Знайсці
17.01.2022 / 01:23

Новае з допісаў Андрэя Скурко: хто будзе перажываць пекла, што цікавага ў «БГЧ» і лёс Марціна Кухты

Вясёлыя і філасофскія ўрыўкі з лістоў нашаніўца да родных.

На гэтым тыдні ў нас нейкі час быў тэлевізар — даўно забытыя ўражанні… Я быў вельмі рады, калі зноў забралі.

Уразіла, што за тыя некалькі месяцаў, якія тэлевізара не было, не змяніўся (і не абнавіўся) нават плэй-ліст у ранішніх шоу.

Хоць агулам, здаецца, нервознасці паменела ў параўнанні з летам-пачаткам восені.

* * *

Раптам зразумеў, што не трымаю зла ні на каго з тых, каму трэба «дзякаваць» за сённяшняе. Павер, яны і цяпер перажываюць пекла, і пасля з ім застануцца, калі для нас ужо ўсё скончыцца.

* * *

Пытанне прышчэпак падзяліла грамадства выяўна, я гэта і тут назіраю.

Напэўна, у будучыні, падчас прыёму на працу, можна будзе задаваць пытанне: «Ці рабілі вы прышчэпку? Калі не, то чаму?» Каб праверыць ступень адэкватнасці.

Прычым часта гэта праяўляецца ў, здавалася б, людзей з сучасным мысленнем і вышэйшай адукацыяй. Але часта за гэтым стаіць не столькі цемната, колькі недавер да сістэмы. «Хто іх ведае, што яны туды маглі падсыпаць», — як казаў прафесар Праабражэнскі пра савецкую кілбасу.

* * *

Ведаю, што многія добрыя людзі цяпер вымушаны шукаць новую працу. Мне здаецца, адна з каштоўнасцей, якую можна вынесці з гэтай сітуацыі — мёртвае адмірае, а жывое трансфармуецца і працягвае жыць.

Хоць у кароткатэрміновай перспектыве гэта, канечне, выклікае нязручнасці і часам пакуты. Іх гісторыя нагадала выпадак з Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім [выдатны беларускі гісторык, якога ў 1970-я на некалькі гадоў па палітычных матывах звольнілі], якога некалі таксама звольнілі з Акадэміі навук, а праз некалькі год усё стала на месцы.

* * *

Не тое што траўмы — страшна сказаць, але ў мяне, здаецца, нават стрэсу няма. Я цвёрда ведаю, што ні ў чым не вінаваты, а знаходжуся тут — як і многія іншыя — проста таму, што час такі.

* * *

У выпадку Напалеона — перамога над ім была б немагчымай без самаахвярнай барацьбы. У Іспаніі літаральна ўвесь народ падняўся супраць французскіх захопнікаў, што змусіла Напалеона трымаць там вялікае войска, расцярушваючы сілы. (І гэта прытым, што кароль Іспаніі капітуляваў адразу.) «Рускі паход», як і ўварванне ў Іспанію, Напалеон пасля называў сваёй найбольшай памылкай.

* * *

Гэтая сітуацыя добра высветліла, хто ёсць хто, і хто чаго варты.

* * *

Тут прасцей тым, хто мае чым сябе заняць.

* * *

Добра, што ўсе гэтыя падзеі прыпалі на такі ранні век Тамаша. Мо ён гэта і не запомніць. І я неймаверна шчаслівы, што вы ў мяне ёсць, што ў мяне такая сям’я.

* * *

Серыялы новыя, канечне, няпростыя. Мы, думаю, з якіх-небудзь менш складаных пачнём. Зрэшты, можа, той «Покліч пекла» і не такі загрузны, калі яго глядзець… Гледача ўсё цяжэй нечым уразіць. Гадоў 150 таму хапала прыбыцця поезда на станцыю.

* * *

Пісаў табе ўжо, што новы нумар «Іностранной літературы» даволі ўдалы (у рамане Сцяпана Твардаха «Морфій» пра Варшаву 1939-га згадваецца нават возера Мядзел у Пастаўскім павеце і як паны там адпачывалі).

Сёння хачу пахваліць «Беларускі гістарычны часопіс». Трус напісаў змястоўны матэрыял пра Марціна Кухту і яго сям’ю.

У яго быў унук, якога ён вельмі любіў. Калі ў Кухты была сустрэча з акцыянерамі і прыходзіла нянька з малым, ён казаў: «Размова закончана, усе свабодныя, да мяне прыйшоў унук!» Яшчэ запомнілася, што ён пасля смерці першай жонкі ажаніўся са служанкай, якая доўгія гады ў іх працавала. Яна была руская і прывучыла ўсіх піць чай з варэннем:) Хоць у цэлым сям’я яе не прыняла. Кухта пражыў за 80 год і пахаваны ў Коўне. Бальшавікі яго не чапалі, бо напярэдадні іх прыходу ён збанкрутаваў.

Таксама ў «БГЧ» з цікавага — артыкул Калечыц пра графіці ў Спаса-Праабражэнскай царкве, Моніч пра выставу экспанатаў з музея Луцкевіча (шкада, фоткі чорна-белыя, але можна ўявіць маштаб. А каляровыя ты мне прысылала. А яшчэ артыкул Дзмітрыя Скварчэўскага пра звычай збіраць каляду і валачобнае ў ВКЛ.

Аказваецца, да 18 стагоддзя прыхаджане (сяляне) у абавязковым парадку здавалі грошы і прадукты на касцёл і царкву на Каляды («кміну фунт, разынек фунт, шафрану лот, цукру робленага для дзяцей фунт, абаранкаў асм» і г.д.) Таксама і грошы здавалі. У часы Расійскай імперыі гэта адмянілі, але застаўся звычай аддаваць частку накалядаваных прадуктаў святару.

Цікава таксама, што слова «валачобнік», піша аўтар, утварылася ад volok (ахвяра, паводле Сяргея Санько), слова нібыта звязанае этымалагічна з alkes («святы лес» па-літоўску). Наконт этымалогій не ведаю, але тое, што плацілі, пацвярджаецца шматлікімі дакументамі. Гэта прымушае па-новаму зірнуць на некаторыя «старажытныя паганскія звычаі». Магчыма, калядаванне заглохла б і не дайшло б да нашага часу, каб не падтрымлівалася такім чынам. Халера, у нас жа таксама кажуць «поп ездзіць на калядзе» — калі бацюшка ходзіць свяціць хаты пасля Вадохрышча!.. Словам, цікава. Пры выпадку перадавай рэдакцыі прывітанне і падзяку.

* * *

Сумную кнігу Хёга («Умоўна прыдатныя») я і не чытаў да канца. Аддаў суседу. А потым выпісаў яму Швейка ў якасці кампенсацыі. Чытае, смяецца. Перачытваю і я. «Швейку очень везло. Он очутілся среді представітелей разлічных восточных народов. В эшелоне ехалі калмыкі, грузіны, армяне…» Гэта пра тое, як Швейк вырашыў памераць пакінутую рускую форму і трапіў у палон да сваіх.

* * *

Падтрымайце палітзняволеных нашаніўцаў лістом, паштоўкай, грашовым пераводам ці пасылкай. Гэта можна зрабіць па адрасе: 

СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030. 

Скурко Андрэй Генадзевіч

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31