Знайсці
05.01.2022 / 17:30

Меркаванне: Варта Назарбаеву было своечасова сысці, і ён застаўся б у гісторыі пазітыўным персанажам

Назарбаеў мудра дзейнічаў першыя дзесяцігоддзі свайго кіравання, але далей адарваўся ад рэальнасці і часу, піша Алесь Сантоцкі.

Сярод лозунгаў казахстанскага пратэсту сёння часта гучыць «Шал кет!» («Стары, сыходзь!»). Адрасат яго — Нурсултан Назарбаеў, які стаіць ля руля казахскай дзяржавы з 1989 года, яшчэ з тых часоў, калі Казахстан быў рэспублікай у складзе СССР, а кіравала ім камуністычная партыя.

Цяжка прагназаваць, чым скончацца цяперашнія казахстанскія пратэсты, але па іх маштабе і напалу барацьбы падобна, што проста так гэта ўжо не рассмокчацца.

Каб узяць сітуацыю пад кантроль, казахстанскім уладам трэба ўжо, відаць, дзейнічаць метадамі Лукашэнкі. І яўна праліць пры гэтым нямала крыві свайго народа. Фактычна тым самым калі не абнуліўшы зусім, то значна прыменшыўшы свае ўласныя дасягненні і заслугі ранейшых гадоў. Саму наяўнасць якіх адмаўляць складана.

Казахстан 1990-х, на якія прыпаў зорны час Нурсултана Назарбаева, не мае ніякага падабенства да Беларусі тых жа часоў. Сцверджанні Лукашэнкі і верных яму прапагандыстаў, што, маўляў, ягоны прыход да ўлады прадухіліў спаўзанне краіны да жахаў грамадзянскай вайны, што толькі дзякуючы яму ў краіне захаваўся мір і спакой і яе не разарвалі на часткі — толькі страшылкі, ніякіх рэальных перадумоваў для міжэтнічных, міжканфесійных і іншых крывавых канфліктаў у нашай краіне ніколі не было.

Казахстан жа — зусім іншае. Напрыканцы існавання Савецкага Саюза гэтая рэспубліка была адным з найбольш патэнцыйна выбухованебяспечных катлоў. Паводле апошняга савецкага перапісу 1989 года, казахаў у агульнай колькасці насельніцтва было ўсяго 39,7 %, амаль столькі ж было рускіх, якія разам з іншымі рускамоўнымі складалі фактычна палову насельніцтва.

Многія паўночныя вобласці былі пераважна рускімі паводле этнічнага складу насельніцтва, што рабіла Казахстан вельмі ўразлівым да маніпуляцый з боку Масквы. Ды і з іншымі шматлікімі ў Казахстане народамі магло б быць вельмі няпроста, адно толькі закінь туды іскрынку.

Назарбаеву праз той небяспечны перыяд удалося правесці краіну на дзіва гладка, ён даў рады і праблеме сепаратызму, і не дапусціў моцных міжэтнічных канфліктаў. Гарачых кропак на тэрыторыі Казахстана ў постсавецкі час не ўзнікла. І ў гэтым несумненна можна бачыць заслугу яе першага прэзідэнта з ягонай заўсёды вельмі асцярожнай палітыкай у гэтых далікатных пытаннях.

І гаворка не толькі пра той канкрэтны бягучы момант. За гады незалежнасці краіны, а гэта значыць фактычна за часы кіравання Назарбаева, увогуле магчымасць такога развіцця падзей істотна зменшылася. Хоць краіна і застаецца поліэтнічнай, але казахаў у Казахстане цяпер не 40%, а каля 70%. Тэрыторыі ж з перавагай неказахскага насельніцтва хоць ёсць і цяпер, але іх непараўнальна менш, чым гэта было 30 гадоў таму. І дасягнутая такая сітуацыя, што важна, без этнічных чыстак.

Дастаткова прадуманай, а галоўнае, паслядоўнай была пры Назарбаеве і моўна-культурная палітыка. Увядзенне казахскай мовы ва ўсе сферы жыцця не фарсіравалася, роля рускай у грамадскім жыцці дагэтуль значная, у тым ліку на афіцыйным узроўні. Але казахская пры гэтым заўсёды падтрымлівалася дзяржавай і колькасць тых людзей, якія яе добра ведаюць ды карыстаюцца, няўхільна расце. І ў іншых падобных сферах сітуацыю, вядома, нельга ідэалізаваць, але і там не суцэльныя правалы.

Калі б перабіраць шматлікія постсавецкія аўтарытарныя рэжымы і ацэньваць іх на прадмет «асвечанасці», то, бадай, казахстанскі заняў бы адно з найпершых месцаў. Як бы ні ставіцца да Назарбаева, але варта прызнаць, што ён чалавек, прынамсі не пазбаўлены стратэгічнага мыслення і бачання. І прынамсі першыя дзесяцігоддзі ягонага кіравання для Казахстана не страчаныя, пры іншых раскладах усё магло для гэтай краіны складвацца куды горш.

Але вось толькі ў тым, калі было варта своечасова сысці, чуццё яго падвяло. І хоць, у адрозненне ад многіх іншых калег-дыктатараў, на кантраляваны транзіт улады пры ўласным жыцці і яснай памяці Назарбаеў наважыўся, але яўна з гэтым спазніўся.

Спазніўся нават нашмат, можа гадоў на 10. Перадай ён уладу пераемніку ў якім 2010 годзе, да расстрэлу снежаньскіх пратэстаў 2011-га ў Жанаазене, — увайшоў бы, бадай, у гісторыю, ды не толькі нацыянальную, як даволі станоўчы герой і прыклад для іншых.

А негатывы кіравання, якіх таксама было нямала, спісалі б на балючыя, але непазбежныя выдаткі. Але сыходзіць своечасова для аўтарытарных лідараў — задача звычайна непад’ёмная, толькі адзінкі давалі з гэтым сабе рады.

У гэтыя дні, бадай што, канчаткова мае вырашыцца, што для састарэлага Нурсултана Назарбаева важнейшае — улада ў сініх пальцах да апошняга ўздыху ці месца ў гісторыі. Мяркуючы па апошніх навінах, другое для яго, здаецца, усё ж такі не пусты гук. Калі, вядома, ён гэта цяпер вырашае сам.

Чытайце таксама: Пачалі з цэнаў на газ, а цяпер патрабуюць адхілення Назарбаева. Што адбываецца ў Казахстане

Прэзідэнт Казахстана Такаеў прыбраў з пасады кіраўніка Рады бяспекі Назарбаева

Сітуацыя ў Казахстане ўдзень 5 студзеня: пратэстоўцы штурмуюць выканкамы, раззбройваюць сілавікоў

Алесь Сантоцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31