Знайсці
04.01.2022 / 23:43РусŁacБел

«Шал кет!» У Казахстане хаатычныя пратэсты распаўсюдзіліся на ўсю краіну

На 15-градусным марозе тысячы людзей патрабуюць зніжэння цэн і права голасу. Такога маштабу выступы здарыліся ўпершыню ў гісторыі краіны.

Фота са старонкі Сяргея Алексяёнка ў Фэйсбуку.

У Казахстане няма арганізаванай палітычнай апазіцыі, а грамадзянская супольнасць практычна не існуе. Людзі масава выйшлі на вуліцы без лідараў.

Чатыры словы па-казахску, два лозунгі казахскага пратэсту: «Алга, Казахстан» — «Наперад, Казахстан!», аналаг беларускага «Жыве Беларусь!», і «Шал кет!», што азначае «Сыходзь, стары!». Апошняе — на адрас Нурсултана Назарбаева.

Народных выступаў такога маштабу і геаграфіі ў Казахстане раней не было ніколі. 

Учора і пазаўчора на вуліцах казахскіх абласных гарадоў пратэставалі сотні. Сёння тысячы людзей выйшлі на вуліцы Алматы, Актабе, Тараза, Кызыл-Арды, Актау, Атырау, Какшэтау, Жанаазена, Шымкента, сотні — у Астане, Карагандзе, Экібастузе, Жэтысау, Сарыагашы, мяркуючы па паведамленнях тэлеграм-канала @orda_kz.

Людзі не толькі пратэстуюць супраць росту цэн і штрафаў, але і патрабуюць адхілення ад улады Нурсултана Назарбаева і яго спадкаемцаў.

Глядзіце, што сёння рабілася ў сэрцы Азіі.

У Алматы, самым вялікім горадзе Казахстана і яго былой сталіцы, пратэсты перараслі ў сутычкі са спецназам.

У цэнтры Алматы доўга гучалі выбухі, цэнтральная плошча Рэспублікі была зацягнутая дымам.

Як перадае казахскае выданне @orda_kz, групы людзей адказалі на разгон падпалам машын паліцыі, біццём вітрын.

У вялікіх гарадах краіны адключылі інтэрнэт, заблакавалі Тэлеграм і Вотсап, прэвентыўна затрымлівалі патэнцыйных дэманстрантаў.

Развітых незалежных СМІ ў Казахстане няма, калі не лічыць казахскую службу «Радыё Свабода». Большасць відэа з Казахстана знятыя простымі людзьмі.

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў звярнуўся да народа з тэлезваротам. У Казахстане, у адрозненне ад Беларусі, прэзідэнт заўсёды выступае на дзвюх мовах, і на нацыянальнай, і на рускай.

Вось рускамоўная версія выступу.

Такаеў паабяцаў улічыць «усе законныя просьбы і патрабаванні» пратэстоўцаў і заклікаў «не паддавацца на правакацыі». «Улада не падзе», — заявіў прэзідэнт Казахстана.

Варта адзначыць, што назіральнікі разыходзяцца ў меркаваннях ці мае Такаеў рэальную ўладу, ці яе ўсё дагэтуль кантрале Нурсултан Назарбаеў і набліжаныя да яго сілавікі. Назарбаеў кіраваў Казахстанам з 1990 года і стварыў культ сваёй асобы. Нават сталіца краіны перайменаваная ў Нурсултан, а сам ён носіць тытул «Елбасы» — «Бацька нацыі».

Казахстан быў узорнай, рэспектабельнай аўтакратыяй. Назарбаеў балансаваў між Масквой, Пекінам, Анкарой і Захадам. Пры ім доля казахаў у насельніцтве краіны вырасла з 48 да 70%.

Выбух народнага незадавальнення ў Казахстане паказаў, што жаданне змены рэжыму пранікла нават у самае сэрца Еўразіі. 

«Нас натхнілі беларусы», — кажуць некаторыя з дэманстрантаў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930