Знайсці
02.12.2021 / 17:51РусŁacБел

«Прыедзеш у Маскву, і цябе са «Спутнікам» пасадзяць на каранцін». Высвятляем, чаму Расія не прызнае сваю ж вакцыну

Аказваецца, беларусы, якія вакцынаваліся расійскім «Cпутнікам» у Беларусі, у Расіі лічацца непрышчэпленымі. Пра гэта «Нашай Ніве» расказалі чытачы. Чаму так адбываецца?

Фота:senatinform.ru

«Праз тыдзень на цягніку ехаць у Маскву. Два месяцы таму укалола сабе другую дозу «Спутніка», — гаворыць Надзея Іванаўна з Оршы. — Думала, усё нармальна, можна ехаць, ніякіх тэстаў рабіць не трэба і на каранціне сядзець таксама.

Добра хоць суседка папярэдзіла. Казала: «Прыедзеш у Маскву, і цябе з тваім «Спутнікам» пасадзяць на каранцін. Спачатку не паверыла: бо ніякай логікі ў гэтам няма. «Спутнік» — расійская вакцына. Як яе могуць там не прызнаць?

На ўсялякі выпадак патэлефанавала ў даведачную беларускай чыгункі. Якое ж было здзіўленне, калі яны пацвердзілі словы маёй суседкі».

Нашай чытачцы растлумачылі, што адпраўляючыся ў Расію, беларусы нават з прышчэпкай «Спутнікам», мусяць зрабіць ПЛР-тэст, вынікі якога трэба будзе ўнесці ў дадатак «Падарожнічаю без COVID-19». Тэст павінен быць выкананы не пазней за тры каляндарныя дні да прыбыцця ў канчатковы пункт прызначэння.

Фота: ria.ru.

«Гэта значыць, прышчэпка «Спутнік» на тэрыторыі Расіі не дае ніякай перавагі, у той час як расіяне, якія прыязджаюць да нас з гэтай вакцынай, не абавязаныя здаваць нават ПЛР-тэст. Што за несправядлівасць?» — абураецца жанчына.

Мы ўважліва пачыталі правілы выезду і ўезду ў Беларусь і ў Расію для грамадзян Саюзнай дзяржавы. І сапраўды: для паездкі ў Беларусь расіянам, калі яны не прышчэпленыя ад каранавіруса, патрабуюцца пашпарт і адмоўны ПЛР-тэст, у тым ліку дзецям, старэйшым за шэсць гадоў, зроблены не пазней за 72 гадзіны да ўезду ў краіну. Калі чалавек вакцынаваны, яму дастаткова прад’явіць свой сертыфікат аб вакцынацыі.

Вось так выглядае старонка дадатка «Падарожнічаю без COVID-19», дзе прапануюць увесці дадзеныя пра вакцыну. Беларусі ў спісе няма

Што тычыцца беларусаў, то ім для ўезду ў Расію адмоўны ПЛР-тэст патрэбны незалежна ад таго, прышчэпленыя яны ці не.

Калі ж грамадзяне Расіі вяртаюцца з Беларусі дадому, ПЛР ім не спатрэбіцца, нават калі яны не прышчэпленыя. Такія ж правілы і для беларусаў, калі яны перасякаюць мяжу сваёй краіны, і няма ніякай розніцы, прышчэплены чалавек ці не. Аналагічная сітуацыя і з авіяперавозкамі.

З такой праблемай патэнцыйна могуць сутыкнуцца больш за 1,8 мільёна беларусаў

Нагадаем, прышчэпачную кампанію супраць каранавіруса ў Беларусі пачалі ў снежні мінулага года, а ўжо ў канцы лютага 2021 года Беларусь запусціла сумесную з Расіяй вытворчасць «Спутніка». Цяпер пераважная большасць вакцыны, што выкарыстоўваецца ў Беларусі, прыпадае менавіта на «Спутнік».

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, якія яно агучвала у сярэдзіне лістапада, поўны курс вакцынацыі ў Беларусі ўжо прайшлі 2,5 млн чалавек. Гэта значыць, мы можам думаць, што «Спутнік» сабе ўкалолі не менш за 1,8 млн беларусаў, бо медыкі часцяком кажуць, што з ліку тых, хто вакцынаваўся, 75% прышчапіліся менавіта «Спутнікам». То-бок ўсе гэтыя людзі патрапілі ў тую ж пастку, што і наша чытачка Надзея Іванаўна з Оршы.

Што будзе з імі, калі яны прыедуць у Расію?

Па расійскіх законах, акрамя абавязковага ПЛР-тэсту і трохдзённага каранціну пасля ўезду, вакцынаваныя «Спутнікам» беларусы будуць абмежаваныя ў свабодзе перамяшчэння па Расіі, а здаваць ПЛР ім прыйдзецца кожныя тры дні. Калі хтосьці прыедзе надоўга, прыйдзецца паўторна вакцынавацца хаця б тым жа «Спутнікам», але толькі на тэрыторыі Расіі.

Але і пасля паўторнай вакцынацыі вы можаце трапіць ў займальны квэст. Аказваецца, каб атрымаць прышчэпачны QR-код у Расіі, вам прыйдзецца зарэгістравацца на адзіным партале дзяржаўных паслуг. Але зарэгістравацца там можна толькі з наяўнасцю страхавога нумара індывідуальнага асабовага рахунка (СНІАР).

Беларускі пашпарт аб вакцынацыі, які ў Расіі да ўвагі не бяруць. Фота: прэс-служба міністэрства аховы здароўя.

СНІАР — гэта такая зялёная картка з нумарам, якая пацвярджае рэгістрацыю ў сістэме індывідуальнага ўліку ў РФ. На гэтым рахунку адлюстроўваецца ўся інфармацыя аб працоўнай дзейнасці чалавека, які пражывае ў РФ, страхавыя ўнёскі, інфармацыя аб працоўным стажы і г.д.

Але ж мы жыхары Саюзнай дзяржавы, і для нас гэта не абавязкова. Нам, каб атрымаць прышчэпачны QR-код у Расіі, расійскія чыноўнікі раяць прадстаўляць даведку ад медыцынскай арганізацыі, але на справе ў некаторых пунктах вакцынацыі выдаваць даведку без СНІАР беларусам усё роўна адмаўляюцца.

Што з гэтай нагоды кажуць законы?

Аказваецца, пытанне аб легалізацыі «замежнага» «Спутніка» ў Расіі паўстала яшчэ мінулай зімой. Бо ў такой жа сітуацыі апынуліся і іншыя краіны. Да прыкладу, Сербія (там «Спутнік» сабе ўкалолі прыкладна 25% усіх прышчэпленых жыхароў), Казахстан (гэтай вакцынай там скарысталіся амаль 6,5 млн чалавек) і Малдова (там «Спутнікам» таксама прышчапляецца большасць).

У выніку амаль за год існавання праблемы, вырашыць яе чыноўнікам так і не ўдалося. Па факце вакцынаваных «Спутнікам» замежнікаў, якія не ведаюць аб такой праблеме, у аэрапорце або на вакзалах проста не пускаюць у самалёты і цягнікі. Людзі губляюць грошы і час.

Улічваючы, што па даных МУС Расіі, кожны месяц у РФ наведваецца прыкладна мільён замежнікаў, патэнцыйна гэтая праблема магла закрануць велізарную колькасць людзей. І гэта пры тым, што дзясяткі іншых краін «Спутнік» любога разліву прызнаюць. Так, напрыклад, з ім можна лёгка трапіць у тую ж Венгрыю, Грэцыю, Грузію, Турцыю, Казахстан, Малдову і Беларусь.

А што кажуць беларускія чыноўнікі?

У наяўнасці відавочная несправядлівасць: расіянам да нас можна са «Спутнікам», а нам да іх нельга. У жніўні амбасадар Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка правёў пасяджэнне групы высокага ўзроўню Саюзнага Саўміна, на якім абмяркоўвалася пытанне ўзаемнага прызнання дакументаў аб вакцынацыі. Але пра вынікі гэтых абмеркаванняў чамусьці нідзе не паведамляецца.

Мы звярнуліся за каментарыем у прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, аднак за суткі ніякага адказу так і не атрымалі. Як толькі гэта адбудзецца (калі адбудзецца), мы абавязкова гэты адказ апублікуем.

Пакуль жа мы можам скарыстацца толькі каментарыем з гэтай нагоды ад намесніка кіраўніка прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Уладзіміра Жалняка, які ён даў медыяхолдынгу «СБ». У ім ён паведаміў, што ўзаемнае прызнанне сертыфікатаў аб вакцынацыі актыўна абмяркоўваецца на ўзроўні абедзвюх краін.

Калі ўсё атрымаецца, беларусы ў электронным дадатку (мабыць, гаворка ідзе пра дадатак «Падарожнічаю без COVID-19», — «НН») змогуць уводзіць QR-код са свайго сертыфіката, што спросціць перамяшчэнне, дазволіць аднавіць турыстычныя патокі, візіты да родных і дзелавыя паездкі.

Разыходжанні, якія ёсць пры перамяшчэнні жыхароў абедзвюх краін, чыноўнік патлумачыў нюансамі правілаў унутранага ўезду ў Беларусь і Расійскую Федэрацыю.

Але пакуль нічога так і не вырашылася.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930