Знайсці
02.08.2021 / 19:09РусŁacБел

«Ад спрынтаркі да ворага дзяржавы». Што пішуць заходнія СМІ пра скандал з Ціманоўскай?

Пасля чарговага міжнароднага скандалу Беларусь зноў апынулася ў цэнтры ўвагі заходніх СМІ. Паглядзелі, што пішуць вядучыя сусветныя выданні пра сітуацыю з Крысцінай Ціманоўскай.

Фота The Reuters

Спроба вывезці Крысціну Ціманоўскую супраць яе волі з Токіа ў Беларусь прыцягнула ўвагу ўсяго свету. За лёсам спартсменкі сочаць самыя папулярныя і аўтарытэтныя выданні.

У вядучым нямецкім выданні Die Zeit выйшаў артыкул пад назвай «Ад спрынтаркі да ворага дзяржавы». Выданне падкрэслівае, што ў відэа Ціманоўскай, дзе спартсменка ўказвае на памылкі, дапушчаныя беларускім спартыўным кіраўніцтвам, няма ніякіх палітычных заяў. Ціманоўская не крытыкавала рэжым Лукашэнкі і не выказвала салідарнасць з дэмакратычным рухам, які падаўляе беларускі ўрад, — «ніякіх палітычных жэстаў ці апазіцыйных сімвалаў».

Тым не менш, як адзначыў трэнер Ціманоўскай у асабістай гутарцы з ёй, яе лёс вырашаўся «зверху». Як піша выданне, гэта паказвае, наколькі радыкалізаваўся рэжым Аляксандра Лукашэнкі — «цяпер ён цвёрда гатовы падавіць любое іншадумства, любую крытыку, любое пярэчанне». Крытыка 24-гадовай Крысціны Ціманоўскай мела выключна спартыўны характар, але для беларускай прапаганды яна адразу ж стала ворагам дзяржавы.

«Рэпрэсіўны рэжым Аляксандра Лукашэнкі праз год пасля пачатку палітычнага крызісу стаў настолькі сляпым і параноідным, што любую крытыку беларускія ўлады цяпер звязваюць з палітыкай», — піша Die Zeit.

Выданне CNN адзначае, што падчас халоднай вайны многія спартсмены карысталіся магчымасцю ўцячы з Савецкага Саюза падчас буйных міжнародных спартыўных спаборніцтваў. Пасля распаду СССР такія выпадкі сталі рэдкімі, але, як паказала сітуацыя з Крысцінай Ціманоўскай, усё ж такі бываюць.

CNN піша, што выпадак з беларускай спартсменкай выключны, бо Крысціна Ціманоўская вымушаная прасіць прытулку ў іншых краінах не па палітычных прычынах, а праз крытыку кіраўніцтва. Беларускія трэнеры ўключылі спартсменку ў гонку, у якой Ціманоўская ніколі не ўдзельнічала. Да таго ж, не паведамілі пра гэта самой спартсменцы.

Як піша The New York Times, многія праваабаронцы расцэньваюць інцыдэнт з Ціманоўскай як парушэнне яе правоў. Выданне адзначае, што ў Японіі няма сур’ёзных палітычных адносін з Беларуссю. «У Японіі няма прычын ставіць дыпламатычную павестку дня вышэй за правы Крысціны Ціманоўскай», — сцвярджае былы японскі дыпламат Кадзухіка Тога.

«Прымусовае адхіленне Ціманоўскай ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях стала яшчэ адным гучным інцыдэнтам, які прывядзе да таго, што Беларусь стане яшчэ больш ізаляванай на міжнародным узроўні», — піша выданне The New York Times.

Аўтарытэтнае брытанскае выданне The Guardian сцвярджае, што інцыдэнт з Ціманоўскай паказвае, як узмацненне кантролю Аляксандра Лукашэнкі над беларускім грамадствам перакінулася на спорт. «Гэтыя падзеі нагадваюць гучныя выпадкі ўцёкаў савецкіх спартсменаў падчас халоднай вайны, але нічога не ўказвала на тое, што Ціманоўская не хацела вяртацца ў Беларусь пасля Алімпійскіх гульняў», — адзначае The Guardian.

Як піша выданне Die Welt, нямецкі ўрад заклікае беларускія ўлады паважаць правы Ціманоўскай. «Мы асуджаем пераслед і запалохванне грамадзян», — заявіла прэс-сакратарка Міністэрства замежных спраў Нямеччыны.

Reuters адзначае, што інцыдэнт з беларускай спартсменкай выклікаў рэзананс у міжнароднай супольнасці. «Японскія ўлады, а таксама МАК павінны сур’ёзна аднесціся да сітуацыі з Крысцінай Ціманоўскай і працягваць яе ахоўваць і падтрымліваць. Японскі ўрад павінен зрабіць усё магчымае, каб гарантаваць, што спартсменку не вывезуць у Беларусь супраць яе волі, а сям’я Ціманоўскай не будзе падвяргацца рэпрэсіям», — заклікае прадстаўнік арганізацыі Human Rights Watch у Токіа Тапэй Касаі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930