Знайсці
07.08.2021 / 17:18РусŁacБел

Закінуты санаторый «Лясное» пад Івянцом прадаюць за $80 тысяч 

Трохпавярховы санаторый за 10 кіламетраў ад мястэчка Івянец у Мінскай вобласці быў пабудаваны ў 1986 годзе. У першы час ён належаў Міністэрству архітэктуры, а затым перайшоў да Міністэрства сувязі БССР. Ёсць на тэрыторыі санаторыя гістарычная славутасць — руіны сядзібы Тышкевічаў. Аб продажы комплексу піша Realt.by.

Праз 10 гадоў пасля ўвядзення ў строй санаторый зачынілі. Паступова ён ператварыўся ў класічную «заброшку». Цэлых вокнаў у будынку не засталося, усе дарожкі зараслі хмызняком, частка балконаў і сцен абвалілася. За некалькі гадоў розныя людзі вынеслі з санаторыя ўсё, што магло спатрэбіцца ў гаспадарцы.

Але пры ўсім пры гэтым месца гэтае папулярнае: сюды пастаянна зазіраюць байдарачнікі, якія праплываюць міма, заязджаюць аматары страйкболу і маладыя — для рамантычных фотасесій.

Незвычайная архітэктура будынка прывабная да гэтага часу. Вежа (у ёй схаваны воданапорны рэзервуар) з падвойным флюгерам у выглядзе буслоў і васількоў, чырвоны чарапічны дах, адкрытыя балконы.

Як піша Realt, санаторый цяпер належыць ТАА «Пракрыда». Аб'ект, пабудаваны ў 1986 годзе і закрыты ў 1996-м, быў набыты цяперашнім уласнікам па дамове куплі-продажу.

Плошча будынка складае каля 2700 квадратных метраў. Уся тэрыторыя санаторыя разам з санітарнай зонай аховы падземных крыніц налічвае больш за 9 гектараў. Зямля перададзена ўласніку ў арэнду да 2063 года.

Як сцвярджае аўтар аб'явы, пабудовы санаторыя можна рэканструяваць, аднавіць або перабудаваць, атрымаўшы для гэтага неабходныя дазволы ў Валожынскім райвыканкаме. Акрамя будынка санаторыя, у аб'ект продажу ўваходзяць ачышчальныя збудаванні, супрацьпажарныя рэзервуары, кацельня, будынак КНС, гаражы і трансфарматарная падстанцыя. 

Кошт закінутага санаторыя — 80 тысяч даляраў. Акрамя продажу, уласнік гатовы разгледзець і варыянты абмену. Ва ўмовах здзелкі таксама ўдакладняецца, што аб'ект прадаецца разам з фірмай.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера