Знайсці
17.04.2022 / 17:06РусŁacБел

Ніхто не ведаў яе сапраўднага імя. Таямніца Галіны Макаравай

Вялікая беларуская артыстка мела ўсе падставы трымаць гэты сакрэт: каркаломныя часіны маюць уласцівасць вяртацца, піша ў часопісе «Наша гісторыя» Вольга Бабкова.

Галіна Макарава. Фота з архіва Купалаўскага тэатра

У 1919 годзе (але гэта не дакладна) у немалым палескім мястэчку Старобін на Случчыне нарадзілася Агата Чаховіч. Яе дзед быў святаром, узначальваў прыход. 

Бацька Агаты нарадзіўся ў 1861 годзе, таксама вучыўся ў семінарыі, але ўрэшце абраў вайсковую кар’еру, стаў афіцэрам царскай арміі. Са старэйшым пакаленнем у яго выйшаў разлад: вядома, што ў яго была жонка, ад якой ён сышоў да сялянкі, маладзейшай за сябе на 24 гады. У гэтай другой сям’і і нарадзіліся Агата ды тры яе сястры: Тэкля, Яніна і Аляксандра.

У сям’і захоўваліся срэбны паднос і чайны сервіз, падораныя самім імператарам Мікалаем ІІ: Кліменцій Чаховіч падчас Першай сусветнай служыў у стаўцы цара.

Савецкую ўладу афіцэр Чаховіч не прыняў, ваяваў супраць бальшавікоў у арміі Дзянікіна, мог эміграваць у Турцыю, аднак вярнуўся на Беларусь. Яго чакалі жонка і дзеці.

У 1921 годзе бацьку арыштавалі і асудзілі: за сувязь з польскай разведкай. Кліменцій Чаховіч атрымаў пяць гадоў лагераў. Дзіўным чынам патрапіў пад амністыю, вярнуўся на радзіму значна раней ды пасадзіў велізарны сад, пакінуўшы памяць пра сябе ў тутэйшага люду як выдатны садоўнік. Памёр у 1936 годзе, а рэабілітаваны — толькі ў 1992-м.

NLB.BY

Польскімі шпіёнамі былі «прызначаныя» тысячы непажаданых уладзе асобаў, сярод якіх і адзін з заснавальнікаў Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра Фларыян Ждановіч (на фота), высланы на будаўніцтва Беламорканала. Агаце Чаховіч не давялося пазнаёміцца з ім у Мінску. 

Нават вярнуўшыся, Чаховіч заставаўся «ворагам народа», і на яго сям’і было кляймо. У тыя часы з гэтым не жартавалі, дзіва што жонка знішчыла ўсе дакументальныя доказы прыналежнасці да сям’і арыштанта. З-за небяспекі пераследу маці змяніла дзецям прозвішча Чаховіч на сваё дзявочае — Апанашчык. І спаліла ўсе старыя фотаздымкі з сямейных альбомаў — усё дарэшты. 

Старобін, царква Cвятога Іаана Багаслова. Тут стаяла драўляная праваслаўная царква, ля якой былі пахаваныя дзед і баба Галіны Макаравай. За савецкім часам на месцы кладоў зрабілі рынкавую плошчу, а ў будынку царквы быў клуб, у 1982 годзе ён згарэў. SLUCK-EPARCHIYA.BY

Адсюль і пазнейшая блытаніна з метрычнымі запісамі аб нараджэнні будучай артысткі. Паводле ўспамінаў дачкі Галіны Макаравай Таццяны Касцюнінай, маці заўсёды лічыла сябе старэйшай гады на тры, бо памятала, як у доме з’явілася нованароджаная сястрычка Шура. «Як толькі дзяўчынку паклалі на стол, мама падбегла і стала разглядаць немаўля. Прычым ніхто з дарослых для таго, каб яна магла ўбачыць сястрычку, яе не падсаджваў, бо нос будучай народнай артысткі ўжо ўзвышаўся над сталом. Цёця Шура нарадзілася ў 1921 годзе, і маме, калі прытрымлівацца яе афіцыйнай біяграфіі, тады было два гады. Але ў такім узросце дзіця не можа помніць рэчаіснасць. Зыходзячы з гэтага, мама вылічыла, што на дзень нараджэння сястры Шуры ёй было прыкладна каля пяці гадоў, а гэта значыць, што на свет яна з’явілася, хутчэй за ўсё, у 1916 годзе». 

Такім чынам, і год, і нават дзень нараджэння Агаты-Галіны, які святкавалі ў сям’і 27 снежня, былі ўзятыя «са столі» местачковым старобінскім пісарам. 

Мотакрос

Агата Апанашчык расла ў галодныя часы, доўга ўвогуле не ведала пра тэатр, але памятае пра сваю заўсёдную ўтоеную прагу да прыгажосці, прагу да жыцця, поўнага святла і музыкі. Яшчэ падлеткам аднойчы без дазволу бацькоў выправілася пехатой у Слуцк — амаль за 40 км! — каб пабачыць выступленне сапраўдных артыстаў. 

Яна была няўрымслівай, галасістай свавольніцай. Да дзяўчынкі нават прыляпілася мянушка Бубен.

А першы настаўнік Хаім Іцкавіч навучыў яе граць на акардэоне і гаварыць на ідышы «Няхай жыве Кастрычніцкая рэвалюцыя!».

У шаснаццаць гадоў старобінская дзяўчынка ўцякла ад беднасці ў Мінск. Не грэбавала ніякай працай: хатняй прыслугі, санітаркі ў Першай клінічнай бальніцы. Аднаго разу за кампанію з сяброўкай прыйшла на пробы ў студыю Першага Беларускага драматычнага тэатра (БДТ-1). Мабыць, талент «выплюхваўся» з санітаркі: пра паступленне ў студыю яе намаўляў вядомы тады хірург Майсей Шапіра. 

Ды пры ўсім таленце можна было і не паступіць: дачка «ворага народа». Але дапамог уплывовы бацька сяброўкі. Ён сказаў у тэатры: «Не возьмеце яе — зробіце памылку!»

На іспыце Агата грала на акардэоне і чытала фрагменты Купалавай паэмы «Курган», якую вельмі любіла. І паступіла. 

Працы і вучобы для цягавітай паляшучкі было замала, яе вабілі спартыўныя практыкаванні. Адначасова яна займалася конным спортам, кіданнем дзіды і ганяла на матацыкле. Прытым ганяла не проста так — у 1937 годзе Агата стала чэмпіёнкай Беларусі па мотакросе. І гэта неспасціжны парадокс: як у адзін час і на адной прасторы маглі існаваць узаемавыключныя формы жыцця — «нармальнае» ў сваёй паўнаце і трагічнае, з таўром «1937».

Галіна Макарава займалася не толькі мотакросам, але і конным спортам. З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ТАЦЦЯНЫ КАСЦЮНІНАЙ

Быць Галінай — па-гарадскому

У 1938 годзе яна ўпершыню выходзіць на сцэну — у ролі Смеральдзіны ў спектаклі «Слуга двух паноў» Карла Гальдоні. Цяпер яна была актрыса, а актрыса мусіць мець гучнае, прыгожае імя. Вясковае «Агата» не пасавала тагачаснаму тэатральнаму крэда, а вось «Галіна» гучала вельмі па-гарадскому. 

І першае каханне здарылася па-гарадскому, імкліва. Адзін са спектакляў тэатр паказваў для вайскоўцаў ва Уруччы. Малады афіцэр, камандзіраваны з Масквы, пасля спектакля прабраўся за кулісы, каб пазнаёміцца з артысткамі. Ён быў вельмі прыгожым, той Іван Макараў. І пад канец мінскай камандзіроўкі Галіна выйшла замуж, пакінула Мінск, тэатр, стала Макаравай і пераехала ў Маскву. А адтуль — на Кольскі паўвостраў, у Кандалакшу. 

З АРХІВА КУПАЛАЎСКАГА ТЭАТРА

Пасля ж пачалася вайна. Макараў быў на фронце, а Галіна з малым сынам, Эдзікам, жыла ў Маскве, была ў эвакуацыі і працягвала марыць пра тэатр. Пры падтрымцы спагадлівых бацькоў Івана ўлетку 1944 года Галіна Макарава прайшла праслухоўванне і была запрошана ў знакаміты Вахтангаўскі тэатр. Вялікая радасць! 

Неўзабаве з фронту вярнуўся і каханы муж. Жывы, здаровы! Але вось толькі не адзін, а з паходнай жонкай. 

Галіна з малым Эдзікам маглі застацца разам са старымі бацькамі Макарава, але… Неспадзявана на маскоўскай вуліцы яна сустрэла скульптара Заіра Азгура, які паведаміў, што трупа БДТ вяртаецца з Томска ў Мінск. І актрыса паехала на радзіму, у тэатр, які неўзабаве атрымае імя Янкі Купалы. 

Маскоўская старонка біяграфіі так і засталася для яе не перагорнутай да канца. Але ў Мінск Галіна-Агата вярнулася колішняй: адкрытай, бурлівай, шчодрай. Гэта пазней, у 1950-х, да яе прыйдзе слава і замацуецца тыпаж «мамкі», пазней «бабулі». А ў той час яна была ў ролі Кікімары: хапалася за кулісамі за ліяну і ляцела над усёй сцэнай спачатку ў адзін бок, пасля ў другі. І смяялася па-вядзьмарску. 

Стары халасцяк у жаночых панчохах

Другі муж, Павел Пекур, таксама быў купалаўцам, прыйшоў у тэатр яшчэ ў 1932 годзе. Інтэлігентны, мяккі чалавек, мастак. Не заўважыць адчайную студыйку, калі тая толькі з’явілася ў тэатры, ён не мог. 

Але зоркі сышліся толькі пасля вайны. На вечарыне, прысвечанай 100-годдзю актрысы, народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова прыгадала сваю колішнюю размову з Галінай Макаравай. «Аднойчы яна мне расказала, як пазнаёмілася з Пекурам. Ён быў такі інтэлігент, а тут пабачыла, як купляе жаночыя панчохі. А гэта ж пасляваенны час — і грошай не было, і шкарпэтак таксама. Кажа: «Ён іх насіў-насіў, пасля нажніцамі абразаў, падцягваў і зноў насіў. І так мне яго стала шкада!»».

Злева направа: сястра Аляксандра, дачка Таццяна, пляменніца Таццяна (дачка Аляксандры), Павел Пекур, Галіна Макарава. KSTOLICA.RU

Акенцы іх грымёрных месціліся каля службовага выхаду. Злева — Галіны Макаравай, справа — Паўла Пекара. А ў 1951 годзе ў іх нарадзілася дачка Таццяна. 

Яны жылі разам з дзецьмі, Таццянай і Эдзікам, у доме на плошчы Перамогі, якая да 1958 года звалася Круглай. Вельмі адрозніваліся тэмпераментамі: яна — імпульсіўная, эмацыйная, ён — спакойны, ураўнаважаны. Але тое, што іх аб’ядноўвала, было найважнейшым. Абое былі надзейнымі, сціплымі, ніколі не наракалі на лёс, не зласловілі, не абгаворвалі іншых. Шмат чыталі ў вольны час. Галіна вышывала карціны паводле малюнкаў свайго мужа. 

Маладзейшая за іх на пакаленне Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі, запомніла гэту пару заступнікамі: «Неяк я была ў вельмі складанай жыццёвай сітуацыі і мне не было дзе жыць. У адзін з дзён у тэатры да мяне падышлі Галіна Кліменцьеўна і Павел Аляксеевіч Пекур — цудоўны чалавек і акцёр — і прапанавалі мне пажыць у іх двухпакаёвай кватэры на плошчы Перамогі, з імі разам. Я была бясконца ўдзячная, сапраўды пажыла ў іх некаторы час і яшчэ больш спазнала іх дабрыню, цеплыню і шчодрасць — гэта тое самае, што ніколі ў жыцці не забудзецца.

Пры гэтым Галіна Кліменцьеўна ніколі не гаварыла пра свае праблемы — ніколі! Але ведала чамусьці аб праблемах іншых».

Чужыя і родныя

Сувязь з першым мужам не перарывалася — з-за сына. Той часта бываў і жыў у Маскве.

У 1972 годзе Купалаўскі тэатр павёз на маскоўскія гастролі славуты спектакль «Трыбунал» па п’есе Андрэя Макаёнка. Галіна запрасіла сям’ю свайго даўняга мужа ў тэатр на Малой Броннай. Старэйшая дачка Эдзіка згадвала, што падчас апладысментаў заўважыла на твары дзядулі пэўную разгубленасць і нават рэўнасць да поспеху былой жонкі. 

А Галіна — яна ўсё жыццё любіла дажджлівыя дні: у дождж Іван, ці Івушка, як яна яго звала, звычайна заставаўся з ёй, дома. Калі ж актрыса дазналася пра смерць першага мужа, у яе здарыўся гіпертанічны крыз.

Абавязаная Макаёнку

Першы сур’ёзны поспех Макаравай быў звязаны з імем драматурга Андрэя Макаёнка. 

У першыя пасляваенныя гады ў тэатры панавала задушлівая атмасфера дзяржаўных заказаў, татальнага сацрэалізму і бесканфліктнасці — усё згодна з пастановамі партыі. Аднак у 1953-м падзьмула свежым паветрам: рэжысёр Канстанцін Саннікаў ставіць спектакль па п’есе Макаёнка «Выбачайце, калі ласка», дзе Макарава сыграла ролю Марыі Кірылаўны — жонкі старшыні калгаса.

З АРХІВА КУПАЛАЎСКАГА ТЭАТРА

Андрэй Макаёнак актрысу і разгледзеў. Пазней шмат якія ролі драматург пісаў менавіта для яе. Так сталася і з адной са знакавых тэатральных роляў Макаравай — Лушкі ў спектаклі «Лявоніха на арбіце».

Макаёнак прызнаваўся, што, калі пісаў новую п’есу для тэатра, уяўляў сваю гераіню выключна ў выкананні Макаравай. Калі ж даведаўся, што рэжысёр Барыс Эрын планаваў іншую артыстку, прыгразіў проста забраць п’есу з тэатра. 

І гэтая роля стала сапраўднай сенсацыяй для публікі. З цягам часу выканаўцы ў спектаклі змяняліся, але Макарава ў вобразе Лушкі-Лявоніхі выходзіла на сцэну 600 разоў! Спектакль не сыходзіў з рэпертуарных афіш некалькі дзесяцігоддзяў.

«Мая Лушка на арбіту выйшла… як Гагарын»

Спектакль «Лявоніха на арбіце» ішоў у Купалаўскім і 12 красавіка 1961 года — у дзень, калі ў космас паляцеў першы чалавек. У антракце актрыса Зінаіда Браварская абвясціла гэту радасную навіну з авансцэны. У наступнай дзеі Барыс Платонаў, які граў галоўную ролю Лявона Чмыха, да сваёй рэплікі «Мая Лушка на арбіту выйшла» па-майстэрску дадаў: «…як Гагарын». Зала выбухнула авацыямі. Атмасфера была непаўторная!

Шторанку а шостай

У 1976 годзе Макарава знялася ў фільме Сяргея Мікаэляна «Удовы» — і слава да яе прыйшла з усіх абшараў былога СССР. 

Сёння яе фільмаграфія ўражвае: пад сотню роляў у розных карцінах, часта эпізадычных, але яркіх. Але да сваёй вядомасці і славы актрыса ставілася абсалютна спакойна. Больш за тое, публічнасць і празмерная ўвага дакучалі ёй. Зусім не ўмела песціць сябе, ствараць адмысловы вонкавы вобраз. Дарослая дачка колькі разоў прасіла маці, каб тая выбірала сабе прыгожыя статусныя строі і рэчы. Часам яна паддавалася і нават «выгульвала» іх на вуліцах. Але гэта была відавочная саступка. Радасці гэта ёй не прыносіла. 

З АРХІВА КУПАЛАЎСКАГА ТЭАТРА

Яна ездзіла, як і ўсе, на тралейбусе і зусім не вылучалася сярод астатніх пасажыраў. Была арганічнай часткай грамады, зусім не як Стэфанія Станюта. Валянцін Белахвосцік, які быў парторгам у тэатры, казаў пра Станюту: «Яна не абшчэсцвенны чалавек». А вось Макарава была для яго акурат «абшчэсцвенным».

За кожнай зорнай роляй Макаравай стаяла цяжкая праца. Улетку 1972 года ў рэпертуары тэатра з’явіўся цікавы спектакль «У ноч зацьмення месяца» паводле вершаванай п’есы башкірскага пісьменніка Мустая Карыма ў цудоўным перакладзе Уладзіміра Караткевіча. У Макаравай была роля маці. Рэжысёр Валерый Анісенка згадваў: «Галіна Кліменцьеўна рыхтавалася да ролі і звярнулася да мяне, каб я папрактыкаваў яе ў рабоце з вершамі. А я, малады, па розных прычынах жыў тады ў тэатры ў бібліятэцы. Лета, шэсць гадзін раніцы — і раптам чую пад вокнамі гучнае: «Валерык!» І вось так кожную раніцу мы па дзве гадзіны хадзілі па скверы і рэпеціравалі. І з таго часу я ведаю, бо бачыў сваімі вачыма, як усё даецца. Калі мне гавораць: у яе інтуіцыя, талент! — не! Я быў сведкам, якая гэта вялікая ўнутраная работа». 

І штаны, і боцікі, і ўсім — марозіва

Паводле ўспамінаў дачкі і ўнукаў, Галіна Макарава вельмі любіла дзяцей: і сваіх, і чужых. Неяк у маладосці быў выпадак, што яна купіла марозіва цэламу класу, які сустрэла на вуліцы, проста таму, што хацела парадаваць малых. І нават у 61 год бегала, танчыла і скакала з дзецьмі ў ролі Дзеда Мароза на ранішніку сваёй унучкі Насты. 

«Калі хтосьці біўся, яна кідалася ўсіх разнімаць, прыводзіла пацярпелых дадому, прамывала раны, бінтавала. Мама лёгка пазычала грошы, давала прытулак», — успамінае яе дачка Таццяна. 

23 кастрычніка 2009 года была выпушчана паштовая марка ў гонар 90-годдзя Галіны Макаравай. 

Кранальную гісторыю згадаў калега-купалавец Генадзь Аўсянікаў: «Прыехалі мы неяк позняй восенню на выязны спектакль. Як гэта звычайна ў калгасе: на адным пляцы клуб, магазін, сельсавет і помнік партызанам. І дзеці бегаюць вакол гэтага помніка. Проста на цэменце сядзіць хлопец гадоў пяці без штаноў, у адной сарочцы. Астатнія на яго не звяртаюць увагі. Галіна як пабачыла гэтага хлопчыка: «А дзетачка ж ты мая, а чый ты такі?!» Дзеці кажуць, што нейкіх там п’яніц мясцовых. Яна за гэтага хлопчыка — і ў магазін, купіла яму і штаны, і боцікі, і куртачку з шапкай, і ўсё аднесла ў яго хату».

Зінаіда Зубкова дапаўняе партрэт: «Людзей такой дабрыні рэдка знойдзеш. Неяк — пакуль тэатр ездзіў па гастролях яна здала кватэру цыркачам, і там жылі ліліпуты. Адзін з іх захварэў. Дык вось, мы з гастроляў даўно вярнуліся, і сезон тэатральны ўжо пачалі, а ён там так і жыў, ляжаў хворанькі. І Галіна яго, маленькага, на ручках насіла ў ванну, карміла, лячыла, а як той паздаравеў, дык за свае грошы і адправіла туды, куды яму трэба было, з наказам: «Каб толькі тэлеграму даслаў, што ўсё ў парадку!»». 

Дрэвы ў дварах Круглай плошчы

Відаць, ад бацькі Кліменція Чаховіча, які калісьці ўпрыгожыў Старобін сваім садам, ягонай дачцэ Агаце/Галіне перадалася любоў да садоўніцтва. Яна любіла дрэвы і садзіла іх у сваім двары на Круглай плошчы: чарэшню, алычу, бярозы, ялінкі… І плакала, калі спілавалі пасаджаны ёю дарослы клён. 

Акцёр-купалавец Фама Варанецкі згадваў пра агульную з Галінай любоў да кветак і сяброўства на гэтай глебе. Дзеля якога ў дэфіцытныя савецкія часы ішлі і на рызыку. Так, аднаго разу па адным умольным позірку Макаравай Варанецкі пералез цераз плот-рабіцу ў нейкі сад, каб таемна выкапаць там сцябліну чорнага цюльпана. 

Пасля спектакляў, авацый і паклонаў Макарава імкнулася хутчэй паехаць да сваіх півоняў і цюльпанаў, у свой адгадаваны рай на лецішчы, каб пабыць у цішыні і адзіноце. Апроч іншых кветак, тут раслі і дзівосныя эдэльвейсы.

Менавіта там, сярод восеньскіх, з даўкім гаркавым водарам кветак, у дажджысты дзень 28 верасня 1993 года Галіна Макарава і адышла ў іншасвет. Яе пабачыў вартаўнік, які зайшоў праверыць, ці добра напалілася печка ў дамку. Галіна Кліменцьеўна сядзела на канапе з патухлай папяросай у руках. 

Нашчадкі

Цудоўныя дзеці, унукі і праўнукі Галіны Макаравай уражвалі на яе юбілейнай вечарыне, што адбылася ў студзені 2020 года ў Камернай зале Купалаўскага тэатра, сваёй артыстычнасцю, адкрытасцю і жывым талентам. Яны чыталі публіцы ўрыўкі з перапіскі Галіны Макаравай і Паўла Пекура, ігралі на музычных інструментах, чыталі вершы і канчаткова стварылі любоўную атмасферу сапраўднага сямейнага свята. 

З унукам Ягорам. З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ТАЦЦЯНЫ КАСЦЮНІНАЙ

Ягор — акцёр, рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар, цяпер працуе ў ЗША. LOOKMYTOUR.COM

Дарэчы, адна з унучак Галіны Макаравай, якая нарадзілася за месяц да смерці бабулі, атрымала імя ў яе гонар — Агата. Бабуля нават яшчэ паспела выгуляць немаўля ў вазочку па мінскіх вуліцах. Цяпер Агата Клімовіч навучаецца ў адным з універсітэтаў ЗША майстэрству рэжысуры мастацкага кіно. 

Сын Эдуард ад першага шлюбу, які па намове бацькі пасля заканчэння школы жыў і вучыўся ў Маскве, нейкі час працаваў рэферэнтам у прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Яго запрашалі пасля і ў апарат Барыса Ельцына, але ён катэгарычна адмовіўся. Усе канікулы праводзіў разам з маці на лецішчы, дзе навучыўся сталярнай справе ад купалаўскага майстра са сталярнага цэху ды пазней вырабляў для маці розныя вытанчаныя рэчы з дрэва.

З кіно звязала сваё жыццё і малодшанькая з унучак Галіны Макаравай, Агата Клімовіч. Яна таксама працуе ў ЗША. INSTAGRAM.COM

Дачка Таццяна ад другога шлюбу, руплівіца ў справе памяці сваіх бацькоў, як у свой час і маці, займалася музыкай, спортам (нават была чэмпіёнкай рэспублікі па лёгкай атлетыцы), скончыла Інстытут замежных моў і рэжысёрскія курсы. Трыццаць гадоў працавала на беларускім тэлебачанні.

Позняй восенню 2020 года я гаварыла з Таццянай Паўлаўнай Касцюнінай пра падзеі, з якімі сутыкнуліся краіна і нацыянальны тэатр. Таццяна з гонарам сказала, што яна анітрохі не сумняецца, што яе маці заняла б годную пазіцыю.

Найбольш вядомыя фільмы, у якіх знялася Галіна Макарава

1965 — «Альпійская балада» (Пелагея)

1976 — «Удовы» (Аляксандра Мацвееўна Громава)

1983 — «Белыя росы» (Матрона)

1984 — «Невядомы салдат» (Клаўдзія Рыгораўна Іванцова)

1985 — «Берагі ў тумане» (Аўдоцця Яфімаўна)

1985 — «Не хадзіце, дзеўкі, замуж» (бабуся-«чумічка»)

1985 — «Супрацьстаянне» (Клаўдзія Ягораўна Яфрэмава)

1991 — «Восеньскія сны» (Ганна)

1992 — «Белыя адзёжы» (Праскоўя)

1992 — «На цябе спадзяюся» (Мацвееўна)

У знятым рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым на студыі «Беларусьфільм» фільме «Восеньскія сны» па п’есе Аляксея Дударава «Вечар» Галіна Макарава сыграла адну з галоўных роляў. Гэты балюча-кранальны фільм — пра трох старых, якія самотна дажываюць свой век у амаль вымерлай беларускай вёсцы Вешкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера