Знайсці
08.01.2021 / 12:03РусŁacБел

Футбаліст, якога двойчы кідалі на суткі: У аўтобус зайшоў чалавек і, нічога не кажучы, ударыў нагой па галаве

Да восені 2020 года пра 19-гадовага футбаліста «Гарадзеі» Расціслава Шавеля ведалі пераважна трэнеры і заўзятары. Але нечакана для многіх гулец, які толькі летась дэбютаваў у вышэйшай лізе, пачаў трапляць у інфармацыйныя зводкі буйных інтэрнэт-медыя. Пра яго загаварылі вядомыя спартоўцы, якія выступілі супраць гвалту сілавікоў і фальсіфікацыі выбараў. Прычына? Шавель адкрыта пачаў удзельнічаць у пратэстах, не баяўся выказвацца, двойчы быў затрыманы і ў выніку правёў за кратамі больш за 20 сутак. У інтэрв’ю Расціслаў распавёў, што падштурхнула выйсці на вуліцу, у якой краіне марыць жыць і як бавіў час у СІЗА.

— Да гадоў 16-17 я быў апалітычным чалавекам, займаўся футболам у мінскай школе «Арбіта», пасля патрапіў у «Гарадзею», і грамадскае жыццё мне было не цікава, — пачынае размову Расціслаў. — А пасля пачаў глядзець навіны, даведвацца, што адбываецца ў свеце, убачыў змены ва Украіне. І калі атрымаў права галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах, то ўжо добра разумеў, які ў Беларусі рэжым. Бацькі на мяне з выбарам не ціснулі, і ў выніку аддаў свой голас за Святлану Ціханоўскую. На мой погляд, на той момант гэта быў той чалавек, які мог супрацьстаяць сённяшняму прэзідэнту, той, хто павёў за сабой народ, на каго можна было хоць неяк разлічваць. Я, як і многія людзі, паверыў у яе. А пасля выбараў даведаўся, што здарылася ўвечары ў Мінску… Знаёмыя хлопцы, якія былі ў цэнтры горада, расказвалі, што там быў хаос. Усе былі шакаваныя, бо не маглі паверыць, што рэальна збівалі людзей, стралялі, кідалі гранаты. Інфармацыі ж ніякай не было: інтэрнэт не працаваў.

На наступны дзень я з таварышамі вырашыў паглядзець, што адбываецца на станцыі метро «Пушкінская». Ну і ўбачылі ўсю дзіч, якая адбывалася. Машыны нерухома стаялі, сігналілі, у кагосьці ў салоне гучала музыка. Непадалёк ад сілавікоў чуліся выбухі, гучалі стрэлы…

— Ты неяк казаў, што самая жорсткая карцінка, якую ты ўбачыў у той вечар, — хлопец з разарванай нагой.

— Так, і многія мне не паверылі, падумалі, што, магчыма, прыдумаў нешта, але ж нават фота гэтага хлопца ёсць у інтэрнэце. У пэўны момант паблізу ад нас пачуўся выбух. Што канкрэтна адбылося, мы не маглі ўбачыць праз зялёнае насаджэнне. Адышлі ўбок і заўважылі, што на зямлі ляжыць хлопец. Яму спрабавалі дапамагчы людзі, аднак сілавыя структуры затрымлівалі ахвотных. Праўда, без асаблівай жорсткасці. Што было пасля з хлопцам, не ведаю, але потым у сеціве з’явіўся фотаздымак, і я зразумеў, што гэта той чалавек.

— З якімі адчуваннямі вярнуўся дадому?

— Было страшна, я быў у нейкім тумане і не мог паверыць, што адбываецца сапраўдны генацыд свайго народа. І я зразумеў, што з гэтым трэба неяк змагацца. Народ абраў пэўную тактыку, якой карыстаецца дагэтуль, і я таксама вырашыў у гэтым удзельнічаць. А як іначай?

— Упершыню цябе затрымалі 28 жніўня. Прыгадай, як усё адбылося.

— У той дзень з таварышамі прыехалі да Чырвонага касцёла падтрымаць дзяўчат, якія там сабраліся. У пэўны момант плошчу атачылі сілавікі, і стала зразумела, што ты нікуды не дзенешся. Але мы, уласна кажучы, і не спрабавалі ўцячы ад іх. Прыехалі прадэманстраваць, што мы ёсць, наша слова мае значэнне, і бегчы сэнсу не было.

Спачатку мяне даставілі ў Ленінскае РУУС, пасля — на Акрэсціна, дзе з Ізалятара часовага ўтрымання перавялі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а потым адвезлі ў Жодзіна. Мне далі восем сутак.

— Што найбольш уразіла падчас першай адседкі?

— Здагадваўся, куды патраплю, і не магу сказаць, што мяне нешта вельмі здзівіла ці шакавала. Разумеў, што жорсткасць, з якой ставіліся да затрыманых, была ў першыя дні пратэстаў і, напэўна, больш не паўторыцца. І жудасці ў дачыненні да нас на Акрэсціна сапраўды не было. У ІЧУ супрацоўнікі ставіліся да нас адэкватна, у ЦІПе — не зусім, маглі нагрубіць, выкарыстоўвалі лаянку, але ж гэта былі кропкавыя выпадкі. А вось у Жодзіне рэжымны аб’ект больш сур’ёзны, там усё будуецца на моцнай дысцыпліне.

— Чуў, што пасля адной з праверак у тваёй камеры перавярнулі матрацы і асабісты рэчы.

— Гэта адбылося на Акрэсціна. У Жодзіне спачатку нам не забаранялі ляжаць ці сядзець на працягу дня, нас выводзілі на прагулку і ў душ. Усё было нармальна. Там проста больш строгая дысцыпліна. Напрыклад, калі нас кудысьці і выводзілі, то падчас кожнага спынення мы павінны былі паварочвацца тварам да сцяны. Рухацца трэба было хуткім крокам і зладжана выконваць каманды. Ну і сама размова з боку сілавікоў была даволі дзёрзкай, рэзкай, вялася на падвышаных танах.

— Як яны вас называлі?

— Неяк канкрэтна ніяк нас называлі. Але аднойчы была вельмі цікавая сітуацыя. Нас павінны былі пераводзіць у іншую камеру, і малады супрацоўнік жодзінскага СІЗА, калі адчыняў дзверы ў камеру, сказаў: «Коцікі, на выхад!» Як зразумеў, гэта была адсылка да мірных шэсцяў. Калі за мяжой людзі ўбачылі, у якой форме адбываюцца пратэсты ў Беларусі, дык здзівіліся прыстойнасці, мірнасці, дысцыплінавасці, акуратнасці беларусаў і пачалі называць нас коцікамі. Наглядчык, відаць, ведаў пра гэта альбо проста пачуў у нашых размовах.

 — Першая адседка не адбіла ў цябе жадання гуляць, і на пачатку лістапада цябе зноў пасадзілі. Гэтым разам далі 13 сутак. Дзе на гэты раз затрымалі?

— На Лагойскім тракце. Гэтым разам я крыху атрымаў. Мяне завялі ў мінівэн, пасадзілі на падлогу, некалькі разоў ударылі кулаком па твары. А пасля, калі збіраліся пераводзіць у аўтазак, у аўтобус зайшоў чалавек і, нічога не кажучы, ударыў нагой па галаве. Прытомнасць не страціў, але мяне ператрэсла, крыху паплыло ў вачах. Пасля мяне з іншымі затрыманымі завезлі ў Маскоўскае РУУС. Прасядзелі ў актавай зале з пятай вечара да апоўначы, і толькі пасля нас адвезлі на Акрэсціна. Там да суда правёў трое сутак, а пасля зноў накіравалі ў Жодзіна.

Усё было амаль як і ў першы раз — строга і жорстка. Нікога не білі, але адбыванне пакарання праходзіла ў менш лаяльнай форме, чым раней. Гэтым разам на працягу дня забаранялі сядзець ці ляжаць на ложку. Ляжаць можна было толькі з дзясятай вечара да шостай гадзіны раніцы. У астатні час матрацы павінны былі быць скручаныя. Быў распарадак дня, але многія пункты не выконваліся. У залежнасці ад умоў надвор’я павінны былі быць прагулкі. Надвор’е, як мы бачылі з акенца, было добрае, але прагулак усё роўна не праводзілі. У душ за трынаццаць сутак ніводнага разу я так і не схадзіў. Святло ў камеры пакідалі ўключаным на ўсю ноч.

— Усе твае сукамернікі былі палітычнымі зняволенымі?

— Так, і ўсе былі без крымінальнага мінулага. Усе адэкватныя, інтэлігентныя і годныя людзі. Імёнаў называць не буду, проста пералічу прафесіі: супрацоўнік крэатыўнага агенцтва, рамеснік, доктар з Інстытута траўматалогіі, работнік Парка высокіх тэхналогій. Каго яшчэ прыгадаць? Аднаго хлопца з таварышамі затрымалі наўпрост у двары, калі спявалі песні, і прывезлі ў Жодзіна разам з інструментамі. Ніхто не дзівачыў, не канфліктаваў, таму ўсё было нармальна.

Сядзелі мы ў прасторнай камеры на дзесяць чалавек. Усе месцы былі занятыя, але нам пашанцавала, бо ў некаторых камерах, разлічаных на дзесяць чалавек, сядзелі пятнаццаць зняволеных.

— У каго з сукамернікаў была самая абсурдная гісторыя затрымання?

— Гэты мужчына мае даволі актыўную грамадзянскую пазіцыю, але затрымалі яго тады, калі ў акцыі не ўдзельнічаў. Ён з яблыкамі і фруктамі збіраўся наведаць сваю цешчу. Час быў позні, калі ўжо нікога амаль не затрымліваюць, заставалася прайсці літаральна квартал, але ўсё роўна пад’ехаў аўтобус і яго ўзялі з торбамі. Ён і не ўцяміў, як усё адбылося.

* * *

— Зразумеў. Давай пагаворым пра камерны побыт. Дзе найбольш смачна кармілі?

— Ежа, калі казаць шчыра, паўсюль была не вельмі, але есці ўсё роўна трэба. Перадачы да цябе могуць не дайсці, а галадоўкай карысці нікому не зробіш. Самае адэкватнае харчаванне, на маю думку, было ў Жодзіне. Ранкам прыносілі так званую сечку ці аўсянку, у абед — боршч ці расольнік і нават юшку нейкую гатавалі. Прычым супу не шкадавалі і налівалі ў міску яго нармальна. Самай вытанчанай стравай на другое былі макароны па-флоцку. Есці іх можна было не крывячы вуснаў.

— Чым запаўняў час, праведзены ў СІЗА?

— З намі сядзеў таксама мастак, які з хлеба зрабіў шашкі, нарды і шахматы. Дарэчы, фігуры атрымаліся вельмі прыгожыя. З хлеба таксама зрабілі гульнявыя косці, з паперы з сшытка — карты. Акрамя таго, стараліся падтрымліваць фізічную форму: адціскаліся ад падлогі, выконвалі падцягванні, практыкаванні на прэс, прысяданні. Доктар, які сядзеў з намі, у гэтым пытанні быў малайцом. Нават калі ленаваўся, ён пастаянна нагадваў, што я чалавек спартыўны і мушу займацца.

— Цікава, што табе карыснага даў гэты не самы прыемны досвед знаходжання ў СІЗА?

— Па-першае, знаходжанне ў СІЗА падштурхнула мяне да чытання. Сорамна прызнацца, але раней я мала чытаў мастацкую літаратуру, а там неяк узяўся за гэта. У камеры былі кнігі, якія заставаліся ад нашых папярэднікаў, і тыя, што перадавалі нам. Чытаў фантастыку, дэтэктывы і нават нейкі раман пра каханне. Працягваю чытаць і на волі.

Па-другое, калі знаходзішся ў зняволенні, пачынаеш цаніць самыя банальныя рэчы, якім на свабодзе ты нават не надаваў значэння. Напрыклад, цэніш самую звычайную ежу, магчымасць памыцца пад гарачай вадой, нават проста прагуляцца і схадзіць у прыбіральню. Як бы гэта дзіўна ні гучала, але так і ёсць. Знаходзячыся там, ты пачынаеш глядзець на ўсе банальныя рэчы крыху інакш.

— Прабач, але як вы мыліся ў камеры?

— Сораму не было. Усе разумелі, дзе мы знаходзімся. Проста завешвалі прасцінай прамежак камеры, дзе знаходзіцца прыбіральня, і мыліся над унітазам з бутэлькі з вадой, якую да гэтага грэлі на батарэях. Ацяпляюць у СІЗА належна, таму праблем з гэтым не было. Я аднойчы памыў майку, і яна высахла за сорак хвілін.

— Калі чалавек трапляе ў абмежаваныя ўмовы, ён часампрыходзіць да нечаканых вынаходніцтваў, каб хоць неяк падтрымліваць камфорт. У чым з сукамернікамі праявілі кемлівасць?

— Прывяду адзін прыклад. Усім перадавалі гарбату, але прыгатаваць яе не маглі: кіпяцільнік у СІЗА забаронены. Таму мы бралі пластыкавую бутэльку, закідвалі туды два пакецікі з запаркай, налівалі халодную ваду, клалі вечарам на батарэю, і раніцай, падчас снедання, ты піў ужо амаль гарачую гарбату.

— Табе лісты пісалі?

— Яны да нас не даходзілі. Але камусьці з хлопцаў пашанцавала, і на адной са старонак сканворда ён знайшоў словы падтрымкі накшталт: «Трымайся! Мы цябе любім!» Супрацоўнікі СІЗА, відаць, проста не заўважылі іх, калі правяралі рэчы. Лісты пісаў сам і перадаваў іх з тымі, хто выходзіў на волю. Хлопцы пасля проста фатаграфавалі тэкст паведамлення і адпраўлялі праз інтэрнэт нашым блізкім.

* * *

— Ты з лета не ўдзельнічаеш у футбольных матчах, бо аднаўляешся пасля траўмы калена. Нягледзячы на гэта, увесь гэты час знаходзіўся на кантракце ў «Гарадзеі». Галоўны трэнер каманды Алег Радушка не цікавіўся, як твае справы?

— Ні кіраўніцтва клуба, ні галоўны трэнер не тэлефанавалі. З маці таксама ніхто не звязваўся. Мне званілі трэнеры дублюючага складу, а таксама сябры-футбалісты. Яны, дарэчы, рабілі ў сацыяльных сетках пост у маю падтрымку. Калектыў у нас у камандзе быў дружны, і адчувалася, што хлопцы рэальна перажываюць за мяне.

— Ты яшчэ з’яўляешся футбалістам «Гарадзеі»?

— Ужо не. Але гэта не сакрэт, што з «Гарадзеі» цяпер звальняюцца і гульцы, і супрацоўнікі клуба. Што будзе далей з клубам, пакуль невядома.

— Ужо шукаеш сабе новую каманду?

— Займуся гэтым пытаннем, калі канчаткова папраўлюся пасля траўмы. Але ўжо адчуваю сябе фізічна значна лепш. Думаю, праблем з пошукам каманды перад пачаткам сезона не ўзнікне.

— А ці не хвалюешся, што не знойдзеш сабе каманду праз суткі ў СІЗА і ўдзел у пратэсных акцыях? Усё ж такі ў нас большасць клубаў дзяржаўная…

— Думаю, не. Я ж далёка не адзіны футбаліст, хто выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю. Мяркую, што знайсці сабе каманду ўсё ж такі будзе магчыма.

— Ты кажаш, што не адзіны гулец, хто выказаў сваю пазіцыю, але якраз да футбалістаў у гэтым складніку ў многіх ёсць пытанні. Людзі лічаць, што большасць футбалістаў прамаўчалі ў такі складаны час. Як ставішся да гэтага?

— Кожны вырашае сам, выказацца яму ці прамаўчаць. Да таго ж, зразумела, пэўны ціск на футбалістаў аказвалі, каб яны маўчалі. А наогул, я прыхільнік наступнага падыходу: калі ёсць што сказаць, дык кажы. І, напэўна, тым, хто прамаўчаў, варта было гэта зрабіць.

— Ці сумна ад таго, што толькі адзінкі хлопцаў з вышэйшай лігі публічна і адкрыта выступілі супраць сітуацыі ў краіне?

— Напэўна, так. Футбалісты — гэта ж вялікая сям’я, і я ўпэўнены, што многія з іх не ўхваляюць усяго таго, што адбываецца ў краіне, і разумеюць, што адбываецца. Але, відаць, ёсць матывы, якія не дазваляюць ім выказвацца. Безумоўна, было б файна, калі б яны сказалі сваё слова.

— Футбольны агент Валерый Ісаеў нядаўна сказаў, што яны проста баяцца страціць заробак і працу.

— Магчыма, так і ёсць. У кожнага абставіны свае, але я не думаю, што пасля выказвання сваёй пазіцыі ў жыцці футбаліста ўсё настолькі стане дрэнна, што яно зменіцца карэнным чынам. Але ж асуджаць нікога не буду, бо проста не магу паставіць сябе на іх месца.

— Ёсць людзі, хто сваім прыкладам цябе вельмі натхніў?

— Такіх вельмі шмат. Сярод спартоўцаў аддаю належнае баскетбалістцы Алене Леўчанка. Яна проста вельмі моцны чалавек і асоба. Файная і неверагодная. Алена спрабуе звяртацца да Еўрасаюза, імкнецца данесці да астатніх, што ў нас адбываецца. Многія за мяжой і дагэтуль не разумеюць, што ў Беларусі насамрэч здарылася. Асабіста з ёй не кантактаваў, але ведаю, што пасля другога затрымання яна падтрымала мяне. Ды і наогул, дзякуй усім тым, хто выказаў словы падтрымкі. Мне, маёй маці пісалі і званілі нават проста незнаёмыя людзі, прапаноўвалі фінансавую і юрыдычную падтрымку. Маці была вельмі прыемна ўражана, што беларусы такія цудоўныя людзі.

— Раней так не думаў?

— Я люблю сваю краіну, ведаў, што ў Беларусі жывуць добрыя людзі, але літаральна ў адзін момант мы праявілі сябе як нацыя. Усе згуртаваліся, сталі адзін за аднаго, і гэтага дарагога варта.

— Што за апошнія месяцы ў цябе выклікала самую негатыўную рэакцыю?

Гвалт. Гэта тое, што найперш мусіць быць выкаранена. Вельмі цяжка было, калі забралі майго таварыша 10 жніўня. Пэўны час ні ягоная сям’я, ні сябры не ведалі, ці жывы ён наогул. Усе былі вельмі знерваваныя. Пасля з’явілася навіна, што ён знаходзіцца ў ізалятары і яму прысудзілі суткі. Тое, што ён жывы, нас крыху супакоіла, але назад ён вярнуўся літаральна з чорнымі нагамі. Камусьці трэба было прайсціся па кожным затрыманым, і яму таксама прыляцела. Але ён хлопец моцны і фізічна, і духоўна, таму вытрымаў.

І мяне яшчэ вельмі здзіўляе, што прадстаўнікі сілавых структур і дзяржаўных устаноў дагэтуль думаюць, быццам нам нехта плаціць грошы, што у нас ёсць свае лялькаводы, і мы маргіналы, як нас называюць, людзі без ідэі, якія ходзяць па вуліцах як статак. Яны рэальна ў падобнае вераць і думаюць, што так і ёсць.

— Ты — прадстаўнік маладога пакалення, які не пабаяўся выйсці на пратэсты. У будучыні табе і тваім аднагодкам фармаваць новую Беларусь, насычаць яе ідэямі і змяняць да лепшага. Якой ты бачыш гэтую краіну?

— Хачу, каб пасля завяршэння ўсяго гэтага беззаконня і развалу мы апынуліся ў краіне, дзе народ можа нешта вырашаць, дзе да яго прыслухоўваюцца, дзе ўлічваюць ягоны пункт гледжання і робяць усё супольна. То-бок у дэмакратычнай дзяржаве, якая зараз у нас адсутнічае. Затое ёсць прававы дэфолт. Не ведаю, калі ўсё здарыцца, але маё адчуванне падказвае, што перамены ў нас наступяць неўзабаве.

Фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера