Знайсці
06.12.2021 / 15:28РусŁacБел

«Засталіся ўсяго 44 бясплатныя ўпакоўкі». Інтэрнэт-махляры запусцілі рэкламу прэпарату нібыта ад Глеба Лабадзенкі

У сеціве некалькі месяцаў гуляе фэйкавая рэклама «прэпарату ад гіпертаніі» ад журналіста Глеба Лабадзенкі. Ён нібыта бярэ інтэрв'ю ў медыкаў. Выдуманых экспертаў лёгка распазнаць. Кіраўніком дэпартамента фармацэўтыкі махляры зрабілі чальца каманды Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага, кіраўніком кардыяхірургічнага цэнтра — лідара прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку, прадстаўніком аптэчнай сеткі — эканаміста Вадзіма Іосуба.

У рэкламе цуд-прэпарата пішацца, што засталіся ўсяго 44 упакоўкі пры «навукова-даследчым інстытуце кардыялогіі» і іх можна атрымаць па квоце бясплатна, трэба толькі запоўніць заяўку.

Скрыншоты рэкламы

Сам Лабадзенка пра рэкламу даведаўся ад знаёмых:

«Ужо з дзясятак знаёмых перапыталі мяне, ці добры той прэпарат ад гіпертаніі, які я рэкламую. І скінулі раздрукаваныя скрыншоты».

Журналіст знайшоў нумары махляроў і патэлефанаваў, каб разабрацца.

«Першая жанчына сказала, што яна афіцыйны прадстаўнік завода. Нібыта ў іх беларуска-швейцарскае прадпрыемства, прамыя пастаўкі з Алтайскага края.

Пачала расказваць пра карысць прэпарату. Я кажу: «Пакуль вашу рэкламу не ўбачыў, гіпертаніі не было».

Калі пачула пра рэкламу з маім тварам і патрабаванне прыбраць, дала задні ход: «Мы не ведаем, хто рэкламу дае». Па іншым нумары чалавек быў больш згаворлівым. Паабяцаў, што перадасць усё дырэктару», — расказаў Глеб.

Ці падаваць на махляроў заяву ў міліцыю, ён яшчэ не вырашыў: наўрад ці нядобрасумленных прадаўцоў змогуць адшукаць.

«Ясна, што павераць у такое толькі тыя, каго Кашпіроўскі лячыў праз тэлевізар і хто купляе фільтры вады ў аферыстаў, якія ходзяць па кватэрах. Але на ўсялякі выпадак папярэджваю: гэтая рэклама — падман і махлярства, не верце ёй!

Адзіны прэпарат, які я магу ўсім прапісаць, — гэта порцыя чарадзейства і захаплення нашай слаўнай гісторыяй у музеі «Стары Менск»», — напісаў у Фэйсбуку Лабадзенка.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930