Знайсці
06.12.2021 / 19:31РусŁacБел

Раман Пратасевіч праходзіць сведкам. Што вядома пра закрыты суд над Эдуардам Пальчысам

6 снежня Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу блогера Эдуарда Пальчыса. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Эдуарда вінавацяць па чатырох артыкулах КК: распальванне варожасці; арганізацыя масавых беспарадкаў; арганізацыя дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак; заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы. 

Вядома, што на суд прыехалі бацькі Эдуарда. Але ім не дазволілі нават памахаць сыну: патлумачылі, што «невербальныя знакі не дазволеныя». 

Калі ўвайшоў суддзя Пётр Арлоў, Пальчыс не стаў уставаць. Ён заявіў адвод усяму складу суда: і суддзі, і двум народным засядацелям.

Таксама адвакатка Пальчыса заявіла хадайніцтва аб змене меры стрымання для Эдуарда. Але суддзя Арлоў адхіліў і ўласны адвод, і хадайніцтва адвакаткі. Пасля чаго дзяржабвінаваўца прапанаваў зрабіць працэс закрытым. Гэта суддзя падтрымаў. 

Пальчыс выказаўся, што «не будзе ўдзельнічаць у цырку». Ён сказаў, што лічыць тое, што адбываецца, цыркам, а не судом, хацеў, каб яго выдалілі. Але суддзя не стаў выдаляць блогера.

Магчыма, адной з прычын закрыцця працэсу стаў будучы ўдзел у ім Рамана Пратасевіча. Па інфармацыі «Нашай Нівы», ён праходзіць па справе сведкам. Калі дакладна ён выступіць, у судзе пакуль невядома. 

Раней Пратасевіч выказваўся ў інтэрв’ю АНТ пра нейкі чат «Хата».

«Там былі адміністратары найбуйнейшых каналаў, блогеры і гэтак далей. І менавіта там усё адбывалася сапраўды, гэта быў такі галоўны каардынацыйны чат вулічных пратэстаў і інфармацыйнага парадку». Сярод тых, хто ўваходзіў у чат, Пратасевіч назваў і Пальчыса.

Марыя Колесава-Гудзіліна, адвакатка Эдуарда, адмовілася ад каментароў. 

«Эдуард бадзёры, трымаецца добра. Тое, што суд будзе закрытым, не стала нечаканасцю: Эдуард быў гатовы да гэтага. Ён правільна ставіцца да жыцця, ён не будзе перажываць праз працэс ці нейкіх сведак. Яму абыякавы гэты суд. І Эдуард верыць, што доўгі тэрмін сядзець не будзе — ён лічыць, што праз два гады, можа, праз пяць нешта зменіцца», — кажуць блізкія да Пальчыса асобы.

Эдуард Пальчыс быў затрыманы 27 верасня 2020 года, тады яму далі 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак на волю ён так і не выйшаў, яго перавялі ў СІЗА, выставілі крымінальныя абвінавачванні. Пакуль Эдуард быў за кратамі, у яго нарадзілася дачка Эмілія. Бацька яе ніколі не бачыў. 16 снежня Эміліі Пальчыс споўніцца год.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031