Знайсці
04.12.2021 / 15:24РусŁacБел

Беларуская прапаганда: Германія мала дапамагае бежанцам. Але колькі насамрэч краіна выдатковаўвае грошай? Спойлер — вельмі шмат

Вось ужо некалькі месяцаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой працягваецца беспрэцэдэнтны для нашага рэгіёна міграцыйны крызіс. Краіны ЕС абвінавачваюць афіцыйны Мінск у тым, што ён выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў у якасці палітычнай зброі. Еўропа не збіраецца прымаць гэтых людзей, бо з пункту гледжання міжнароднага права яны бежанцамі не з'яўляюцца. Тым часам беларускія ўлады патрабуюць ад ЕС прыняць гэтых людзей, а дзяржаўныя прапагандысты і Лукашэнка абвінавачваюць Нямеччыну ў тым, што яна мала дапамагае бежанцам і паводзіць сябе няшчыра. Насамрэч, Германія (як і іншыя заходнія краіны) — адзін з галоўных у свеце донараў дапамогі ўцекачам.

Фота Depositphotos.com

Беларуская прапаганда накінулася на Германію і іншыя заходнія краіны ЕС. Маўляў, зруйнавалі Ірак, прымусілі людзей стаць бежанцамі, а цяпер не хочаце плаціць.

«Германія вылучыла 143 тысячы еўра дапамогі для бежанцаў, якія знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы. Які цынізм! Адзін мільён чалавек загінуў у Іраку з моманту ўварвання ў гэтую краіну войскаў НАТА, у тым ліку нямецкіх і польскіх, незаконнага ўварвання, насуперак рэзалюцыі ААН», — сказаў Алег Гайдукевіч.

Насамрэч Германія не брала ўдзел у інтэрвенцыі ў Ірак у 2003 годзе, і нават катэгарычна выступала супраць яе. 

«Вы знішчылі краіну і далі за гэта па 140 еўра. А колькі мільёнаў еўра ў гэты час вылучаецца для расійскай і беларускай апазіцыі нібыта для барацьбы за дэмакратыю. Так і ў Ірак вы ішлі ўсталяваць дэмакратыю. Замест гэтага мільёны смерцяў», — заявіў Гайдукевіч.

Праўладны палітычны каментатар Аляксей Дзерман абвінавачвае Захад у няшчырасці.

«І як ні імкнуцца заходнія пісакі ачарніць нашу краіну, эмоцыі бежанцаў, што вітаюць апладысментамі прэзідэнта Беларусі, гавораць самі за сябе. Многія здзівіліся візіту прэзідэнта да людзей, якія знаходзяцца ў вельмі няпростым псіхалагічным стане, але менавіта гэтым ён і адрозніваецца як палітык ад усіх астатніх, асабліва ад напышлівых, фанабэрыстых і няшчырых еўрапейцаў», — кажа Дзерман.

А што ў рэальнасці?

Насамрэч, багатыя заходнія краіны, сярод якіх і Германія, з'яўляюцца самымі вялікімі донарамі міжнародных і няўрадавых арганізацый, якія займаюцца праблемамі бежанцаў.

Такіх арганізацый у свеце шмат, але самая галоўная і вялікая сярод іх — UNHCR (Агенцтва ААН па справах бежанцаў).

UNHCR не толькі дапамагае канкрэтным бежанцам, яна каардынуе міжнародныя дзеянні па забеспячэнні ў сусветным маштабе абароны бежанцаў і вырашэння іх праблем.

Асноўная мэта UNHCR заключаецца ў забеспячэнні правоў і дабрабыту бежанцаў. Упраўленне працуе ў больш чым 110 краінах свету (у тым ліку ў Беларусі) і аказвае прававую абарону і дапамогу мільёнам бежанцаў.

Паглядзіце, як выглядала фармаванне бюджэту гэтай арганізацыі ад розных донараў за 2020 год.

Абсалютную большасць фінансавання гэтая міжнародная арганізацыя атрымлівае ад багатых заходніх краін.

На першым месцы традыцыйна ЗША, гэтая дзяржава вылучала амаль 2 мільярда даляраў (42% ад усіх ахвяраванняў) на дапамогу бежанцам.

Германія — другі донар гэтай арганізацыі пасля ЗША. За 2020 год толькі нямецкая дзяржава ахвяравала 447 млн даляраў. Яшчэ дзясяткі мільёнаў даляраў ахвяравалі нямецкія прыватныя асобы. Таксама 522 млн даляраў ахвяравалі структуры ЕС (значная частка з гэтых грошай таксама нямецкага паходжання).

У суме Германія плюс іншыя краіны — члены ЕС плюс сам ЕС ахвяравалі UNHCR больш за 1,6 млрд даляраў — каласальныя ў сусветным маштабе грошы.

Велізарныя грошы ахвяравалі і меншыя краіны. Швецыя, якая мае насельніцтва трохі большае за беларускае, ахвяравала 125 мільёнаў даляраў. Маленькая Данія — амаль 97 мільёнаў.

Грошы ахвяравала нават не самая шчодрая ў такіх пытаннях Польшча (1,3 млн даляраў) і Расія (2 млн даляраў).

Нават маленькія дзяржавы кшталту Літвы, Кыргызстана, Славеніі ахвяравалі хаця б дзясяткі тысяч даляраў.

Беларуская дзяржава, паводле справаздачы, не ахвяравала нічога.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930