваў яго і пасля.

Бацькоў Героя Савецкага Саюза ўрэшце пакінулі ў Крыме. Найхутчэй таму, што бацька быў лакцам.

Амет-Хан Султан на парозе роднага дома з бацькамі і сынам Станіславам. Пэўны час яго жонка Фаіна з сынам жылі ў Алупцы. 1947 год. Фота: pinterest.com

Як бы то ні было, ад той пары Амет вырашыў цвёрда і назаўсёды: ва ўсіх сваіх дакументах ён будзе пісаць «крымскі татарын» — нацыянальнасць маці і назоў народа, сярод якога вырас.

Прыцягальнае неба

Пасля вайны Амет-Хану прыйшлося нейкі час пабыць без працы. Выручылі былыя баявыя таварышы і камандзіры: паспрыялі, каб двойчы Героя ўзялі на працу лётчыкам-выпрабавальнікам у Жукоўскі лётна-даследчы інстытут пад Масквой.

Аднойчы, пасля надзвычай складаных выпрабаванняў самалётаў-снарадаў, Амет-Хана павінны былі прадставіць да трэцяй зоркі Героя. Перашкаджала адно — ягонае нацыянальнае паходжанне, якога той да таго ж не хаваў. Яго выклікаў маршал Клімент Варашылаў і прапанаваў змяніць нацыянальнасць, пісаць бацькаву — лакец. Амет-Хан Султан наадрэз адмовіўся, а таму ў лютым 1953 года атрымаў усяго толькі ордэн Чырвонага Сцяга.

Некаторыя ўчынкі ў адносінах да сябе Амет-Хан навучыўся ўспрымаць з гумарам. Напрыклад, неяк праводзілі выпрабаванні ў Крыме: усе паляцелі на сваіх самалётах, а яго павезлі на пасажырскім. «Напэўна, баяліся, што ў Турцыю палячу ці што Крыма не знайду?» — пракаментаваў ён бязглуздую сітуацыю.

Славуты авіятар выпрабаваў сотні лятальных апаратаў і прылад, у тым ліку першыя рэактыўныя самалёты і крылатыя ракеты, налятаў тысячы гадзін, кожная з якіх магла стаць апошняй.

1 лютага 1971 года так і сталася. Ён загінуў праз тры месяцы пасля таго, як адсвяткаваў 50-гадовы юбілей, выпрабоўваючы новы рэактыўны рухавік для самалёта маркі «Ту».

«Мой помнік — адзіны крымскі татарын»

Ягоным бацькам не давялося перажываць заўчаснай страты сына. Султан і Насібэ, застаўшыся ў фактычнай адзіноце ў Алупцы, паступова страцілі надзею на аднаўленне справядлівасці і вяртанне сына Імрана, сваякоў, сяброў ды суседзяў. Аметханы-старэйшыя пайшлі з жыцця адно за адным, у 1957 годзе.

Калі Насібэ памерла, то пахаваць яе згодна з мусульманскай традыцыяй не было каму. Амет-Хан праз пэўны час расказваў: «Я маму сваю, — сам, адзін пахаваў… па ўсіх нашых законах. Прыляцеў — побач нікога, нікога з сяброў або знаёмых. Ні адной татаркі. Я сам абмываў яе! Вы ўяўляеце, што гэта такое, мыць цела маці!?»

А на некалькі год раней, у пачатку 1950-х, на радзіме двойчы Героя Савецкага Саюза меліся ўсталяваць яго бронзавы бюст. Лётчык па запрашэнні ўладаў прыбыў у Алупку напярэдадні ўрачыстага адкрыцця. Аднак на наступную раніцу манумент знік. А калі знайшоўся, то аказалася, што яго ўсталявалі ў невялікім пасёлку на Кубані, а мясцовае начальства два разы дасылала лётчыку-асу запрашэнне прыехаць на ўрачыстасці.

Амет-Хан не паехаў. Тады бюст перанеслі ў Дагестан, на радзіму яго бацькі. Але лётчык праігнараваў і гэтае запрашэнне — як і запрашэнні з гарадоў яго баявой славы: Яраслаўля, Каспійска, Сталінграда.

Яго сябры жартавалі: бюст Амет-Хана аказаўся самым дарагім сярод іншых, бо доўга падарожнічаў па розных месцах. У выніку помнік усё ж паўстаў пад вяршыняй Ай-Петры. Амет-Хан іранічна заўважыў: «У Крыме мой помнік — адзіны крымскі татарын…»

Лёс яго народа Амет-Хану бясспрэчна балеў. Ён рабіў што мог, каб аднавіць гістарычную справядлівасць. Быў партыйным, але не пабаяўся ў 1965 годзе адкрыта звярнуцца да партыі з патрабаваннем: «Вярніце мой народ у родны дом — Крым». Яго подпіс стаяў пад усімі адкрытымі лістамі, што тычыліся вяртання крымскіх татар, ён не баяўся кантактаваць з дысідэнтамі ад свайго народа. І планы на адстаўку ў яго таксама былі звязаныя з грамадскай дзейнасцю на карысць суайчыннікаў. 

Магчыма, з-за гэтага паралельна з афіцыйнай прычынай смерці жыве і канспіралагічная: нібы героя проста прыбралі з вачэй за яго пазіцыю. Хоць вялікай патрэбы ў гэтым, вядома, не было. Сярод крымскіх татар хапала і іншых дзеячаў, якія ўпэўнена і настойліва вялі свой народ на радзіму.

Разалія Александровіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера