Знайсці
01.01.2022 / 21:15РусŁacБел

Бабуля, якая дапамагла злавіць беглага салдата: «Кажу яму: дзетачка, ідзі ад мяне, я нікому не скажу, толькі ідзі»

Успамінаем найцікавейшае за 2021 год. 2 красавіка 19-гадовы вайсковец тэрміновай службы Аляксандр Караткевіч збег з палігона ў Брэсцкай вобласці. З сабой ён прыхапіў аўтамат — меркавалася, што хлопец накіраваўся да дзяўчыны ў Полацкі раён. Салдата шукалі некалькі дзён, 4 красавіка затрымалі ў адной з вёсак Ушацкага раёна — у міліцыю пазваніла мясцовая жыхарка. 

«Наша Ніва» адшукала жанчыну. 

Вользе Іванаўне 74 гады, яна звычайная вясковая пенсіянерка. 

«Каля 7-й вечара я выходзіла зачыніць курэй, выйшла разам з коткай сваёй, і Мурка мая ў кухню сунецца, але адразу назад. 

Думаю, чаго ты не ідзеш? Адчыніла дзверы — а там стаіць салдацік з аўтаматам. Зайшоў праз другія дзверы, выходзіць, — згадвае Вольга Іванаўна. — Я ведала, што ён збег: тут, можа, чалавек 70 хадзілі яго шукалі, з сабакамі. 

Я напалохалася — было б сэрца слабае, то інфаркт бы атрымала.

Кажу яму: дзетачка, ідзі ад мяне, я нікому не скажу, толькі ідзі.

Ён прасіў есці. Я кажу, выходзь на вуліцу. На стале хлеб ляжаў, я яшчэ кілбасу дастала з лядоўні, вялікі кавалак яму адрэзала, паклала ў пакецік.

Чую, кажа: вады! І сам убачыў на вуліцы бачок з дажджавой вадою, прысеў і папіў адтуль… 

Ай, у мяне душа аблілася слязьмі, як я ўбачыла.

Ён узяў хлеб і кілбасу. Пытаецца: куды мне ісці? 

Кажу: ідзі куды хочаш, толькі не ў мяне.

І ён пайшоў…»

Жанчына кажа, што пазваніла ў 102, прыбеглі салдаты. Караткевіча затрымалі ў суседнім будынку, ён хаваўся ў хляве побач са згарэлай хатай.

«Першую ноч ён хаваўся ў прыбудове да лазні ў пустым доме, які выкарыстоўваюць як лецішча, кажуць. Пасля перабраўся ў іншы.

Калі яго злавілі, тая кілбаса яшчэ пры ім была кажуць, так і не з’еў… Мне так яго шкада, такі хлопчык высокі, прыгожы… Ніколі яго не забуду. Я сёння ноч не спала, нават хуткую выклікала праз ціск, — ледзь не плача пенсіянерка. — 

Але ж у міліцыю мой [муж] настаяў званіць. А што было рабіць? Колькі б ён тут хаваўся з аўтаматам? І карміць яго хто будзе? Я ж не магу яго карміць». 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера