Знайсці
05.12.2021 / 12:00РусŁacБел

Айцішнікі, дырэктары, пілоты і… вясковы інжынер? Паглядзіце, каму прапануюць самыя высокія заробкі ў Беларусі

Сярэдняя зарплата ў Беларусі па даным на кастрычнік 2021 года склала 1 478 рублёў (але гэта без выліку 14% падатку). Медыянная (лічба, больш за якую зарабляе палова працоўных, а другая палова — менш) ужо толькі 944 рубля. Пры гэтым дзяржаўная служба занятасці прапануе 97 тысяч вакансій, больш за тысячу рублёў абяцаюць усяго толькі 20 тысяч з іх. А якія максімальныя заробкі ў сённяшняй Беларусі? І каму іх прапануюць? 

Чэмпіёнская прапанова ўсяго адна. Інжынеру па ахове працы ў пінскім раённым ЖКГ абяцаюць заробак ад 417 рублёў і да 57 400! Праўда, ў апісанні не тлумачыцца, як можна зарабіць 22,5 тысячы дялараў ў эквіваленце на працы ў адной з вёсак Пінскага раёна. Памылка? Апіска? Таямнічы саўгас-мільярдэр? Пакінем гэта на сумленні службы занятасці і аўтараў вакансіі.

Але адзначым, што такіх экстрэмальных вілак у прапановах хапае. Напрыклад, кіроўцу «Яндэкс. Таксі» нейкі прыватнік абяцае заробак ад 1000 да 30 000 рублёў, аўтаслесара шукаюць на працу з зарплатай 800-25 000 рублёў, а ў вакансіі аператара заправачных станцый зарплата, калі верыць аб’яве, можа складаць ад 900 рублёў і аж да 10 000. 

Менеджар аддзелу клопату на заробак ад 16 да 31 тысячы рублёў

Таму разгледзем больш адэкватныя прапановы. Некаторыя выглядаюць вельмі нечакана. Так, у анлайн-школу англійскай мовы патрэбен «менеджар аддзела клопату» на заробак ад 16 да 31 тысячы рублёў. 

«Загружанасць 13 гадзін за дзень з улікам перапынку. Стабільны даход у сярэднім 33 000 рублёў, — абяцаюць у вакансіі. — Асноўная задача мэнэджара аддзела клопату аб кліентах — забяспечыць кліенту камфортныя і эфектыўныя ўмовы навучання для дасягнення яго мэт у навучанні, даведацца і зафіксаваць чаканні ад навучання (падабраць або змяніць дзеючы расклад заняткаў; вырашаць кропкавыя запыты кліента». 

Кіраўніку форэкс-кампаніі прапаноўваюць ад 12 да 24 тысяч рублёў

Традыцыйна даволі вялікая колькасць добра аплачваемых вакансій для айцішнікаў. Заробкі, у залежнасці ад спецыяльнасці, прапануюцца ад 2 да 10 тысяч даляраў. Найбуйнейшыя прапановы для сеньёр-распрацоўшчыкаў і інжынераў апрацоўкі даных. Але тут, акрамя стажу працы, неабходная англійская і вялікім плюсам будзе веданне нямецкай.

Заробак ад 1 да 10 тысяч даляраў абяцаюць менеджэру па лізінгу. Але тут усё залежыць ад яго самога — заробак наўпрост залежыць ад продажаў. 

Кіраўніку «нядаўна створанай форэкс-кампаніі» прапануюць зарплату ад 12 та 24 тысяч беларускіх рублёў. Ад прэтэндэнта чакаюць вопыт працы ад 5 гадоў, вышэйшую юрыдычную або эканамічную адукацыю і «рэлевантны досвед кіравання кампаніяй звязанай з «форэкс-дзейнасцю».

Да 8 тысяч даляраў абяцаюць менеджэру па прыцягненю інвестараў і і піяршчыку ў нейкім маладым стартапе, звязаным з блокчэйнам і крыптавалютамі. Але тут абавязковае патрабаванне — веданне рынка крыптавалют.

Фасадчыка гатовыя ўзяць за 4600 еўра, але ў Літву

Неблагія прапановы для дырэктараў, але тут патрэбныя нестандартныя замежныя мовы. Кандыдат з веданнем англійскай і іўрыта, з дзесяцігадовым стажам працы ў міжнароднай кампаніі і такім жа ў гульнявым бізнэсе можа разлічваць на 13 250 рублёў зарплаты.

«Белавія» шукае камандзіра паветранага судна. Лятаць прыйдзецца на Боінгу-737, абавязковая англійская мова. Заробак — 12 тысяч беларускіх рублёў. Другі пілот быў патрэбен некалькі месяцаў таму. Яму абяцалі зарплату ад 9 тысяч рублёў.

Ад 3 200 да 4 600 еўра абяцаюць плаціць фасадчыку. Але праца ў Літве. Пры гэтым вакансія абяцае жыллё, транспарт да працы і рускамоўнага прараба. Важны нюанс — аплата здельная, залежыць ад выкананай працы.

Ад 1 800 да 3 600 еўра можа зарабіць і кіроўца-міжнароднік. Вахтавы метад, паездкі па Еўропе, гатэль за кошт працадаўцы. 

Начальнік аддзела грузаперавозак у Turkish Airlines можа зарабіць ад 8 800 да 10 00 рублёў за месяц. Але абавязковы стаж і веданне турэцкай мовы.

Кіраўнік сямейным офісам за 3 тысячы даляраў

«Віцебскжылпраект» шукае кіраўніка архітэктурна-будаўнічага аддзела. Зарплата — 10 тысяч рублёў.

Намеснік дырэктара ў фармкампанію таксама можа разлічваць на прыстойны заробак. Абяцаюць ад 9 тысяч рублёў. Патрабуецца фармацэўтычная адукацыя і вопыт у сферы рэкламы.

А кіраўніку прадстаўніцтва еўрапейскай кампаніі, якая займаецца арматурай для водазабеспячэння, абяцаюць ад 3 тысяч еўра зарплаты. 

«Забяспечаная сям'я, якая вядзе бізнэс у некалькіх юрысдыкцыях, шукае кіраўніка сямейным офісам», — так пачынаецца наступная вакансія. Ад кандыдата чакаюць «пабудовы рэгулярных працэдур у сямейным офісе, падрыхтоўкі інструкцый і іх выканання па наступных сферах:

  • упраўленне грашовымі сродкамі і нерухомасцю,
  • узаемадзеянне з інвестыцыйным бізнесам сям'і,
  • юрыдычнае суправаджэнне,
  • падаткі,
  • захоўванне інфармацыі і бяспекадабрачыннасць і філантропія».

І шмат чаго яшчэ. Працоўны дзень не нармаваны, заробак — ад 3 тысяч даляраў. 

Ад 800 даляраў і аж да 4 тысяч абяцаюць «вядучаму прамых эфіраў/відэаблогеру/стрымеру». Дэталі не ўдакладняюцца, назва кампаніі таксама. Ад прэтэндэнта патрабуецца добры інтэрнэт, англійская мова і тэлефон з прыстойнай камерай. На ўсякі выпадак нагадаем, што вэбкам у Беларусі падпадае пад крымінальны артыкул аб вырабе і распаўсюдзе порна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера