Знайсці
14.10.2021 / 15:06РусŁacБел

Прыгнаць з Еўропы «незабітую» машыну. Якія варыянты і што з цэнамі

Цяпер больш за 70% прадаваных у Беларусі новых аўто зроблены ў Расіі. З аднаго боку, купля ў салоне дае некалькі гадоў гарантыі на машыну, а таксама магчымасць карыстацца фінансавымі інструментамі накшталт лізінгу і крэдыту, калі не хапае сваіх сродкаў. З іншага — выбар варыянтаў і мадэляў абмежаваны, а таму аўтамабіль з Еўропы з прабегам нярэдка бачыцца цалкам разумнай альтэрнатывай, піша Officelife.media.

Часцей за ўсё з ЕС вязуць гарадскія аўто не старэйшыя за 2017 год

— Вязуць абсалютна розныя машыны — ад Opel Corsa з маленькім маторам, якую можна танна размытніць, да Mercedes V-класа і Volkswagen Touareg з трохлітровымі маторамі. Вядома, пераважна попытам карыстаюцца мадэлі, якія на беларускім рынку не прадстаўлены, — апісвае становішча спраў Яўген, партнёр ТАА «БелАўкцыён-груп» па падборы, куплі і дастаўцы аўто з ЕС. — Тое, што вырабляецца ў Расіі, з Еўропы ніхто не вязе, за выключэннем іншых камплектацый, якіх не бывае ў мадэляў расійскай зборкі.

auto.ru

Самы папулярны цэнавы сегмент — $12-13 тыс.: Renault Megane, Ford Focus, Peugeot 308. Гэта значыць гарадскія аўтамабілі не старэйшыя за 2017 год, прыгожыя, стыльныя і недарагія за кошт малых аб'ёмаў рухавікоў (1,5-1,6 л), прычым, як правіла, дызельных (Еўра-6).

— З катэгорыі «крыху даражэй» — Renault Talisman: вялікая і прыгожая машына, зноў жа з дызельным рухавіком 1,5-1,6 л. або красовер Peugeot 3008 са свежай і цікавай знешнасцю. Ну і класіка — Volkswagen Passat, але іх шукаюць у добрых камплектацыях: не ніжэйшых за Comfortline, абавязкова LED-оптыка, магчымая лічбавая прыборная панэль, — працягвае спецыяліст.

motor.com

Дарэчы, нават у машынах нізкага цанавога сегмента пакупнікі ўсё роўна хочуць LED-оптыку, круіз-кантроль, аўтаматычную каробку, панарамны дах. Гэта значыць усё тое, што ў бюджэтніках не сустракаецца ў прынцыпе.

Ну і, вядома ж, попытам карыстаюцца мінівэны — сямейныя аўтамабілі. Тут дапамагае 140-ы ўказ аб ільготным мыце.

— Людзі часта купляюць іх для сябе, асабліва калі ў іх мінімум трое дзяцей. Больш танныя — Citroën C4 і Opel Zafira, даражэйшыя — Volkswagen Sharan, Renault Espace і Ford S-Max, — дзеліцца звесткамі Яўген. — Але самая папулярная мадэль тут, як ні дзіўна, BMW Grand Tourer, у якой ёсць сямімесная версія, а таксама маленькі матор аб'ёмам 1,5 л.

BMW Grand Tourer. Фота: hardymutschler.de

Цэны выраслі на 20 працэнтаў

Такім чынам, самы папулярны цэнавы сегмент пры куплі машыны ў ЕС — $12-13 тыс. Пры гэтым, па словах спецыялістаў, зусім нядаўна гэтыя аўто каштавалі $10-11 тыс.

— Кошты ў Еўропе выраслі не менш чым на 20%. Яшчэ вясной цана на аўтамабіль каля 7 тысяч еўра была рэальнай, на гэтыя грошы можна было купіць універсалы Škoda Superb або Renault Talisman. Вядома, у простых камплектацыях і з механічнымі каробкамі перадач, але ўсё роўна гэта вялікія аўтамабілі класа D. Цяпер за такія грошы не купіш нават Renault Megane, ён абыдзецца як мінімум на тысячу еўра даражэй, — дзеліцца данымі Яўген.

Сёння з бюджэтам да $8-9 тыс. мае сэнс шукаць максімальна жывы варыянт на нашым рынку. Нават з улікам ільготнай размытнёўкі нічога добрага на гэтыя грошы прыгнаць з Еўропы не атрымаецца, калі толькі не казаць пра зусім маленькія машынкі накшталт Volkswagen up!

Volkswagen Up. Фото: automoto.ua

Рост цэн спецыялісты звязваюць з актывізацыяй ва ўсіх сферах эканомікі пасля пачатку вакцынацыі і адмены лакдаўнаў. На беларускім рынку гэта пакуль моцна не адбілася, бо адносна даляра істотна аслабеў еўра. Калі вясной адзін еўра каштаваў да $1,22, то зараз ён каштуе $1,17-1,16. Вось гэтая розніца курсаў пакуль і нівелюе рост цэн, але яе хопіць ненадоўга.

Вырас і попыт на аўтамабілі: добрыя машыны на еўрапейскіх аўкцыёнах прадаюцца вельмі хутка.

Трэба разумець, што калі ў такой сітуацыі цікавіць якасць, то эканоміі па параўнанні з прапановамі на беларускім рынку можа не атрымацца зусім.

«Да чвэрці машын ва ўзросце ад двух да сямі гадоў ёсць пытанні па прабегу»

Існуе меркаванне: чым старэйшы аўтамабіль, тым больш верагоднасць, што адометр будзе хлусіць. Аднак эксперты ўпэўненыя: такі падыход — спрошчаны.

— У Еўропе галоўным фактарам уплыву на кошт аўтамабіля з'яўляецца не год яго выпуску, а менавіта прабег. Машына можа быць і старой, але з невялікім прабегам, удалай камплектацыяй і добрым маторам будзе каштаваць мінімальна танней у параўнанні з такой жа новай.

Што тычыцца скруткі прабегу, то адбываецца гэта часцей за ўсё ў двух выпадках.

— Па-першае, на машынах старэйшых за 7-10 гадоў, якія змянілі ўжо не аднаго ўладальніка, таму складана знайсці канцы — дзеліцца назіраннямі Яўген. — Па-другое, на дарагіх аўтамабілях, каб істотна падняць кошт. Напрыклад, у выпадку з Mercedes V-класа розніца ў кошце паміж машынамі з прабегам 400 тысяч і 100 тысяч кіламетраў можа дасягаць 10 тысяч еўра.

Паводле ацэнкі эксперта, у Беларусі па кожнай пятай машыне ва ўзросце ад двух да сямі гадоў ёсць пытанні да прабегу. У Расіі — да кожнаму другога аўтамабіля. Менавіта таму ў расіянаў давер да беларускіх кампаній, якія гандлююць старымі аўтамабілямі з ЗША і Еўропы, вышэйшы, чым да сваіх уласных.

— Важны момант: калі ў ЗША машына прадаецца на аўкцыёне па прынцыпе «як ёсць на дадзены момант, і прэтэнзіі не прымаюцца», то ў Еўропе яна прадаецца з гарантыяй. Аўтамабіль з прабегам мае гадавую гарантыю на схаваныя дэфекты — звяртае ўвагу Яўген. — Гаворка не ідзе, вядома, аб зносе калодак, адсутнасці дыванкоў і драпінах у багажніку. Але калі машына заяўлена як безаварыйная і з рэальным прабегам, то такой яна і павінна быць. Аўтамабіль з відавочнымі слядамі рамонту і непрацуючай каробкай перадач у Беларусь проста не паедзе, а будзе вернуты прадаўцу з аплатай ім усіх выдатках.

«Кожная трэцяя машына з Германіі — з перафарбаваным бамперам?»

Выбіраючы аўто ў Еўропе, трэба не толькі звяртаць увагу на прабег, але і памятаць аб нюансах эксплуатацыі ў кожнай канкрэтнай краіне.

— На кожнай другой або трэцяй нямецкай машыне пярэдні бампер і капот будуць цалкам пасечаныя дробным пяском або цалкам перафарбаваны. На аўтабанах абмежаванняў хуткасці няма, а пры частай яздзе на вялікія адлегласці з хуткасцю 160-180 км/г немагчыма не налавіць сколаў — тлумачыць Яўген. — На машынах з Бельгіі і Нідэрландаў стан лакафарбавага пакрыцця лепшы — там абмежаванне на магістралях 120-130 км/г, ды і самі краіны меншыя.

Зрэшты, у Нідэрландах, а таксама ў Даніі ёсць іншая праблема: гэта прыморскі рэгіён, так што на машынах узростам 5-7 гадоў сустракаецца іржа. На аўтамабілях з Францыі і Італіі, для якіх найбольш характэрная кантактная паркоўка, часта пашкоджаныя бамперы, аркі і парогі. Хоць гэта ўжо больш залежыць ад канкрэтнага чалавека, а не ад краіны. Усюды ёсць акуратныя ўладальнікі, стаўленне да машын таксама ва ўсіх рознае.

Колькі каштуе прыгнаць аўто з Еўропы

Варыянт першы: праз аўкцыён

Памеры збору залежаць ад тыпу аўкцыёну, краіны правядзення, а часам і ад кошту лота. У сярэднім яны складаюць 200-600 Еўра, калі казаць аб аўкцыёнах з фіксаванай сумай збору і аўтамабілі коштам 7-15 тыс. еўра. Аднак на аўкцыёнах, на якіх сума збору залежыць ад кошту аўтамабіля, зборы на дарагую мадэль могуць скласці і 1000-1200 еўра.

Варыянт другі: у аўтахаусе

Тут будзе камісія за куплю нета. Бо беларусы, купляючы аўтамабілі ў Еўропе, маюць права разлічваць на вяртанне ПДВ.

— Можна заплаціць прадаўцу цану брута і потым чакаць вяртання сумы ПДВ, а можна заплаціць кампаніі, якая дапамагае з купляй, нейкую камісію за тое, каб купіць машыну па цане нета, — тлумачыць Яўген. — Звычайна гэта 1-2 адсоткі ад кошту, каля 200 еўра. Напрыклад, калі машына каштуе брута 12 тысяч, а нета — 10 тысяч, то вы плаціце 10 200.

За што яшчэ трэба плаціць:

— за дастаўку. Машыны едуць на аўтавозе пад CMR (грузавыя транспартныя накладныя), г. зн. са страхоўкай адказнасці перавозчыка. Гэта каштуе ў сярэднім 550-750 Еўра. З Польшчы, Чэхіі і Аўстрыі дастаўка крыху танней, з Італіі, Даніі ці Францыі — даражэй. У выпадку Германіі, Бельгіі або Нідэрландаў дастаўка абыходзіцца ў 650-700 еўра

— за афармленне экспартных дакументаў (экспартная дэкларацыя EX1) — каля 40 еўра;

— за паслугі па падборы аўтамабіля ў залежнасці ад кампаніі (ад 500 да 1 тыс.рублёў.

Разам: да цаны машыны трэба дадаваць яшчэ як мінімум 1 тыс. еўра.

«СБ» пахвалілася, што скакун Недасекаў купіў навюткую БМВ, «якой зайздросціць Ціманоўская». Колькі каштуе такое аўто?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера