Знайсці
23.10.2021 / 09:37РусŁacБел

Чаму Еўропа не ўводзіць санкцыі супраць «Белавія», хоць яе лічаць датычнай да мігранцкага крызісу на мяжы? 

На парадку дня саміту Еўрасаюза 21—22 кастрычніка было адразу некалькі складаных і спрэчных тэм. Сярод іх — мігранцкі крызіс на мяжы з Беларуссю і супрацьдзеянне яму. На гэтую тэму сышло больш за ўсё часу — пяць гадзін, перадае DW.

У камюніке саміту дзеянні рэжыму Лукашэнкі назвалі «гібрыднай атакай». Гэта тэрмін, які з самага пачатку выкарыстоўвалі Літва, Латвія і Польшча — краіны, куды перш за ўсё прыбываюць мігранты. Цяпер яго выкарыстоўваюць практычна паўсюдна ў ЕС.

«Еўрапейскі савет не будзе мірыцца з любымі спробамі трэціх краін выкарыстоўваць мігрантаў у палітычных мэтах. Ён асуджае гібрыдныя атакі на межах ЕЗ і будзе рэагаваць адпаведна», — адзначаецца ў камюніке саміту.

У адказ на дзеянні рэжыму Лукашэнкі Еўрасаюз прыгразіў «прыняць далейшыя абмежавальныя меры супраць фізічных і юрыдычных асоб». Хоць гэтае пытанне ён і назваў «неадкладным», ніякіх часавых рамак на саміце, як звычайна, не назвалі. Як паведамлялі СМІ раней, прыняцце пятага пакета санкцый чакаецца ў лістападзе.

Рашэнне саміту пацвердзіла, што палітычная падтрымка новых санкцый ёсць. Спрэчным застаецца практычнае напаўненне пятага пакета.

Пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску ў канцы траўня Еўрасаюз увёў жорсткія абмежаванні ў дачыненні да беларускіх авіякампаній. Ім забаранілі выкарыстоўваць паветраную прастору і аэрапорты ЕС. Шэраг дзяржаў, у прыватнасці Украіна, далучылася да гэтай меры.

Але пры гэтым уласна ў санкцыйны спіс Еўрасаюз не ўнёс ні адну беларускую авіялінію. Уключэнне ў гэты пералік азначае, што кампаніям і фізічным асобам з Еўрасаюза будзе забаронена прадастаўляць сродкі або эканамічныя рэсурсы прадпрыемствам, якія аказаліся пад абмежаваннямі.

Гэта важна, таму што дзяржаўны беларускі перавозчык вельмі залежыць ад заходніх кампаній. Паводле звестак профільнага швейцарскага рэсурсу ch-aviation, «Белавія» валодае толькі дзевяццю з 29 самалётаў свайго камерцыйнага флоту. 20 авіялайнераў яна ўзяла ў лізінг, пераважна ў еўрапейскіх фірмаў: па сем у ірландскіх і ў дацкай кампаніі, і яшчэ адзін — у румынскай.

Астатнія самалёты ў лізінг падалі тры кампаніі з ЗША. Характэрна, што адна з іх — Air Lease Corporation — у красавіку гэтага года перадала «Белавія» ў лізінг новы Boeing 737 MAX 8, першы такі самалёт з партыі ў пяць адзінак.

Суседнія з Беларуссю краіны ЕС яшчэ з лета дамагаюцца забароны еўрапейскім кампаніям прадастаўляць паслугі «Белавія». Тэму магчымых санкцый абмеркавалі 18 кастрычніка міністры замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні ў Люксембургу. Па яго выніках кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заявіў: «Мы гатовыя імплементаваць санкцыі супраць дзяржаўнай кампаніі Беларусі («Белавія». — НН.)».

Аднак Еўрасаюз можа ўвесці санкцыі толькі са згоды ўсіх 27 яго дзяржаў-членаў. Дублін не з'яўляецца прыхільнікам мер, якія могуць нанесці шкоду ірландскім кампаніям. Але міністр замежных спраў Ірландыі Сайман Коўвені, размаўляючы ў Люксембургу з журналістамі, неаднаразова падкрэсліваў, што яго краіна падтрымлівае новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі: «Мы адкрытыя для новага раўнда санкцый супраць асоб у Беларусі».

На думку Коўвені, новыя кантракты на лізінг самалётаў павінны быць забароненыя. А вось ануляванне дзейных кантрактаў ён назваў складаным пытаннем, паколькі гаворка ідзе аб «юрыдычных абавязацельствах».

Відавочна, што забарона толькі на будучыя кантракты ніяк не паўплывае на наяўныя ў «Белавія» магчымасці перапраўляць мігрантаў у Беларусь. Знайсці рашэнне зараз спрабуюць у Савеце ЕС на працоўным узроўні. А паколькі «Белавія» ўзяла ў лізінг самалёты не толькі ў еўрапейскіх кампаній, то кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў, што ЕЗ варта шукаць скаардынаваны падыход з краінамі, якія прытрымліваюцца падобных поглядаў, у прыватнасці ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера