Знайсці
07.12.2021 / 07:58РусŁacБел

Толькі IT-спецыялістам і членам іх сем'яў — 22 тысячы віз. Колькі беларусаў рэлацыравалася ў Польшчу?

Пасля выбараў 2020 вялікая колькасць беларусаў была вымушаная пакінуць свой родны дом. Шмат хто з іх верыць, што гэта часова і на дзень народзінаў загадвае вярнуцца. «Наша Ніва» сабрала статыстыку па самых папулярных краінах для рэлакейту сярод беларускіх эмігрантаў. Сёння расказваем пра Польшчу.

Адной з краін, якая прыняла ў сябе больш за ўсё эмігрантаў з Беларусі, з’яўляецца Польшча. Паспрабавалі падлічыць, колькі суайчыннікаў пераехала туды апошнім часам і ў якіх умовах яны апынуліся.

Паводле Міністэрства замежных справаў, з чэрвеня 2020 да канца ліпеня 2021 года Польшча выдала беларусам 178 711 візаў. У гэтым ліку таксама візы Poland.Business Harbour для стартапераў, праграмістаў і прадпрымальнікаў у IT-сферы (а таксама для членаў іх сям'і). Такіх беларусам за год з невялікім (з моманту існавання праграмы) выдалі 22 тысячы.

Дадзеныя па стане на лістапад 2021 года, па інфармацыі Polish Investment and Trade Agency.

Асобную катэгорыю складаюць гуманітарныя візы: яны выдаюцца актывістам, людзям у групе рызыкі, тым, хто выязджае з краіны праз палітычныя рэпрэсіі. 

Рост выдадзеных гуманітарных віз проста шалёны: да пачатку выбарчых падзей у 2019 годзе беларусам выдалі ўсяго 7 гуманітарных віз, а ўжо з чэрвеня 2020 года па ліпень 2021-га — 12 190.

Са снежня мінулага года наяўнасць такой візы адкрывае магчымасць легальна працаваць у Польшчы — такія змены былі адмыслова ўнесеныя з польскае заканадаўства ў якасці меры падтрымкі.

Людзям, якім у роднай краіне пагражае пераслед ці рэальная рызыка здароўю, у Польшчы можна атрымаць міжнародную абарону. Як паведаміў «Нашай Ніве» прэс-сакратар Упраўлення па справах замежнікаў Якуб Дудзяк, у 2021 годзе міжнародную абарону атрымалі 943 беларусы. У 2020-м такіх было 81, а ў 2019-м усяго тры.

«Шэлтар у Беластоку быў падарункам лёсу»

Сярод тых, каму ў выніку ўхвалілі запыты на міжнародную абарону, былі амаль усе беларусы, прайшоўшыя праз шэлтар у Беластоку, адкрыты сіламі дыяспар і фонду «Краіна для жыцця».

«Шэлтар для беларусаў адчыніў дзверы ў снежні мінулага года. За паўгода існавання мы прынялі каля 40 чалавек. Асноўную частку складалі студэнты, якім пагражала крымінальная справа ці войска пасля адлічэння. Таксама ў нас жылі сем’і з дзецьмі. Людзей вывозілі на мяжу без віз, без нічога. Ім рабілі зялёны калідор, і мы іх тут сустракалі», — расказвае Марына Ляшчэўская, экс-валанцёрка шэлтара.

Былы гандлёвы агент Наталля з Мазыра разам з 11-гадовым сынам прыйшла на мяжу акурат так — без візы, з пустымі рукамі. У Беларусі ёй пагражала крымінальная справа праз актывізм: жанчына валанцёрыла пад РАУС, расклейвала лістоўкі па горадзе. Спачатку яна спрабавала здымаць у Польшчы жытло, але зразумела, што без працы не зможа яго цягнуць доўгі час.

Беласток. Фота: wikimedia.org.

«У Беластоку моцная беларуская дыспара, і актывісты прапанавалі мне пасяліцца ў шэлтар з дзіцёнкам. Гэта было проста падарункам лёсу, інакш прыйшлося б ехаць у лагер для бежанцаў, відаць. Нас пасялілі ў асобнае памяшканне з кухняй і санвузлом.

Мы пражылі там некалькі месяцаў, пакуль я не знайшла працу. Я раблю ў Беластоку на адным з прадпрыемстваў, дзе прыбіраю памяшканні, але хачу добра вывучыць польскую мову і пасля ці пайсці вучыцца, ці атрымаць лепшую працу», — расказвае Наталля.

На дадзены момант шэлтар спыніў працу, бо фінансаванне для яго дыяспары збіралі на паўгода. Але і ўсе яго насельнікі ўжо раз’ехаліся, уладкаваўшчыся ў Польшчы самастойна. 

«Патрэбы працягваць праект як такой не было. Але хваля беларусаў, што пераязджаюць сюды, не спынілася, — тлумачыць Марына Ляшчэўская. — Мы дапамагаем ім ужо кропкава. Нядаўна жанчына ва ўзросце 50+ прыехала ў Беласток без адзення і грошай — арганізавалі збор сродкаў. У экстранай сітуацыі ўсе заўсёды аператыўна ўключаюцца. Плюс мы дапамагаем эмігрантам з інтэграцыяй, юрыдычнымі пытаннямі».

Дадзеныя па стане на лістапад 2021 года.

«Першы час пасля выбараў машыны хуткай дапамогі сустракалі беларусаў наўпрост на памежных пераходах»

Дапамогу беларусам, пацярпеўшым ад гвалту і рэпрэсій пасля выбараў, арганізоўвае і Беларускі дом у Польшчы.

«Калі да жніўня 2020 года мы ладзілі канферэнцыі, адукацыйныя візіты, моладзевыя абмены, інфармацыйныя кампаніі і культурніцкія мерапрыемствы, то пасля праца перавярнулася на 180 градусаў. Дапамагчы суродзічам было нашым маральным абавязкам.

Пасля 9-11 жніўня мы анансавалі збор сродкаў у Польшчы і пераключыліся выключна на дзейнасць па дапамозе палітычным рэпрэсаваным: візавую падтрымку, медыцынскую і псіхалагічную рэабілітацыю, стартавую фінансавую дапамогу, юрыдычныя кансультацыі. Мы пастаянна арганізоўваем бясплатныя курсы польскай мовы для рэпрэсаваных беларусаў, апекуемся некалькімі сем’ямі палітвязняў унутры краіны», — расказвае кіраўнік Беларускага дома Алесь Зарэмбюк.

Па дадзеных арганізацыі, ў жніўні-снежні 2020 года ў рамках новай праграмы для рэпрэсаваных яны дапамаглі403 пацярпелым. Абсалютная большасць — 321 чалавек — падвергліся прамым рэпрэсіям: затрыманням падчас мірных акцый, фізічным і псіхічным здзекам з боку службовых асобаў. Таксама ў гэты лік уваходзяць людзі, якія атрымалі пагрозы праз актыўную грамадзянскую пазіцыю. Тыя, супраць каго распачалі крымінальныя справы, прадпрымальнікі з «апазіцыйным» бізнэсам, вымушаныя закрыць яго і бегчы з краіны. 

«Першы час пасля выбараў машыны хуткай дапамогі сустракалі беларусаў наўпрост на памежных пераходах у Тэрэспалі і Кузніцы. 127 чалавек атрымалі медыцынскую дапамогу ў шпіталі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў Варшаве, а таксама фізічную і псіхалагічную рэабілітацыю ў санаторыі Душніках-Здруй. Мы таксама арганізавалі cуайчынніку складаную аперацыю па пераломе рукі. Яна была зламаная ў некалькіх месцах ў выніку збіцця супрацоўнікамі АМАП.

Дапамагалі мы, напрыклад, прафінансаваць аперацыю журналісту Яну Роману: у 2020-м у Гародні яго моцна збілі амапаўцы, зламалі нос. Прыйшлося аднавіць хірургічным шляхам лор-сістэму журналіста.

Нядаўна Беларускі дом прафінансаваў яшчэ адну складаную аперацыю. Беларуска, як яна сцвярджае, была збітая супрацоўнікамі міліцыі. Яна доўга не магла хадзіць, а ў выніку нейрахірургічнай аперацыі павінна цалкам аднавіцца і вярнуцца да нармальнага жыцця

Агулам мы дапамаглі каля 20 асобам з сур'ёзнымі праблемамі здароўя — тым, каму патрэбныя былі медыцынскія аперацыі. Шкада, што не ўсе рэпрэсаваныя хочуць пра гэта публічна расказваць: так не ўсе могуць даведацца пра магчымасць лячэння ў Польшчы. Ну, і, вядома, важна, каб кожнае злачынства так званай міліцыі было дакументальна зафіксавана», — каментуе Алесь.

Пры гэтым, кажа суразмоўца, людзі працягваюць бегчы з краіны. Толькі ў кастрычніку ў Беларускі дом з просьбамі аб дапамозе ў той ці іншай форме звярнулася 221 асоба, а за лістапад — больш за 180 чалавек.

Колькасць людзей, атрымаўшых у Польшчы віды на жыхарства, апошнім часам таксама моцна вырасла: 8 080 чалавек у 2020 годзе супраць 14 430 у 2021-м.

64% беларусаў з відамі на жыхарства ў Польшчы — гэта людзі ва ўзросце ад 18 да 40 год. Мужчын сярод іх больш: 55%. 20 тысяч беларусаў атрымалі сталыя віды на жыхарства на падставе польскіх каранёў, карты паляка. Але самы актыўны рост цяпер назіраецца сярод часовых відаў на жыхарства ў сувязі з уладкаваннем на працу: такімі дакументамі валодае больш за 10 тысяч беларусаў.

Асобнай катэгорыяй беларускіх грамадзян, што могуць знаходзіцца ў Польшчы, з’яўляюцца людзі, што выязджаюць туды на сезонныя працы. Паводле Дэпартамента рынку працы, ў першым паўгоддзі 2021 года было пададзена больш 40 тысяч заяваў ад працадаўцаў па найме грамадзян Беларусі. За аналагічны перыяд 2020-га такіх налічвалася каля 30 тысяч, што таксама можа сведчыць пра тое, што больш беларусаў сталі уладкоўвацца за мяжой.

 

Столькі беларусаў пражывае ў Польшчы агулам на пастаяннай аснове з афіцыйнамі дакументамі кшталту відаў на жыхарства (сюды не ўваходзяць тыя, хто часова знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы ў межах бязвізу ці на падставе віз). Беларусы на другім месцы сярод замежнікаў, больш у Польшчы толькі ўкраінцаў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930