Знайсці
14.01.2022 / 23:45РусŁacБел

У жніўні 2020-га ў Бабруйскай калоніі патрабавалі сыходу Лукашэнкі. Як праходзіў пратэст і што цяпер з яго ўдзельнікамі

У жніўні 2020 года многія беларусы выходзілі на акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту. У ноч на 13 жніўня аказалася, што пратэст ёсць не толькі на вуліцах краіны, але і ў Бабруйскай выпраўленчай калоніі № 2. У Інтэрнэце з'яўляліся відэа і аўдыё, на якіх чутныя крыкі «Сыходзь!» і шум з будынка калоніі. Падрабязнасцяў тады не было, праз пару дзён усё заціхла, і доўгі час здавалася, што і наступстваў для зняволеных не было. Але ўсё аказалася зусім не так.

Першым матэрыялам, з якога беларуская грамадскасць даведалася пра тое, што ў бабруйскай калоніі робіцца нешта незвычайнае, быў допіс у тэлеграм-канале «Нашай Нівы» 13 жніўня 2020 года.

Цяпер пра тое, што тады там адбывалася, з'явілася куды больш інфармацыі — і пра пратэст зняволеных, і пра рэпрэсіі, пад якія яны патрапілі пасля. Разбіраўся, што адбывалася ў Бабруйскай калоніі ў жніўні 2020 года, блог «Отражение».

Фота ілюстрацыйнае.

Як выглядаў пратэст зняволеных у жніўні 2020 года: «Больш за тысячу чалавек па зоне дакладна выйшла»

«Гэта не турэмны бунт. Гэта грамадскі пратэст, акт мірнага грамадзянскага непадпарадкавання». З такіх радкоў пачынаўся маніфест, які распаўсюджвалі зняволеныя Бабруйскай калоніі пасля выбараў 2020 года.

Інфармацыя пра выбары і вулічныя пратэсты 2020 года да зняволеных у ПК № 2 Бабруйска даходзіла паступова: праз званкі, навіны ў газетах і па ТБ, лісты. Да 12 чысла атмасфера напалілася настолькі, што ў ноч на 13 жніўня на адным з лакальных участкаў калоніі адбыўся мітынг — больш за 500 зняволеных выйшлі ва ўнутраны двор выказаць свой пратэст.

— Бунт быў выплескам хвалявання за свой тэрмін, за бацькоў, якія дзявятага мітынгавалі, і гэтак далей. Больш гэта тычылася тых, чые бацькі былі ў супольнасцях накшталт «Маці 328», — распавядае пра падзеі той ночы Ігар (імя зменена па просьбе героя), былы зняволены бабруйскай папраўчай калоніі № 2. — Яго падтрымалі і іншыя лакальныя ўчасткі — усяго больш за тысячу чалавек па зоне дакладна выйшла.

Мітынг працягваўся ўсю ноч — людзі стаялі, выкрыквалі лозунгі. «Гэта было стыхійна, ніякага агульнага плану не было, адбыўся эфект натоўпу», — успамінае Ігар.

На наступную раніцу зняволеныя выявілі, што рэакцыі на іх дзеянні не было, і ўжо на другі ды трэці дзень на іншых лакальных участках калоніі выходзіла ўсё больш і больш людзей.

Адным з удзельнікаў пратэсту ў ПК № 2 быў Уладзіслаў Вакульчык — у красавіку 2019 года мужчыну асудзілі на 9 гадоў калоніі па 328 артыкуле КК (пазней з-за зніжэння ніжняга парога па артыкуле тэрмін паменшылі да 7 гадоў) за дзікарослыя каноплі на ягоным дачным участку. Ягоная жонка Вольга Вакульчык пра хваляванні ў калоніі даведалася з відэа ў тэлеграм-каналах — і адразу занервавалася.

— Муж даслаў ліст і распавёў, як асуджаныя пачалі даведвацца пра падрабязнасці падзей 9 жніўня, — зразумела, што быў мандраж і ўсіх каўбасіла. І ён кажа: «Я бачу гэтую агрэсію ў людзях, і ў мяне нарадзілася думка, што мы таксама павінны выказаць салідарнасць з пратэстоўцамі». Ён склаў маніфест, з іншымі зняволенымі ад рукі напісалі ўлёткі і распаўсюдзілі па ўсёй зоне. У іх не ўтрымлівалася ніякіх заклікаў да гвалту. Адзінае, што сабе дазвалялі зняволеныя, — увечары пасля адбою не спалі, а пляскалі ў далоні, крычалі лозунгі і гэтак далей. Ніхто нічога не хапаў, не ламаў.

Той самы маніфест з ліста Уладзіслава жонцы. У гэтым жа лісце ён пісаў: «Я бачыў, як у людзях пачынаюць закіпаць не самыя мірныя настроі, запахла бітым шклом, арматурай і крывёю — ну гэта я метафарычна, увогуле, агрэсіяй. Да мяне прыйшло разуменне, што трэба <…> гэтую энергію накіраваць у больш мірнае рэчышча. Вельмі хутка «на каленцы» былі складзеныя агульныя тэзісы, якія наштурхоўваюць на пэўны эмацыйны лад». Фота з архіва суразмоўцы.

Са слоў Ігара, які ўдзельнічаў у падзеях, хваляванні ў калоніі доўжыліся чатыры дні: з 13 па 16 жніўня. Усё адбывалася спантанна: Вакульчык не кантраляваў працэс, пасля яго пачатку «агрэсіўныя людзі зрынулі яго ў бяздзейнасць». Але Уладзіславу належала ідэя маніфесту — і, магчыма, менавіта з-за гэтага адміністрацыя калоніі палічыла яго лідарам бунту. Хоць ні ён, ні іншыя зняволеныя не ўзначальвалі пратэст. Наадварот, кажа ён, маніфест быў спробай знізіць узровень агрэсіі і перанакіраваць энергію людзей, «якія шэптам абмяркоўвалі магчымасць узяць у рукі ножкі крэслаў і жалезныя ложкі».

— На яго не азіраліся, — распавядае Ігар. - Толькі набліжаныя да яго далей з ім раіліся, што рабіць. Трое іншых зняволеных, якія вялі ўсіх за сабой, не пыталіся ў яго парады. Калі да яго ўсё ж нехта падыходзіў, ён чамусьці казаў заставацца далей ад падзей. Ён вельмі моцна «загнаўся»: думаў, што [у калонію] увядуць войскі і ўсіх «пакладуць», а людзі яго не слухалі і многія правакавалі «адмінаў». Усе заўважылі, што да самага канца яго не было відаць.

У адміністрацыі калоніі, мяркуючы па ўсім, спачатку разгубіліся і не ведалі, што з усім гэтым рабіць. Яўген Бубіч, начальнік ПК № 2, успамінае Ігар, з самага пачатку казаў, што зняволеных караць не будуць. А калі прыезджыя прадстаўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў збіралі людзей і «палохалі» іх, начальнік калоніі казаў не баяцца. Ён жа, распавядае Вольга са слоў свайго мужа, не пусціў у калонію вайскоўцаў.

— Вайскоўцы ўжо стаялі пад плотам і гатовыя былі задушыць «паўстанне», але Бубіч з імі дамовіўся, што зняволеныя супакойваюцца, нічога не адбываецца і ім за гэта нічога не будзе, — распавядае жанчына.

А вось начальства з Мінска аказалася не такім лаяльным. Яно прыехала аператыўна — ужо ў першую ноч пасля пачатку хваляванняў. Адміністрацыя калоніі палічыла лідарамі «бунту» Вакульчыка з яшчэ некалькімі зняволенымі, і ўжо 14 жніўня ізалявала іх ад астатніх. Праўда, успамінае Ігар, гэта не дапамагло.

— Калі завадатараў ізалявалі, гэта нічога не спыніла, — кажа ён. — Лакальныя ўчасткі па чарзе выбухалі ў гэтай эйфарыі ўсёдазволенасці, але энтузіязм ні ў што сур'ёзнае не выліваўся. Хоць хтосьці выстаўляў на «агульнае» цыгарэты, хтосьці варыў вёдрамі чай — і ўсе пілі. Гэта былі спробы людзей падоўжыць час свабоды. Асабліва актыўнымі былі забяспечаныя зэкі з вялікімі тэрмінамі, хто хацеў пераменаў.

Тады, успамінае суразмоўца, начальнік калоніі вырашыў зрабіць па-іншаму: 16 жніўня «завезлі ў зону «продкаў» па «зялёнай». Тут Ігар кажа пра бацькоў асуджаных па 328 артыкуле КК — значную частку прысудаў па гэтым артыкуле выносяць маладым людзям да 21 года. Гэтую інфармацыю блогу «Отражение» пацвердзіў яшчэ адзін былы зняволены той калоніі Андрэй (імя суразмоўцы змененае): з ягоных слоў, супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў тэлефанавалі бацькам і «прасілі іх прыехаць у Бабруйск і суцішыць дзяцей». Абяцалі, што з вязнямі ўсё будзе добра. Бацькі прыехалі, пагутарылі з дзецьмі — і дамовіліся, што нікога караць не будуць. На гэтым сітуацыя супакоілася — калі глядзець збоку.

Папраўчая калонія № 2 у Бабруйску, у якой у жніўні 2020-га адбываліся хваляванні.

А вось унутры калоніі пачаўся ціск: адміністрацыя збірала паказанні і подпісы, масава выклікалі на допыты асуджаных. На аснове гэтых папер, са слоў былых зняволеных, многіх удзельнікаў хваляванняў пасля асудзілі па артыкулах 410 (дзеянні, што дэзарганізуюць працу папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі) і дадалі па некалькі гадоў калоніі.

Што цяпер з удзельнікамі хваляванняў у Бабруйскай ПК № 2: «Яму толькі адзін раз далі патэлефанаваць, летась у сакавіку»

Пра сур'ёзныя наступствы хваляванняў у калоніі блогу «Отражение» распавёў яшчэ адзін былы вязень той самай ВК Іван (імя героя зменена). Праз паўтара года пасля падзей ён даведаўся ад сваіх знаёмых, што практычна ўсе, з кім малады чалавек меў зносіны ў Бабруйску, атрымалі 411-ы артыкул, плюс год-два да тэрміну і «з'ехалі на крытыя зоны». «Крытая зона» — так званы закрыты рэжым для зняволенага, пры якім ён знаходзіцца не ў калоніі, а ў турме або памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

Якраз у такім вялікую частку часу за мінулыя паўтара года знаходзіўся Уладзіслаў Вакульчык, распавядае ягоная жонка. Зараз ён знаходзіцца ў калоніі строгага рэжыму ў Горках — і амаль увесь час яго пераводзяць з СІЗА ў ПКТ і наадварот.

— Яму толькі адзін раз далі патэлефанаваць, летась у сакавіку. Адзін раз у нас атрымалася перадаць перадачу: мы злавілі момант, калі тэрмін знаходжання ў ПКТ скончыўся і яго перамяшчалі на нейкі час у атрад. Яму дазваляюць па мінімуму траціць грошы, закупляючыся ў «атаварцы», на месяц дазваляюць 25 або 50 рублёў, вельмі мала. Увогуле, прэсуюць.

Фота ілюстрацыйнае.

Цяпер у мужчыны з'явіліся праблемы са здароўем — Вольга распавядае, што ён скардзіцца на мігаценне ў вачах. Да мясцовых лекараў звяртацца бессэнсоўна, піша Уладзіслаў, «у іх на ўсё адзін адказ або адна таблетка», таму цяпер суразмоўца піша лісты ў Міністэрства аховы здароўя, каб яе мужу ўсё ж дазволілі паўнавартаснае абследаванне. Псіхалагічны стан у зняволенага таксама не самы лепшы:

— Год у адзіноце, само сабой, душыць. А яшчэ калі не даюць мець зносіны з роднымі, лісты не прапускаюць … мае даходзяць, па-мойму, усе, а вось яго — з прамежкамі ў 5-10 «нумароў». Што ён там піша і чаму іх забараняюць — незразумела, — дзеліцца жанчына.

Суд па 411 артыкулу над Уладзіславам прайшоў у канцы мая 2021 года. Тады Вользе сказалі, што яму дадалі яшчэ паўтара года, і на сённяшні момант яе мужу засталося пяць гадоў і тры месяцы калоніі. Менш не будзе, упэўненая яна — ніякага УДВ або «хіміі» мужу не дадуць (пасля адбыцця паловы тэрміну зняволеныя могуць пісаць заяву, каб іх перавялі ва ўстанову адкрытага тыпу). А пад амністыю яму патрапіць «не далі», пісаў Вакульчык у лісце.

Падобная гісторыя адбылася і з іншымі зняволенымі, якіх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў хваляваннях 13-16 жніўня. Дакладна вядома пра траіх чалавек, з якімі быў знаёмы Ігар, — аднаму дадалі два гады і перавялі на «закрыты» рэжым, яшчэ дваім «накінулі» па тры гады калоніі. Пра астатніх інфармацыя ўскосная: Вользе перадавалі, што амаль усіх, хто ўдзельнічаў, «растасавалі «(перавялі ў розныя турмы), дадалі тэрміны.

Як пераводзілі зняволеных: «Беглі бягом, каб з зэкамі па шляху не сустрэцца — мала што, адбілі б яго»

— Мне начальнік калоніі сам асабіста казаў у вочы: «Вы не хвалюйцеся, ніякіх наступстваў не будзе», але аказалася ўсё нашмат больш сур'ёзна, — распавядае Вольга.

Вернемся да падзей жніўня 2020 года. Па сцвярджэннях суразмоўцаў можна выказаць здагадку, што начальнік калоніі Бубіч сапраўды спрабаваў урэгуляваць канфлікт — пра гэта казалі і Ігар, і Андрэй, і Вольга. Але рэпрэсіі ўсё ж былі — мабыць, па рашэнні вышэйстаячых органаў.

Для большасці зняволеных наступствы жнівеньскага пратэсту скончыліся пераводам у іншыя калоніі, закрытым рэжымам і павелічэннем тэрмінаў. Невядома, ці пазбаўляюць іх сувязі з блізкімі ды іншымі вязнямі, як Уладзіслава Вакульчыка, абмяжоўваюць у перадачах. Затое вядома, якім менавіта чынам Уладзіслава пераводзілі з ПК № 2. Гэтую гісторыю «Отражению» распавялі і Андрэй, і Ігар. Па іх словах, Вакульчыка везлі тэрмінова 22 жніўня. Мужчыну забралі падчас абеду ўсяго за сорак хвілін, расказвае Ігар.

— Бегам беглі, каб з зэкамі па шляху не сустрэцца — мала што, адбілі б яго. Ён жа сам прыдумаў зэкаў выцягваць, калі б іх вырашылі забраць, і пра гэта ў праграме мітынгу паказаў, — кажа суразмоўца.

Абодва былых зняволеных кажуць, што Уладзіслава забралі ў медчастку, дзе, як мяркуецца, укалолі галаперыдол (моцны заспакаяльны прэпарат) — пра гэта ён сам, па словах суразмоўцаў, пракрычаў іншым зняволеным. І пакуль усе былі ў сталовай, мужчыну ў практычна несвядомым стане «загрузілі» ў аўтазак, а пасля павезлі ў Наваполацк.

Перавод быў сапраўды раптоўны і без рэчаў — пра гэта кажа жонка Вольга. 1 верасня 2020 года яна прыехала на спатканне да мужа, але Уладзіслава ў калоніі ўжо не было — начальнік сказаў тады, што яго проста павязуць на медабследаванне, таму што ён сябе неадэкватна паводзіць. Частку рэчаў Вольга забірала ў Бабруйску са склада, а частку, як сказала, адправілі на новае месца ў калоніі — але зняволены іх так і не атрымаў.

У Наваполацку мужчына знаходзіўся практычна год — і амаль увесь гэты час Вакульчык, якога абяцалі не чапаць, правёў у ПКТ. Гэта ж працягнулася ў Горках. Перад Новым годам ён адсядзеў у штрафным ізалятары 10 сутак, выпусцілі мужчыну толькі 31 снежня. І нягледзячы на ўсе абяцанні пра адсутнасць наступстваў, прагнозы на будучыню ў Вольгі невясёлыя:

— Мы ўжо баімся, што яму рыхтуюць чарговы 411 артыкул, і будуць дадаваць і дадаваць, пакуль ён… не ведаю, чаго ад яго хочуць.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера