Знайсці
13.08.2021 / 09:00РусŁacБел

Ганна Севярынец: Гэта пратэст супраць зла, калі ён бывае дарэмным?

Падзеі мінулага года натхнілі і змянілі сотні тысяч беларусаў. Многія нібыта прачнуліся, убачылі рэальнасць і не захацелі з ёй мірыцца. Чэргі на ўчасткі, белыя стужкі, шматтысячныя маршы і невядомая дагэтуль салідарнасць. У адказ — святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі, вадамёты і невядомы дагэтуль гвалт. Палітвязні, пацярпелыя, «часам не да законаў», вымушаная эміграцыя… Часам падаецца, што светлага ўжо нічога не будзе. Настаўніца і пісьменніца Ганна Севярынец лічыць, што нічога з мінулага года не было дарма.

Ганна Севярынец — літаратуразнаўца, аўтарка мастацкіх кніг «Гасцініца Бельгія», «Дзень святога Патрыка», а таксама шматлікіх даследчых прац. Сястра палітвязня, палітыка Паўла Севярынца. Да лета мінулага года яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў смалявіцкай гімназіі. Аднак яе звольнілі за верш, прысвечаны Колі.

«Раз — і я апынулася ў тых часах, якія я лічыла для сябе часамі выбару»

«Для мяне 2020 год — гэта ўвасабленне ў рэальным жыцці, якое адбываецца навокал мяне, таго, чым я займалася як даследчык літаратуры 1930-х гадоў. Асабіста для мяне самае важнае ў гэтым годзе — повязь часу, якому я шмат надзяляла ўвагі, калі працавала як даследчыца, і таго, што адбывалася навокал. Гэта былі самыя і непрыемныя, і страшныя, і трывожныя прызмы, праз якія я глядзела навокал.

Калі адысці крышачку ад тэмы, якая мяне займала і тырчала ў галаве як цвік, то гэта быў час прыслухоўвання да сябе.

Раз — і я апынулася ў тых часах, якія я лічыла для сябе часамі выбару. Як у Быкава.

Яго цікавіла тэма вайны, таму што гэта такія абставіны, у якіх чалавек вымушаны рабіць выбар.

Больш за ўсё пазітыўных уражанняў у мяне звязана з маршамі. На самы першы марш 16 жніўня я не патрапіла. Неяк я прамінула аб'яву. Сядзела на дачы, катала агуркі. І па праўдзе кажучы, нават фотаздымкі досыць позна ўбачыла. І я проста абалдзела! Яны выглядалі як нешта нерэальнае. Я не магла нават сумясціць у галаве геаграфію. Вось я бачу Стэлу, гасцініцу «Планета», скрыжаванне — і я не разумею, што гэта яно на фота. А потым ужо прыехалі адтуль сябры, і ўвечары мы сустрэліся. Шмат расказаў было.

А потым я адчула ўжо ўсё гэта на сабе. Яшчэ памятаю гэтае месца каля Дому друку па вуліцы Сурганава, калі еду на тралейбусе, яго часта ўспамінаю. Там цесненькая вуліца дла такой вялікай калоны. І там рэха.

Калі калона туды ўвайшла, гэтыя крычалкі яны праз косці праходзілі. Гэта проста нешта! Самыя моцныя ўражанні пазітыўныя, і яны звязаныя з маршамі».

«Размаўляла з жанчынай, муж якой разганяў пратэсты. Яна рыдала»

Мы змяніліся, безумоўна. І безумоўна да лепшага. Змяніліся як кожны ўласна, так і нацыя. Мне цяжка казаць пра тых людзей, пра якіх мы мусім думаць часцей за ўсё, пра тых, што цяпер твораць зло. Быць часткай дабра проста, прыгожа — і што тут рэфлексаваць. 

А вось гэтыя людзі, што робяць зло, якімі яны становяцца? Ці становяцца яны лепш? Ці ўсведамляюць яны, што робяць? Ці становяцца яны горшымі? А якія яны былі да гэтага? Я б павывучала гэты феномен. Вядома, не цяпер, не ў вострай фазе. Спадзяюся, калі-небудзь.

Я размаўляла з жанчынай, у каторай муж — спецназавец, разганяў пратэсты. Яна жудасна рыдала. Таму што яны нармальна жылі. У іх дзеці, сям'я, свая гісторыя за гэтым — і раптам такое. Яна плакала і казала, што справа ідзе да развалу сям'і. Для яе была гэта такая трагедыя.

Гэта ўсё вельмі складана, і якраз гэта будзе тэмай самых лепшых кніжак. Вядома, будуць прыгожыя кніжкі пра маршы, пра выхад, пра карцінкі, пра герояў і ўсё астатняе. А самыя важныя кніжкі яны будуць якраз пра гэта.

«Год-паўтара — не тэрмін для гісторыі»

Ці дарма было ўсё, што мы рабілі ў 2020-м? Залежыць ад таго, якія мэты перад сабой ставіў чалавек, як ён ацэньваў тое, што было навокал яго. Прыкладам, калі чалавек жыў са свядомасцю, што ўсё нармальна, яго ўзбурылі хіба што несправядлівыя выбары, і ён лічыў, што за дзень-два-тыдзень гэта праблема можа вырашыцца, то на яго, безумоўна, можа накаціцца туга.

А калі разумееш, што гэта ўсё значна больш масштабна і рэч нават не ў рэжыме цяперашнім, то як гэта магло быць дарэмна? Гэта спроба вызваліцца, гэта пратэст супраць зла, а калі ён бывае дарэмным?

Можна прапанаваць, давайце вернемся. Не ў 8 жніўня, бо гэта пазнаватая станцыя. Нават не ў сакавік 2020-га года, бо там быў каранавірус і ўсім была бачная жудасная пачварнасць у адносінах да людзей.

Давайце вернемся ў снежань 2019-га. Давайце ўсе вернемся. З тым досведам, які мы цяпер маем. І будзем разумець, што кожны чалавек можа стаць зверам, і катаванні могуць быць. І што мы выберам, сядзець пры гэтым ці мець за плячыма год выхаду з гэтай сітуацыі? Ну, канечне, мы прымем год выхаду. Таму што з кожным днём мы ўсё бліжэй да выхаду.

Мяне вельмі ратуе гістарычны погляд. Калі б у мяне не было гэтага досведу, мне было б цяжэй. Але паколькі я працую ў архівах, я разумею, як ідзе гісторыя, я разумею яе хаду. І разумею, што год-паўтара — гэта не тэрмін для яе. Гэта нават не секунда. Такі закон.

Чалавек жыве 70-80 гадоў, нехта менш. А вось памяць пра ягоныя справы, паперы, якія ад яго застаюцца, след, які ён пакідае пасля сябе, — гэта вечнае. Проста людзі пра гэта не задумваюцца,

а гэта назаўсёды, што значна даўжэй, чым чалавечае жыццё. Пакуль існуе чалавецтва, не скончацца сляды тваіх рук-ног, таго, што ты нарабіў у сваім жыцці.

Можаш, вядома, разважаць у межах сваёй уласнай біяграфіі, і тады цябе турбуе, што ў цябе крэдыт і ты не можаш сысці з сілавых структур, а вымушаны хадзіць і біць дручком добрых людзей. Але калі ты разумееш, што праз 200-300-500 гадоў імя тваё засталося, званне тваё засталося, усё, што ты рабіў, засталося, усё засталося? Папера перажывае ўсё. Папера, напісаная алоўкам, у архіве будзе ляжаць 300-400 гадоў.

Усе думаюць: а памёр — і ўсё. Не. Толькі тады пачынаецца праўда і справядлівасць пра цябе.

Твой унук, праўнук, 25-е калена, 70-е калена ў любы момант звернецца да інфармацыі, а ты ўжо нічога не памяняеш. Гэта як хрысціянская ідэя вечнага жыцця, толькі без рэлігійнага падтэксту.

«Што рабіць далей? Быць нармальным чалавекам»

Я бачу будучую Беларусь вельмі перспектыўнай. Але які шлях да гэтага трэба будзе прайсці, ніхто вам не спрагназуе. У мяне адчуванне, што навокал усё як сена сухое і запалкі. Любы выпадак можа непрагназавана змяніць сітуацыю.

Можа быць, праз месяц усё зменіцца. А можа быць, у нас зігзаг, калі што-небудзь адбудзецца і нам яшчэ дзесяцігоддзі выбірацца з-пад Расіі. Мы ж не ведаем, як гэта ўсё геапалітычна складзецца.

Што рабіць далей? Усё, што мы і рабілі. Быць сумленнымі, не хлусіць, не фальсіфікаваць, дапамагаць таму, каму блага, і сачыць за сабой і блізкімі. Быць нармальным чалавекам. Канечне, складана. Аказваецца, што чалавек ідзе на марш пад нацыянальным сцягам, а прыходзіць дадому і плануе, як будзе фальсіфікаваць сыну адзнакі за чвэрць. Ці як ён крутане што-небудзь, каб што-небудзь па-за законам сабе здабыць.

Навучыўшыся думаць пра закон, пра тое, навошта Канстытуцыя (хто раней чытаў Канстытуцыю? Аказваецца, гэта сур'ёзная справа, аказваецца закон — гэта закон), атрымаўшы гэтую прышчэпку, я спадзяюся, людзі і жыць пачнуць па-іншаму. Яно так і памяняецца. А што тычыцца рэжыму, гэта не самае важнае, і яно, безумоўна, зменіцца.

У цяжкіх сітуацыях я сабе кажу: «Паміраць збірайся, а жыта сей». Я ўжо закатала столькі слоікаў, што я нават дзве сям'і палітвязняў магу ўтрымаць. Бо калі нервуешся, а рукі занятыя, табе прасцей. Зіма будзе цяжкой, а мне будзе каму слоічак сунуць як гасцінец».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930