Знайсці
15.01.2022 / 20:00

Ва Украіне паў апошні бастыён рускамоўных СМІ. Глянцавыя часопісы масава пераходзяць на ўкраінскую мову

Моўная сітуацыя ва Украіне апошнім часам паступова змянялася на карысць украінскай мовы. Яшчэ ў 1990-ыя гады на захадзе і ў цэнтры краіны была ўкраінізаваная адукацыя. З 2014 года пачалося вяртанне навучання на ўкраінскай мове і ва ўсходнія, найбольш русіфікаваныя рэгіёны краіны. На музычных радыёстанцыях і тэлебачанні былі ўведзеныя моўныя квоты, пачалася актыўная падтрымка кнігадрукавання, Украіна з нуля стварыла рынак дубляжу замежных фільмаў. З дапамогай адпаведных законаў украінская мова стала паўнавартасна функцыянаваць, як дзяржаўная. Але быў апошні бастыён у публічнай прасторы, дзе цалкам татальна дамінавала руская мова, нават у Заходняй Украіне — глянцавыя часопісы і бульварныя газеты. Але, здаецца, і тут руская мова адступае — украінскі «глянец», а таксама газеты кшталту «Камсамольскай праўды» пераходзяць на ўкраінскую.

Хаця ўкраінцы ўжо доўгі час спакойна спажываюць украінскую аўдыявізуальную прадукцыю па-ўкраінску (праз фільмы, тэлебачанне, радыё), з друкаванай прэсай было не так гладка — яны прызвычаіліся яе чытаць па-руску.

Амаль усе самыя папулярныя ўкраінскія газеты і часопісы, за рэдкім выключэннем, у 90-я выходзілі менавіта на рускай мове.

Па-ўкраінску выходзілі хіба што некаторыя дзяржаўныя выданні з мізэрнымі тыражамі, а таксама рэгіянальная прэса ў Заходняй Украіне. Але нават заходнеўкраінская прэса, калі яна выходзіла на агульнаўкраінскі ўзровень, вымушаная была рабіць рускамоўныя версіі сваіх выданняў, кшталту львоўскага часопіса «Галицькі контракти», які пасля свайго пераезду ў Кіеў пачаў выходзіць па-руску.

На фоне папулярных глянцавых рускамоўных часопісаў ва Украіне ў 90-ыя гады было толькі адно выключэнне — культавы эратычны часопіс пра каханне «Лель» быў адзіны, які тады прынцыпова выходзіў па-ўкраінску. Гэтае выданне было галоўным бастыёнам украінскай мовы ў масавай друкаванай прэсе.

У пачатку 2000-ых ва Украіне пачалі з’яўляцца лакальныя версіі расійскіх і міжнародных часопісаў па ліцэнзіі, але яны выдаваліся ў Кіеве, і выходзілі амаль цалкам па-руску. Сітуацыя пачала мяняцца толькі апошнія некалькі гадоў.

З 16 студзеня 2022 года ва Украіне набывае моц норма адносна выдання на дзяржаўнай мове агульнаўкраінскіх і рэгіянальных друкаваных выданняў. І гэта не залежыць ад таго, ці ёсць у выдання адначасова версія на нейкай іншай мове, у тым ліку і на рускай.

Многія выдаўцы падрыхтаваліся да такіх зменаў загадзя і ўкраінізавалі ўласны кантэнт або запусцілі паралельна ўкраінамоўную версію.

Напрыклад, 2 студзеня стала вядома, што часопіс Playboy Ukraine будзе выходзіць выключна на ўкраінскай мове. Украінскі Playboy з рэдакцыяй у Кіеве працаваў з 2005 года, але да гэтага — выключна па-руску.

У пачатку снежня 2021 года з рускай на ўкраінскую мову перайшоў глянцавы часопіс ELLE Ukraine. Так, на вокладцы часопіса за снежань 2021 — студзень 2022 года надрукаваныя словы: «Початок нового ̶р̶о̶к̶у̶ життя. Перший українською». Журнал Elle выходзіў ва Украіне з 2001 года па-руску.

У сакавіку 2021 года на ўкраінскай мове выйшаў глянцавы часопіс Marie Claire. На вокладках размясцілі фоты звычайных вясковых жанчын з Чаркаскай вобласці і Івана-Франкоўшчыны.

На ўкраінскую мову перайшоў і грамадска-палітычны штотыднёвік «Фокус». Са студзеня 2022 года выданне афіцыйна мяняе мову друку ў адпаведнасці з законам «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай».

Раней — у першай палове жніўня — часопіс НВ выпусціў першы друкаваны нумар на ўкраінскай мове.

«Некалькі месяцаў таму я публічна абвясціў, што на Дзень незалежнасці часопіс НВ пяройдзе на ўкраінскую. Абяцалі — робім. Нават крыху раней. Заўтра (12 жніўня) першы ўкраінскамоўны выпуск штотыднёвіка ўбачыць свет», — гаворыцца ў паведамленні галоўнага рэдактара Віталя Сыча.

«Мы — бізнэс і павінны турбавацца аб камерцыйным складніку, а колькі людзей адваліцца, калі мы пяройдзем на украінскую? Мы апыталі нашых падпісчыкаў і толькі 20% — менш, чым я чакаў — адказалі, што, напэўна, не падоўжаць падпіску, калі мы зменім мову. Крыўдна, але з гэтым мы можам справіцца», — адзначыў Віталь Сыч.

У студзені на ўкраінскую мову цалкам пераходзіць «КП в Украине». Першы выпуск на ўкраінскай выйшаў 13 студзеня. Па-руску ў газеце выходзіць будзе толькі пастаянны зварот галоўнага рэдактара да чытачоў.

Акрамя глянцавых часопісаў, працягваюць актыўна пераходзіць на ўкраінскую мову і глабальныя сэрвісы. 1 кастрычніка стрымінгавы сэрвіс Netflix запусціў украінскамоўны інтэрфейс і пачаў дубляваць фільмы і серыялы на ўкраінскую мову. Таксама сэрвіс стаў весці свае сацсеткі ва Украіне па-ўкраінску.

Такое вяртанне ўкраінскай мовы ў публічную прастору пасля дзесяцігоддзяў гвалтоўнай русіфікацыі стала вынікам эфектыўнай і паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31