Знайсці
08.01.2022 / 20:30РусŁacБел

Бердымухамедаў хоча зачыніць «Браму пекла»

Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў даручыў экспертам знайсці спосаб патушыць моцны пажар у гіганцкім кратары прыроднага газу, вядомым як «Брама пекла», піша Бі-бі-сі. Агонь гарыць там ужо паўстагоддзя.

Фота: Kloeg008 / depositphotos.com

Выступіўшы па дзяржаўным тэлебачанні, Бердымухамедаў заклікаў нарэшце патушыць агонь у газавым кратары Дарваза пасярод пустыні Каракумы. Па ягоных словах, створаная чалавекам штучная варонка «негатыўна ўплывае як на навакольнае асяроддзе, так і на здароўе людзей, якія жывуць паблізу».

«Мы губляем каштоўныя прыродныя рэсурсы, ад якіх маглі б атрымаць значны прыбытак і выкарыстоўваць яго для паляпшэння дабрабыту нашага народа», — сказаў ён.

У 1971 годзе савецкія геолагі каля туркменскага паселішча Дарваза выявілі буйное радовішча прыроднага газу (Туркменістан увогуле на яго вельмі багаты). Але калі сталі рабіць свідравіну, каб яго здабываць, то аказалася, што ўнізе - вялікая каверна (пустата). У яе праваліліся патрывожаныя верхнія пласты зямлі разам з усёй свідравальнай апаратурай і транспартам, людзі цудам не пацярпелі. 

Утвораную дзірку, напоўненую газам, вырашылі падпаліць, каб шкодныя рэчывы не выходзілі вонкі. Думалі, што агонь пагарыць некалькі дзён, а пасля газ скончыцца і ён патухне. Але вельмі пралічыліся. Газавы кратар бесперапынна гарыць ужо больш за 50 гадоў і патухаць не збіраецца, перажыўшы і савецкую ўладу, і першага Туркменбашы. Дыяметр кратара — каля 60 метраў, глыбіня — каля 20-ці.

Мясцовыя людзі і турысты часта вобразна называюць гэтае месца «Дзвярыма на той свет» ці «Брамай пекла». Хоць у 2018 годзе Бердымухамедаў афіцыйна перайменаваў яго ў «Ззянне Каракумаў».

Фота: AlexelA / depositphotos.com

У апошнія гады даследчыкам удалося высветліць, што на дне гэтага кратара жывуць нават гарачаўстойлівыя бактэрыі, якія нідзе ў свеце больш не сустракаюцца на паверхні зямлі. 

Ці ўдасца Бердымухамедаву даць гэтай праблеме рады — сказаць цяжка. Спроба ўжо не першая, аналагічнае даручэнне ён даваў у 2010 годзе. Але «Брама пекла» на гэта не зважае і працягвае заманліва гарэць далей. 

Прэзідэнт Туркменістана напісаў новую песню, натхніўшыся нараджэннем жарабца

Прэзідэнт Туркменістана насварыўся на міністра за адсутнасць спектакляў пра шчасце

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера